А вы ведаеце, што такое рэзгіны?
Станіслаў Курыла пасмяяўся з рэдакцыйнай падказкі пра тое, што гэтая прылада не прызначана для лоўлі рыбы:
«Рэзгінямі можна злавіць хіба што кіта ды кракадзіла. Ці акулу, калі яна заплыве ў нашы рэчкі».
Тым не менш, памылковы адказ на 18-е заданне конкурсу ўсё ж здарыўся. Наталля Шумарава палічыла, што на здымку – пастка для лоўлі хатніх і дзікіх птушак. Магчыма, нехта выкарыстоўваў рэзгіны і такім чынам. Прынамсі, Наталля Блахіна паведаміла, што ў дзяцінстве выратавала кацяня, якое заблыталася ў рэзгінах, якія віселі ў хляве на сцяне. Тым не менш, асноўнае прызначэнне ў іх іншае.
Аляксандра Працута, як заўсёды, дакладна і падрабязна, з прыкладаннем схем і чарцяжоў, распісала, як рабілася і выкарыстоўвалася гэтая няхітрая, але зручная і карысная прылада.
«У многіх вёсках, каб разносіць жывёле сена, салому, выкарыстоўвалі рэзгіны. Імі таксама выносілі сена з лугоў, куды нельга было заехаць возам. Аснову рэзгінаў складалі два лучкі, выгнутыя дугой і зробленыя, як правіла, з ляшчыны. З тонкіх вяровак спляталі сетку з вялікімі квадратамі і замацоўвалі на лучкі. Іх знешні выгляд адлюстраваўся ў загадцы: «Маюць абручы і сетку, а не ловяць рыбы ўлетку». У цэльным вырабе палавінкі добра згіналіся і разгіналіся – адсюль, верагодна, і назва.
Рэзгіны раскладвалі на зямлі, на сетку складвалі салому ці сена, лучкі сцягвалі вяроўкай і закідвалі паклажу на плечы».
«Хто ў сенакос рыбачыць, той зімой з рэзгінамі жабрачыць» – высмейвае прыказка нядбайных гаспадароў.
Многія канкурсанты самі карысталіся рэзгінамі і з задавальненнем падзяліліся ўспамінамі.
«Наша хата стаяла на ўскрайку крутога абрыву. Калі тата касіў унізе траву, яе, як падсохне, выносілі наверх і там дасушвалі. Бацькі насілі посцілкамі, а я, малая – рэзгінамі», – успамінае Алена Качан.
«Мы з мужам гадоў з 10 жылі ў Смілгах, трымалі гаспадарку – яна, лічы, і была асноўнай крыніцай даходаў. Муж сам рабіў рэзгіны. Зручна! У посцілку шмат не пакладзеш. А тут лёгка і добра!» – расказала Леанарда Якель.
«У канцы нашага гароду былі зараснікі чаромхі. Памятаю, бацька выразаў з яе дубцы метры па паўтара, згінаў іх, злучаў паміж сабой, затым нацягваў сетку. У рэзгінах насілі сена, салому. Канём не ўсюды даедзеш, ды і калі трава непадалёк, то навошта сіўку запрагаць? Прасцей і зручней прынесці. Бывала, глядзіш: ідзе капа, толькі ногі тырчаць. А гэта чалавек у рэзгінах сена нясе», – падзяліўся Генрых Лукашэвіч.
«Я такую прыладу ўпершыню ўбачыла, калі прыйшла замуж у Літвяны. Свёкры трымалі каня і карову, сена патрэбна было шмат, і калі яго сушылі непадалёк ад дому, то насілі рэзгінамі. Гэта вельмі зручна! Мы некалі з мамай і бабуляй цягалі траву ў посцілках – цяжка», – напісала Ларыса Нарэйка.
Некаму з канкурсантаў падалося, што слова «рэзгіны» простанароднае і не самае прыстойнае – напэўна, з-за таго, што яго часта ўжываюць, каб ахарактарызаваць не вельмі станоўчых асоб. «У вёсцы старэйшыя людзі і сёння часта кажуць пра надакучлівых гасцей ці тых, хто добра «насвяткаваўся»: «Хоць ты ў рэзгінах вынось! – піша Аляксандра Працута. – А пра нетрывалую тканіну ў вёсцы Цыбары Лідскага раёна казалі: «От, рэзгіны нейкія!»
Тым не менш, слова «рэзгіны» часта ўжывалі пісьменнікі – Аляксандра Працута прывяла некалькі цытат з твораў Янкі Брыля, Васіля Хомчанкі, Лукаша Калюгі ды іншых. І са спасылкай на «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», выдадзены ў 1984 годзе, падае прыклады ўжывання гэтага слова ў розных мясцовасцях, у тым ліку і ў астравецкай вёсцы Малі.
Словам, чытаць і слухаць адказы на чарговае заданне нашых канкурсантаў было цікава, пазнавальна, павучальна.
На гэтым этапе конкурсу 6 балаў атрымлівае Аляксандр Працута, 5 – Таццяна Бразевіч, 4 – Ірына Яновіч, па 3 – Станіслаў Курыла, Алена Качкан, Леанарда Якель, Генрых Лукашэвіч, Ларыса Нарэйка, Наталля Блахіна. Па 2 балы запісваюць на свой рахунак Марыя Янчэўская, Рэгіна Дрэма, Вікторыя Пляўга, Ілья Сымановіч, Пётр Станкевіч, Ларыса Гаваноўская, па адным – Уладзімір Лукойць, Аляксей Бабанюк, Вольга Сянюць, Анастасія Астроўская, Дзіма Сапач, Сабіна Шч.
Фота Ірыны ЯНОВІЧ.
