Аўтамабільны парк №4 сочыць за транспартам у рэжыме рэальнага часу
Зараз за прыгараднымі і міжгароднімі аўтобусамі аўтамабільнага парка № 4 будуць сачыць у рэжыме рэальнага часу, дзякуючы ўкараненню на прадпрыемстве аўтаматычнай сістэмы дыспетчарскага кіравання фірмы “БелТрансСпутнік”.
На чатырнаццаці аўтобусах аўтамабільнага парка №4 устаноўлены модулі кантролю месцазнаходжання транспарту. Сістэма ажыццяўляе кругласутачны маніторынг тэхнікі па спадарожніку і базавых станцыях сотавай сувязі і перадае на камп’ютар дыспетчара аўтапарка інфармацыю аб тым, дзе зараз знаходзіцца аўтобус, з якой хуткасцю ён рухаецца, дзе рабіў прыпынкі, расход паліва. Акрамя таго, можна з лёгкасцю выявіць прыпіскі прабегу, якія раней дазвалялі вадзіцелю “зліваць” паліва ў вялікай колькасці. Сістэма дыспетчарскага кіравання нават выяўляе, як вадзіцель адносіцца да аўтамабіля: рэзкія тармажэнні, нядбайны праезд выбоінаў і многае іншае – усё гэта адаб’ецца на адзнацы вадзіцелю за адносіны да тэхнікі.
– Прадпрыемства ўжо затраціла 28 мільёнаў рублёў на набыццё абсталявання, але работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца: у планах у наступным годзе аснасціць модулямі кантролю і грузавыя аўтамабілі, – расказвае інжынер па ахове працы і бяспекі руху аўтамабільнага парка №4 Аляксандр Гаеў. – Такім чынам, сёння мы бачым кожны крок вадзіцеля, і кожны рубель затрат кантралюецца. Калі раней, да прыкладу, пасажыр звяртаўся да нас з прэтэнзіяй, што аўтобус затрымаўся, праверыць абгрунтаванасць скаргі было немагчыма. Сёння, дзякуючы аўтаматычнай сістэме дыспетчарскага кіравання, гэтая інфармацыя стала празрыстай, і мы можам лёгка ўбачыць на маніторы камп’ютара, ці на самой справе ў той дзень аўтобус затрымаўся, ці пасажыр перабольшвае час спазнення. Трэба ж разумець, што ў дарозе ўсялякае здараецца, бываюць розныя пагодныя ўмовы, таму, калі транспарт прыехаў на 5 хвілін пазней – гэта даравальна. А вось калі аўтобус выехаў на 20 хвілін раней – гэта ўжо віна вадзіцеля і ён будзе пакараны. У любым выпадку, зараз усё будзе па-справядліваму.
Вольга ШОЎКУН.