А.Д. Ковалько выдвинут в кандидаты в члены Совета Республики Национального собрания
На сумесным пасяджэнні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў вылучаны старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч КАВАЛЬКА.
Выбары ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у якіх усе мы будзем прымаць удзел 23 верасня. Гэта яшчэ і выбары ў верхнюю палату парламента – Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Адбываюцца яны па іншай сістэме, чым у Палату прадстаўнікоў. Па восем членаў Савета Рэспублікі на сумесных пасяджэннях абласных выканкамаў і Саветаў дэпутатаў выбірае кожная з абласцей і горад Мінск, яшчэ восем сенатараў прызначае сваім Указам Прэзідэнт краіны. Зараз ідзе вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Тры паўночныя раёны Гродзеншчыны ў верхняй палаце парламента будзе прадстаўляць адзін сенатар.
У панядзелак на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў кандыдатам у члены Савета Рэспублікі быў вылучаны старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Прапаноўваючы кандыдатуру А.Д. Кавалькі, намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла адзначыў, што членам Савета Рэспублікі павінен быць чалавек эрудзіраваны, які добра ведае палітычную абстаноўку ў краіне, гаспадарчы механізм, і можа паўплываць на ход прыняцця прашэнняў і ўвасаблення іх у жыццё. Гэтыя якасці ў поўнай меры ўласцівы Адаму Дзмітрыевічу Кавальку. Віктар Збігневіч нагадаў прысутным, колькі добрых спраў зрабіў для раёна за дванаццаць гадоў, на працягу якіх ён узначальвае раённую вертыкаль, Адам Дзмітрыевіч Кавалька. За гэты час наш горад і раён, па сутнасці, пераўтварыліся, набылі не толькі новае аблічча, але і новую сутнасць.
Віктара Збігневіча падтрымалі і дапоўнілі члены раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў – І.Э. Тальчук, А.У. Янчэўскі, В.І. Тачоны, А.А. Мароз, М.Н. Ігнатовіч, Н.А. Рыбік. Усе яны адзначалі дзелавітасць, энергічнасць, гаспадарскі падыход да справы, нястомную працавітасць Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, яго кампетэнтнасць ва ўсіх пытаннях, імкненне да новага, да ўкаранення самых перадавых ідэй і тэхналогій.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька падзякаваў прысутным за добрыя словы і той давер, які яны аказваюць яму, і запэўніў, што, калі яго выберуць членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, то ён прыкладзе ўсе намаганні, каб Астравецкі раён, а таксама нашы суседзі – Ашмянскі і Смаргонскі раёны – мелі ад гэтага канкрэтную карысць.
Члены раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў аднагалосна вылучылі старшыню Астравецкага райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавальку кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
У гэты ж дзень адбыліся такія ж сумесныя пасяджэнні раённых выканаўчых камітэтаў і прэзідыумаў раённых Саветаў дэпутатаў у Смаргоні і Ашмянах, дзе таксама кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў вылучаны Адам Дзмітрыевіч Кавалька.