У Астраўцы аднаўляецца зона адпачынку

Вось ужо некалькі тыдняў на ўскраіне раёна шматкватэрнай забудовы па вуліцы Паркавай гарадскога пасёлка, у пойме рэчкі Кавалёўка, вядуцца актыўныя работы: працуе экскаватар, рабочыя высякаюць хмызняк, скошваюць зараснікі чароту…
Па праўдзе кажучы, са з’яўленнем у гэтым месцы высотных дамоў і новай добраўпарадкаванай вуліцы запусценне суседняй Кавалёўкі, што называецца, “рэзала вока”.
Аднак чым усё завершыцца? Навядзеннем элементарнага парадку ці нечым больш грунтоўным?
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерыя Эдуардавіча Сенюця.


— Многія жыхары гарадскога пасёлка, асабліва старэйшага пакалення, добра памятаюць, што некалі ў гэтым месцы існавала цудоўная – дарэчы, адзіная ў рысе горада – зона адпачынку з вадаёмам, пляжам і нават – лодачнай станцыяй!
Паводка 1975 года знішчыла дамбу, вада сышла, любімае ўсімі месца паступова прыйшло ў запусценне, а астраўчане сталі адпачываць пераважна ля мальскага става і на Янаўскім вадасховішчы.
Ідэя аднаўлення былога месца адпачынку належыць старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку.
Рэалізаваць яе планавалася да юбілею Астраўца ў 2008 годзе. Нават праект быў падрыхтаваны. Аднак з-за вялікага аб’ёму работ, якія адначасова праводзіліся па ўсім горадзе, у той час не хапіла ні сродкаў, ні сіл, ні часу…
— Дарэчы, за які кошт вядзецца будаўніцтва?
— За кошт сродкаў раёна. Безумоўна, іх спатрэбіцца нямала. Таму спадзяёмся, што свой пасільны ўклад у агульную справу ўнясуць прадпрыемствы і арганізацыі горада. Прычым зусім не абавязкова грашыма.
Нейкае прадпрыемства, напрыклад, можа вырабіць малыя архітэктурныя формы, хтосьці возьме на сябе выраб тратуарнай пліткі, лясгас мог бы дапамагчы альтанкамі і лавачкамі, “Радыёдэталь” - сметніцамі…
Карацей, кожнаму ёсць да чаго прыкласці рукі.
Маем надзею, што не застануцца абыякавымі да будаўніцтва і жыхары гарадскога пасёлка. Асабліва на заключным этапе, калі спатрэбяцца рабочыя рукі для падсыпкі, выраўнівання грунту, пасеву травы… Адпачываць жа тут будуць усе! Дык чаму не папрацаваць дзеля агульнай карыснай справы?!
— Што ў канчатковым выніку павінна атрымацца?
— Сучасная, добраўпарадкаваная зона адпачынку ў адзіным комплексе з тымі аб’ектамі, якія ўжо існуюць у лесапаркавай зоне: амфітэатрам, стыдыёнам, спартыўнымі пляцоўкамі.
Пойма Кавалёўкі будзе расчышчана і паглыблена. Менавіта гэтыя работы сёння вядуцца сіламі Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Далей – будаўніцтва дамбы, уладкаванне пясчанага пляжу па ўсёй берагавой лініі, будаўніцтва пешаходных дарожак, альтанак, лавачак…
Аднак гэта яшчэ не ўсё. На наступным этапе будзе абуладкавана ўся Кавалёўка да моста па вуліцы Валадарскага. Такім чынам з’явіцца адзіны комплекс гідратэхнічных збудаванняў.
Увогуле трэба сказаць, што гэтае месца проста створана для адпачынку! Побач – лес. Першыя работы па расчыстцы русла паказалі, што тут шмат крыніц. Акрамя таго, на ўсім працягу ў рэчку не скідваюцца ніякія прамысловыя адходы.
— Якой будзе плошча вадзянога люстра вадасховішча, яго шырыня, глыбіня?
— Але гаварыць аб гэтым пакуль рана. Усё будзе залежыць ад наяўнасці неабходных сродкаў.
— Калі плануецца завяршыць работы?
— Да канца бягучага года плануем закончыць расчыстку і заглыбленне поймы.
Сёння гэтыя работы вядуцца досыць актыўна. Сродкі стараемся выкарыстоўваць вельмі рацыянальна. Высечаны хмызняк, напрыклад, адразу здрабняецца і вывозіцца ў кацельню, дзе выкарыстоўваецца ў якасці паліва.
Вынятай з дна ракі зямлёй умацоўваем берагавую лінію, каб не вывозіць яе праз увесь горад.
Калі ўсё атрымаецца, то ў гэтым годзе будзе пабудавана і дамба.
— Грамадскае месца адпачынку ў рысе горада, канешне, рэч патрэбная і зручная. Аднак ці няма апасенняў, што добраўпарадкаваная тэрыторыя з часам будзе “засеена” пустымі бутэлькамі з-пад піва і ўпакоўкамі ад чыпсаў?
— Менавіта таму мы і маем намер максімальна прыцягнуць да ўдзелу ў будаўніцтве жыхароў горада. Хіба падымецца потым рука руйнаваць, захламляць тое, што некалі ствараў сам?!


Эдуард СВІРЫД.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.