Чым больш старонак у жыццёвым календары, тым часцей яго ўладальнікі гавораць, што кожны год мільгае, нібы хвіліна.
Вось і на кадендары астраўчанкі Марыі Кавальчук без пяці хвілін – стагоддзе: 95. Узрост, якому можна зайздросціць. А калі ўлічыць, як годна і прыгожа пражыла яго Марыя Філімонаўна, то і захапляцца. І ўзяць за прыклад для пераймання.
…6 снежня ў доме Марыі Філімонаўны не змаўкаў тэлефон, не зачыняліся дзверы: усе спяшаліся павіншаваць гаспадыню з юбілеем. Прыехаў з Мінска сын Валерый, патэлефанавалі здалёку ўнукі, завіталі былыя калегі з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Волк-Леановіч і Ніна Тумашчык. З прыгожым юбілеем прыйшлі павіншаваць ветэрана сельскагаспадарчай вытворчасці старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун і галоўны бухгалтар райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Марыя Станкевіч.
Было шмат прыгожых слоў, кветак, падарункаў, успамінаў – на жаль, не заўсёды прыемных, бо жыццё Марыя Філімонаўна пражыла нялёгкае. Але пры тым захавала душэўную прыгажосць і аптымізм, якімі сёння шчодра дзеліцца з маладымі.
▪ (Пра жыццё і лёс Марыі Кавальчук мы плануем расказаць у адным з нумароў «Астравецкай праўды»).