Прихожан, гостей Михалишек и служителей церкви объединил святой Антоний

фест Михалишки1Святога Антонія, успамін якога ўрачыста адзначалі вернікі і госці парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, многія з нас з дзяцінства успрымаюць выключна як добрага памочніка, які дапамагае адшукваць згубленыя рэчы… Гэты святы лічыцца яшчэ доктарам Касцёла, абаронцам і заступнікам бедных, цудатворцам, дзякуючы якому аздаравілася вялікая колькасць людзей…
Дзіцячае ўяўленне пра святога Антонія ў дзень яго ўспаміну спраўдзілася: адпраўляць урачыстую імшу ў Міхалішках прыехаў юбіляр з Дзятлава, былы пробашч Варнянскай парафіі Здзіслаў Пікула, якога да гэтага часу многія вернікі часта ўспамінаюць добрымі словамі і ўзгадваюць у сваіх малітвах.

Дарэчы сказаць, Міхалішкаўскі касцёл святога Міхала Арханёла – бадай што адна з нямногіх святынь на Астравеччыне, дзе з даўніх часоў урачыста адзначаюць не толькі ўспамін свайго патрона, але і святых Антонія і Ганны. Каб ушанаваць іх, вернікі з усёй акругі едуць у Міхалішкі.


У панядзелак з раніцы, яшчэ да пачатку імшы, у касцёле пачалі збірацца людзі: дзяўчынкі і хлопчыкі, якія сёлета даходзілі да першай камуніі, былі ўбраны ў белыя строі; жанчыны паважанага ўзросту, як таго і патрабуе традыцыя вялікіх касцёльных святаў, пакрылі свае галовы белымі хусцінкамі. А калі ў храм пачалі прыбываць святары, бабулі, як і ў маім дзяцінстве, калі ксёндз лічыўся галоўнай асобай у мястэчку, з затоеным дыханнем праводзілі іх позіркам.
На чале з дэканам Астравецкага дэканату, канонікам, ксяндзом Юзафам Багдзевічам у Міхалішкі прыехалі вікарый касцёла святых Космы і Даміяна Дзмітрый Папянюк, гервяцкі пробашч Леанід Нясцюк, пробашч парафій у Клюшчанах, Вялікіх Свіранках і Жукойнях-Жалядскіх Павел Гардзейчык, гудагайскія айцы-кармеліты Казімір, Леанард, Пётр, пробашч з Кямелішак Раман Ялоўчык і дэкан з Солаў Леанард Станкоўскі. У гэты дзень касцёл святога Міхала Арханёла (ці сам
святы Антоній?) сабраў на ўрачыстасць адзінаццаць святароў.
Напачатку імшы пробашч Міхалішкаўскай парафіі Анатоль Захарэўскі прывітаў прысутных, падзякаваў святарам і прыгадаў, што ксёндз Здзіслаў Пікула, які ў свой час працаваў у тым ліку і ў Міхалішках, у суботу адзначыў шасцідзесяціпяцігоддзе з дня нараджэння.
Супольнай малітвай распачалася імша ў гонар святога Антонія. Нягледзячы на тое, у касцёле сабралася не вельмі шмат людзей (магчыма таму, што быў будні дзень), тут панавала шчырая малітва і атмасфера еднасці, па ўнутраных адчуваннях такая ж, як і некалі ў маім дзяцінстве ў Варнянскім касцёле.
Казанне ксяндза Здзіслава Пікулы, як і заўсёды, было шчырым, пранікнёным і ішло ад душы святара да сэрцаў вернікаў.
– Мы прыходзім да Пана Езуса, каб раздзяліць з ім радасць ад сваёй працы, жыцця. Я ўдзячны Богу за дар святарства. Я ўдзячны дэкану ксяндзу Юзафу, віцэ-дэкану ксяндзу Анатолю і ўсім айцам –маім братам, з якімі разам працаваў на Астравеччыне на ніве святарства. Я ўдзячны ўсім парафіянам. Памятаю, калі ўпершыню прыехаў у Міхалішкі, мяне сустрэлі хлебам і соллю – я дзівіўся, якія тут добрыя і шчырыя людзі жывуць, – прамаўляў ксёндз Здзіслаў Пікула. – Значны перыяд майго жыцця звязаны з Астравецкім краем, і сёння я прыехаў падзякаваць вам, памаліцца за вас і разам з вамі.
У гаміліі святар прыгадаў жыццё і справы святога Антонія Падуанскага і заклікаў вернікаў браць з яго прыклад не толькі ў Год міласэрнасці, але і па жыцці: чуць нямых, бачыць глухіх і дапамагаць патрабуючым.
Шчырым “Ойча наш” аддзячылі вернікі за цудоўную прамову ксяндзу Здзіславу. А завяршылася імша традыцыйнай урачыстай працэсіяй: каля касцёла плылі ветразі харугваў з выявамі святых, а дарогу перад ксяндзом, які ў сваіх руках трымаў Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзяўчаты высцілалі жывымі кветкавымі пялёсткамі.
Пасля імшы людзі пацягнуліся да алтара, каб павіншаваць юбіляра з днём нараджэння. Безліч кветак і цёплых слоў было падорана ксяндзу Здзіславу Пікуле.


Святы Антоній Падуанскі, чый успамін урачыста адзначаўся ў гэты дзень, зрабіў яшчэ адзін цуд: падарыў удзячным вернікам з Міхалішак, Варнян, Вароны, Быстрыцы і іншых вёсак магчымасць сустрэцца, павіншаваць з юбілеем і сказаць шчырае “дзякуй” за душпастырства на працягу чвэрці стагоддзя мудраму святару і добраму чалавеку ксяндзу Здзіславу Пікуле.


Алена ГАНУЛІЧ