Что знают дети о Деде Морозе?

Усім людзям, незалежна ад узросту і займаемай пасады, у навагоднія святы хочацца верыць у цуды і ў таго, хто гэтыя цуды нам дорыць. І калі дарослыя добра ведаюць, хто такі Дзед Мароз, і ўжо не першы год запар вітаюцца з ім як з найлепшым сябрам – асабліва калі паглядзяцца ў чароўнае люстэрка, то дзеці могуць толькі слухаць, што гавораць пра самага вялікага ў свеце чараўніка бацькі, аб нечым здагадвацца, а нешта, калі ім не хапае інфармацыі, прыдумаць…

Вось мы і вырашылі пацікавіцца ў нашых дзетак, што яны ведаюць пра Дзеда Мароза, і адправіліся ў астравецкі дзіцячы сад “Дубок”.
– Хто з вас ведае, хто такі Дзед Мароз?
ВасилевичДаша Лукша: – Я! Гэта такі дзядзька. Ён падарункі прыносіць маме і тату. А яшчэ дзецям.
Карына Кастрама: – Не, гэта дзед стары – у яго сівая барада! Ён заўсёды з дзяўчынкай ходзіць – яна дапамагае яму падарункі раздаваць.
Жэня Карагода: – Так, ён вялікі і яму шмат гадоў. Колькі? Мабыць… пяць!
– Да вас кожны год Дзядуля Мароз у госці прыходзіць?
Разам: – Так!
Аня Арлоўская: – І кожны раз з барадой. Ён не голіцца зусім. І ён прынёс мне прас! Праўда, даўно гэта было…
КастромаДаша Лукша: – А я прыдумала, што мне ён у гэтым годзе прынясе: каня і насарога з “Монстр Хай”. Маме неяк на Новы год ён прынёс каструлі.
Жэня Карагода: – А мне Дзед Мароз калі-небудзь падорыць машыну – пажарную. Вялікую і…сапраўдную!
– Што трэба зрабіць, каб Дзядуля Мароз пра вас не забыўся і завітаў у госці?
Ліза Васілевіч: – Напісаць!
Аня Арлоўская: – Намаляваць што-небудзь і адправіць!
Жэня Карагода: – А мне тата Вадзім з Гудагая падарыў машыну з пульцікам! Толькі чамусьці Дзеда Мароза ён па дарозе не сустрэў. Мабыць, яны размінуліся.
Корогода– Дзе Дзед Мароз бярэ падарункі?
Даша Лукша: – У мяшку – вялікім такім, чырвоны!
Карына Кастрама: – У яго ёсць вялікі пакой, куды ён заходзіць і напаўняе свой мяшок цацкамі. І ён рыхтуе падарункі кожнаму таксама там. У нас гэты пакой – у зале!
Жэня Карагода: – Дзед Мароз складвае ўсе падарункі ў вялікія скрынкі, упрыгожаныя стужкамі, – каб мы маглі адкрыць іх і нешта цікавае дастаць.
Ліза Васілевіч: – Ды не! Ён іх сам робіць, і Снягурка яму дапамагае.
– Дзе жыве Дзед Мароз?
Даша Лукша: – На небе!
ЛукшаЖэня Карагода: – Дзед Мароз жыве на ёлцы – самай высокай у свеце!
Ліза Васілевіч: – У Арктыцы! Дзе холадна і снег.
Аня Арлоўская: – Не, на Поўначы!
Даша Лукша: – Там яшчэ экскурсіі праводзяцца: дзяўчынкі з Дзедам Марозам на санках едуць, а хлопчыкі – са Снягуркай.
– Што вы пажадаеце Дзядулю Марозу?
Карына Кастрама: – Запісак ад дзяцей!
Ліза Васілевіч: – Дзякуй скажу – за падарункі і што ў госці прыходзіць.
ОрловскаяЖэня Карагода: – Каб падарункаў нам больш прыносіў – і маме, і тату, і ўсім…
Даша Лукша: – Каб не хварэў і жыў доўга.
Ліза Васілевіч: – І чароўнага пылку пабольш, які ў мульціках бывае.
Разам: – І каб ён зноў хутчэй да нас прыйшоў!

Запісала Алеся ВОЛІНА