5 января профессиональный праздник работников социальной службы

Дапамога маламаёмасным, прызначэнне і выплата сацыяльных пенсій і дапамог, абслугоўванне адзінокіх састарэлых грамадзян – гэта толькі некаторыя задачы, якія штодзённа даводзіцца выконваць супрацоўнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Указам Прэзідэнта краіны з 1998 года ўстаноўлена, што Дзень сацыяльных работнікаў адзначаецца 5 студзеня. Сёлета таксама спаўняецца 95 гадоў з дня фарміравання сацыяльнай службы.
Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Астравецкага райвыканкама, каб пазнаёміцца з людзьмі, што тут працуюць, і сустрэцца з начальнікам упраўлення Святланай Мікалаеўнай Івановай.


– Ваша прафесійнае свята амаль супадае з заканчэннем года, калі падводзяцца яго вынікі. Якім быў мінулы год для вашай арганізацыі?

– Год быў складаны. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што сёлета прайшла аптымізацыя сацыяльнай службы: нас скарацілі, а работы менш не стала. Таму сёння, зрэшты, так было і заўсёды, ва ўпраўленні працуюць невыпадковыя людзі. Рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў сучасных умовах патрабуе актыўнага развіцця новых механізмаў, форм і метадаў, заснаваных на прадастаўленні грамадзянам сталага ўзросту і інвалідам неабходнага комплексу сацыяльных паслуг, аказанні розных відаў дапамогі і стварэнні ўмоў для сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі грамадзян. На працягу года мы ажыццяўлялі комплекс арганізацыйна-практычных мер, накіраваных на паляпшэнне матэрыяльна-бытавога стану, пенсійнага забеспячэння ветэранаў і інвалідаў, удасканальвалі формы сацыяльнай абароны адзінокіх сталых грамадзян і інвалідаў. Увага таксама была скіравана на ўзмацненне адраснай падтрымкі тым, каму патрэбна дапамога. На асаблівым кантролі былі праблемы ветэранаў войн, сямей загінуўшых воінаў і партызан, адзінокіх сталых людзей і інвалідаў.
Сёння ў раёне пражывае 6811 пенсіянераў – усе яны нашы падапечныя, і кожнаму з іх мы стараемся ўдзяліць увагу. У мінулым годзе мы ўкаранілі новую праграму ДзІССА (дзяржаўная інфармацыйная сістэма сацыяльнай абароны), у якой сабраны ўсе звесткі пра пенсіянераў. Зразумела, што яна будзе ўдасканальвацца. У хуткім часе гэта праграма павінна аблегчыць работу нашых спецыялістаў.


– З якімі праблемамі да вас звяртаюцца людзі?


– З самымі рознымі пытаннямі: няма дроў, не прыехала аўталаўка, хтосьці захварэў, і яму патрэбна дапамога і іншымі. Часта бывае, што яны не адносяцца да нашай кампетэнцыі. Але мы ўсё роўна стараемся дапамагчы. Да прыкладу, за 11 месяцаў мінулага года 357 грамадзян атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на 811,2 мільёны рублёў. А гэта штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі, аплата тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, бесплатныя прадукты харчавання для дзяцей да двух гадоў, набыццё падгузнікаў. Дапамога была таксама аказана ў рамках акцыі “Збяром дзіця ў школу”: 249 шматдзетных сем’яў і 154 малазабяспечаныя змаглі атрымаць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, дапамогу арганізацый і прадпрыемстваў, матэрыяльную дапамогу са сродкаў мясцовага бюджэту і гуманітарную дапамогу.
Вельмі добра, што людзі сталі больш чулымі, яны бачаць, што ў суседзяў здарылася бяда, і стараюцца дапамагчы. Хаця ёсць і іншыя “дабраахвотнікі”, якія могуць нагаварыць і з маленькага агеньчыка раздуць такое полымя, якое потым цяжка пагасіць. У экстраных сітуацыях выручае Міхалішкаўская ўчастковая бальніца – менавіта тут адзінокія, нямоглыя старыя атрымліваюць дапамогу, таму што выпадкі, калі дзеці адмаўляюцца ад сваіх бацькоў, на жаль, нярэдка сустракаюцца ў наш час.


– Наколькі актуальнай з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва? Ці шмат людзей звяртаецца за дапамогай?


– Сацыяльная абарона з’яўляецца неад’емнай часткай сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. Яна накіравана на ўзмацненне сацыяльнай абароненасці грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, падтрыманне даходаў сем’яў, якім патрэбна дапамога, і грамадзян на мінімальным гарантаваным узроўні, садзейнічанне ў пераадоленні цяжкай жыццёвай сітуацыі, мінімізацыю малазабяспечанасці сярод насельніцтва.
На працягу года мы сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзілі работу па пытаннях сацыяльнай абароны ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва – гэта адна з асноўных нашых задач. Сёння на надомным абслугоўванні знаходзіцца 581 чалавек, 63 пенсіянеры знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы. З кожным годам пашыраецца і пералік сацыяльна-бытавых паслуг аднаразовага характару: прыбіранне тэрыторыі, мыццё вокнаў, распілоўванне дроў і шэраг іншых – такая дапамога вельмі патрэбна пенсіянерам.


– Якім, на вашу думку, павінен быць сацыяльны работнік?


– Работа ў сацыяльнага работніка складаная і адказная. Трэба мець вялікае цярпенне і ўмець выслухаць чалавека. З радаснымі падзеямі да нас пры- ходзяць рэдка – усё больш з праблемамі, якія неабходна вырашаць. І таму працуюць у нас тыя, хто ўмее выслухаць, а потым – дапамагчы.


– Ва ўпраўленні і тэрытарыяльным цэнтры працуюць у асноўным жанчыны. Чаму так адбываецца?


– Гэта сапраўды так. А чаму? Напэўна, таму, што жанчыны больш уважлівыя, яны могуць падтрымаць і хочуць дапамагаць. І самае галоўнае – жанчыны больш цярплівыя, чым мужчыны.


– Пра што сёння марыць начальнік упраўлення?


– Сэрца баліць, калі бачыш, што ў старасці людзі становяцца нікому не патрэбнымі. Таму хацелася б, каб усе з маладосці думалі пра тое, што старасць прыйдзе да ўсіх. А таксама, каб ва ўсіх было моцнае здароўе. Вялікая праблема – так званыя абавязаныя асобы, якія павінны вяртаць дзяржаве сродкі за ўтрыманне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах. Але і з імі мы знаходзім агульную мову: уладкоўваем на работу, адсочваем, як яны працуюць, калі трэба – прысаромім, калі заслужаць – пахвалім. Калі звярнуцца да статыстыкі, то з 2008 года ніякіх сур’ёзных праблем з такімі нашымі падапечнымі не ўзнікала – усе яны ўладкаваны на работу.


– Што пажадаеце вашым супрацоўнікам напярэдадні прафесійнага свята?


– Як гэта банальна не гучыць, але ў першую чаргу хачу пажадаць здароўя ўсім, хто працуе ў сацыяльнай службе, і іх сем’ям, а таксама нашым ветэранам – Чаславе Эдуардаўне Кандратовіч, Ніне Іванаўне Янінай, Ірыне Яўгенаўне Урбановіч, Ірэне Юльянаўне Іваніцкай, Людміле Сямёнаўне Бандарык, Леанардзе Станіславаўне Базюк і іншым. А таксама – аптымізму і дабрабыту ўсім нашым працаўнікам і нашым падапечным.


Сёння ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Астравецкага райвыканкама створаны два аддзелы: па працы і занятасці і аддзел сацыяльнай абароны.


Вольга Станіславаўна Субаткевіч з’яўляецца не толькі намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, але і ўзначальвае аддзел па працы і занятасці. У сферы занятасці і сацыяльнай абароны Вольга Станіславаўна працуе з 1996 года. Пасля скарачэння з калгаса “Чырвоны Кастрычнік” жанчына стала ў чаргу беспрацоўных. Праз паўгода ёй прапанавалі месца ў раённым цэнтры занятасці. За гэты час Вольга Станіславаўна прайшла ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы: ад вядучага спецыяліста да намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны.
Асноўныя пытанні, якімі займаюцца спецыялісты аддзела, – гэта занятасць насельніцтва, ахова працы, налічэнне і выплата заработнай платы арганізацыямі раёна, выдача субсідый беспрацоўным на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці і шэраг іншых. Асаблівая ўвага сёння надаецца часовай занятасці моладзі. Напрыклад, сёлета летам 125 вучняў з 4 школ раёна працавалі ў працоўных брыгадах. Для многіх школьнікаў гэта стала добрай магчымасцю зарабіць грошы і дапамагчы бацькам. Аддзел праводзіць і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Ужо ў гэтым навучальным годзе школьнікі з педагогамі выязджалі на экскурсіі ў прафесійныя вучылішчы Ашмян і Маладзечна. І з усім гэтым вялікім фронтам работы спраўляюцца тры спецыялісты: Сабіна Вацлаваўна Тухта, Лілія Уладзіміраўна Янкойць і Леанід Слававіч Русецкі.
Спецыялісты аддзела сацыяльнай абароны працуюць з насельніцтвам на працягу ўсяго жыцця чалавека, пачынаючы ад нараджэння – яны налічваюць дапамогу па нараджэнні дзіцяці, і заканчваючы налічэннем дапамогі на пахаванне (у бягучым годзе было налічана 129 дапамог). Займаюцца тут прызначэннем і выплатай пенсій, выдачай адраснай дапамогі, вядуць кантроль за выкананнем шматлікіх дзяржаўных праграм.
Сёння ў нашым раёне пражывае 6811 атрымальнікаў пенсій. Прычым толькі за гэты год ва ўпраўленне па працы было пададзена 490 заяў на прызначэнне пенсій. А ўлічваючы тое, што не ва ўсіх іх ёсць магчымасць самім заняцца зборам неабходных дакументаў на прызначэнне пенсіі, многім такую дапамогу аказваюць супрацоўнікі аддзела сацыяльнай абароны, якія пасылаюць запыты не толькі ў розныя арганізацыі нашага раёна, але і рэспублікі і нават за межы нашай краіны. У цэлым жа сёння ў аддзеле сацыяльнай абароны аказваецца больш за 30 адміністрацыйных працэдур. Да ліпеня аддзел займаўся размеркаваннем сродкаў рэабілітацыі і прызначэннем адраснай дапамогі, цяпер жа гэтыя функцыі перададзены тэрытарыяльнаму цэнтру, з якім упраўленне па працы цесна супрацоўнічае.
З 1982 года аддзел сацыяльнай абароны ўзначальвае Ганна Казіміраўна Мілейша. Пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума маладая дзяўчына прыйшла інспектарам па прызначэнні пенсій у тагачасны райсабес – з таго часу тут і працуе.


- Няўжо ні разу не хацелася змяніць месца працы?


– Абавязак заўсёды стаяў на першым месцы. З гэтай службы не так проста пайсці. Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца, застаюцца самыя адказныя, – гаворыць Ганна Казіміраўна.


Сапраўдны аксакал аддзела – Валянціна Іосіфаўна Карпіцкая. Ва ўпраўленне яна прыйшла адразу пасля школы. Прыйшла сюды маладзенькай дзяўчынай, якая стала займацца прызначэннем пенсій, і засталася вернай выбранай сцяжынцы на ўсё жыццё. Шмат гадоў працуюць ва ўпраўленні Наталля Іванаўна Локцева і Ірына Леапольдаўна Русецкая.
А вось Уладзіміра Мечыслававіча Свілу і Інесу Анатольеўну Міхновіч можна назваць маладымі спецыялістамі – ва ўпраўленні па працы яны зусім нядаўна, але хутка ўвайшлі ў курс спраў, і сёння ім можна лёгка даверыць любую справу. Першы год працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны і галоўны бухгалтар Вольга Станіславаўна Кеппен, якая да гэтага працавала галоўным бухгалтарам у Астравецкім сельскім Савеце.
З прыходам маладых спецыялістаў калектыў упраўлення значна амаладзіўся, і хочацца спадзявацца, што ў многіх з тых, хто сёння працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, будзе толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы.


Алена ЯРАШЭВІЧ