На "Прамой лініі" — "Беларусбанк"

Нядаўна ў Астравецкім Цэнтры банкаўскіх паслуг “Беларусбанка” адбылася “Прамая лінія”, справаздачу з якой мы прапануем нашым чытачам.


–Год назад я ўзяў у вашым банку крэдыт. У сучасны момант стан маіх фінансавых спраў значна паправіўся, і я хацеў бы вярнуць пазыку раней абумоўленага з банкам тэрміну. Але знаёмы напалохаў мяне, што ў такім разе банк абкладзе мяне высокімі штрафнымі санкцыямі. Ці праўда гэта?


Іван Мядвецкі, жыхар в. Бялькішкі


–У многіх банках існуе практыка выстаўлення штрафных санкцый у такіх выпадках. З эканамічнага пункту гледжання гэта можна зразумець – банк запланаваў атрыманне прыбытку і не зацікаўлены ў яго страце. Наш “Беларусбанк” цікавяць не толькі ўласныя прыбыткі, але і дабрабыт кліентаў, таму за заўчаснае вяртанне крэдытаў мы не штрафуем. Калі ласка, вяртайце пазычаныя ў нас грошы ў любы зручны вам момант.


–Не люблю стаяць у чэргах. Ці ёсць якая-небудзь магчымасць пагашаць штомесячныя выплаты за крэдыт без наведвання аперацыйнай залы вашага банка?

Людміла, Астравец


–Канешне, можна. Вам проста трэба прыйсці да нас у банк, напісаць адпаведную заяву, і неабходныя выплаты штомесяц будуць рабіць за вас нашы спецыялісты. Толькі пры гэтым вы павінны быць уладальнікам пластыкавай разліковай карткі. Стан свайго рахунка вы зможаце даведацца ў любы момант – дастаткова будзе патэлефанаваць да нас.


–Ці праўда, што пластыкавыя карткі сталі платнымі?

–Так, з 1 ліпеня карткі міжнароднай плацёжнай сістэмы “Maestro” і “Visa” сталі каштаваць 5 тысяч беларускіх рублёў. Тэрмін іх дзеяння – 5 гадоў, пры датэрміновым пашкоджанні магнітнай паласы кліент атрымлівае новую картку бясплатна. Карткі “Белкарт” (унутраная плацёжная сістэма) выдаюцца бясплатна.


–Усе гэтыя карткі – зручная рэч, але бываюць сітуацыі, калі іх недастаткова. Вось скажыце, дзе ў Астраўцы можна памяняць валюту ў вячэрні ці начны час?

(Сярдзіты голас, уладальнік якога не прадставіўся)


–У Астраўцы пакуль што нідзе. Затое ў Гудагаі – калі ласка! З 1 ліпеня там пачало працаваць кругласутачнае аддзяленне, у якім вы зможаце абмяняць валюту, заплаціць за камунальныя паслугі, зняць або пакласці грошы і г.д.


–Ці можна зрабіць уклад у валюце? Якія гарантыі, што ў канцы банк верне грошы таксама ў валюце? І якія працэнтныя стаўкі на валютныя ўклады існуюць у вашым банку?

Марына Сяргееўна, Астравец


–Наш банк адказвае за свае дзеянні, і калі абяцае кліенту вярнуць яго ўклад у той валюце, у якой першапачаткова атрымаў, то абяцанні свае ён выконвае. Працэнтныя стаўкі на тэрміновыя ўклады ў замежнай валюце залежаць ад канкрэтнага віду выбранага кліентам укладу. Яны вагаюцца ў межах 6,5 – 7 працэнтаў гадавых. Тэрмін укладу – ад трох месяцаў да двух гадоў.


–З пластыкавай карткі “Visa”, атрыманай у “Беларусбанку”, можна зняць грошы ў банкамаце “Аграпрамбанка”. А які працэнт бярэцца за гэтую паслугу?

Р. Сянюць


–Ніякага. Аперацыі па ўзаемнай дамове (у апошні час гэта тычыцца і картак “Maestro”) праводзяцца бясплатна. Дарэчы, бясплатнае правядзенне неабходных аперацый з дапамогай пластыкавых картак “Беларусбанка” гарантавана пры абслугоўванні ў банкаматах не толькі “Аграпрамбанка”, але і “Белпрамбудбанка”, і Нацыянальнага банка. Усе астатнія банкі за карыстанне іх банкаматамі здымаюць камісійныя.


–Гэта добра, але вам трэба думаць і пра стварэнне ўласнай сеткі банкаматаў – ля вашага адзінага чэргі бываюць нават познім вечарам...

–Думаем. Хутка будзе ўстаноўлены новы банкамат. Пакуль канкрэтнае месца для яго мы не выбралі, але хутчэй за ўсё ўстановім яго у мікрараёне Валадарскага. Дарэчы, мы набылі і яшчэ адзін інфакіёск – установім яго ў бальніцы. Такім чынам пацыенты, не пакідаючы сцен бальніцы, змогуць папоўніць рахунак свайго мабільнага тэлефона, заплаціць за камунальныя паслугі, за крэдыт і г.д.


–А што такое СМС-банкінг?

–Гэта калі правядзенне банкаўскіх аперацый ажыццяўляецца шляхам адпраўкі з мабільнага тэлефона СМС-паведамленняў, устаноўленага для кожнай аперацыі фармату на спецыяльны нумар 611. Плата за карыстанне СМС-банкінгам не здымаецца. Праз мабільны тэлефон можна заплаціць за камунальныя паслугі, газ, ваду, электраэнергію, за мабільную сувязь, за карыстанне тэлефонам, а таксама інтэрнэтам у сістэме “Белтэлекам”, за кабельнае тэлебачанне… Праз СМС-паведамленні можна заблакаваць і разблакаваць пластыкавую картку, прагледзець сваю запазычанасць у аплаце камунальных і іншых паслуг, можна папаўняць электронныя кашалькі WebMoney і EasyPay, перавесці грашовыя сродкі з аднаго карт-рахунка на другі, праверыць вынікі розыгрышу латарэі, пагасіць крэдыт і шмат што іншае.
–Гэта дарагое задавальненне?
–У залежнасці ад пакета, які вы набудзеце. “Эканомны” каштуе 3000 рублёў, “Базавы” – 4000, “Поўны” – 6000 рублёў. Кошт СМС вызначаецца ў адпаведнасці з тарыфным планам мабільнага аператара. За самі паслугі дыстанцыйнага банкінгу нашы кліенты не плацяць камісійных. Адзінае выключэнне – перавод сродкаў з адной карткі на другую.


На «прамой лініі» прысутнічала Ганна ЧАКУР.