ДТП с участием двух пешеходов в Островце
Цяжкае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў суботу ў цэнтры Астраўца.
Каля 18.00 дзве астраўчанкі пераходзілі дарогу па вуліцы Ленінскай па пешаходным пераходзе насупраць магазіна “Вернісаж”. У гэты ж час па вуліцы ехаў аўтамабіль “Аўдзі”, за рулём якога знаходзілася жанчына. Па невядомых прычынах яна не паспела затармазіць і прапусціць пешаходаў – і ў выніку аўтамабіль збіў жанчын.
Пацярпеўшыя былі дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу. Адна з іх, на шчасце, атрымала нязначныя пашкоджанні і пасля аказання неабходнай медыцынскай дапамогі вярнулася дадому. Другой жанчыне пашанцавала менш – і за яе жыццё змагаюцца ўрачы.
Гэтае здарэнне яшчэ раз пацвердзіла, што на дарозе не бывае бяспечных участкаў, і стаць ахвярай аварыі можна нават на пешаходным пераходзе. Таму хочацца звярнуцца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху – як вадзіцеляў, так і пешаходаў: будзьце ўважлівымі і асцярожнымі.