Не гуляйте, дети, ночью
У Беларусі зацверджана Палажэнне аб парадку перадачы непаўналетніх (ва ўзросце да 16 гадоў), якіх супрацоўнікі органаў унутраных спраў у перыяд з 23.00 да 6.00 сустрэлі на вуліцы без суправаджэння бацькоў, апекуноў або папячыцеляў ці без суправаджэння па іх даручэнні паўналетніх асоб, бацькам, апекунам цi папячыцелям або па іх даручэнні паўналетнім асобам і дастаўлення такіх непаўналетніх у сацыяльна-педагагічныя цэнтры.
Гэта Палажэнне складаецца з трох раздзелаў. У прыватнасці, у ім гаворыцца, што калі міліцыя сустракае непаўналетняга з 23.00 да 6.00 на вуліцы і без суправаджэння дарослых (бацькоў, апекуноў і г.д.), то на працягу трох гадзін дзіця трэба перадаць законнаму прадстаўніку або паўналетняй асобе. Калі за гэты час перадаць непаўналетняга не ўдалося (напрыклад, немагчыма знайсці бацькоў), то яго дастаўляюць у сацыяльна-педагагічны цэнтр. Таксама ў дакуменце адзначаецца, што дзеянне палажэння не распаўсюджваецца на непаўналетніх, якія ў выключных выпадках надзелены дзеяздольнасцю ў поўным аб'ёме (у выпадку заключэння шлюбу, нараджэння дзяцей і г.д.).
У Палажэнні гаворыцца, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінны высветліць прозвішча, імя і імя па бацьку дзіцяці, дату нараджэння і іншыя даныя, неабходныя для ўстанаўлення месцазнаходжання законных прадстаўнікоў. Пры неабходнасці яны дастаўляюць непаўналетняга ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў. Пасля ўстанаўлення асобы міліцыянеры павінны неадкладна прыняць меры па інфармаванні законных прадстаўнікоў аб месцазнаходжанні дзіцяці.
Пастанова ўступіць у сілу з 5 верасня бягучага года.
Фота з сайта www.segodnya.ua