Дапамога лішняй не бывае
Многія ведаюць, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік з’яўляецца самым эфектыўным сродкам для папярэджвання гібелі людзей падчас пажараў. Але на сённяшні дзень у многіх дамах яшчэ не ўстаноўлены гэтыя прыстасаванні. З мэтай выпраўлення становішча за кошт райвыканкама ў красавіку было набыта 90 АПА для ўстаноўкі іх у дамах адзінокапражываючых грамадзян, а таксама 40 элементаў сілкавання для замены ў раней пастаўленых апавяшчальніках.Самастойна многія пенсіянеры ўстанавіць аўтаномныя апавяшчальнікі не ў сілах, і тут на дапамогу да іх прыйшлі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і члены РА Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
Так, 20 красавіка вучні 8”А” класа СШ №1 Астраўца Вадзім Праўлуцкі і Мікіта Савіцкі не толькі ўстанавілі ў 5 дамах у вёсцы Бялькішкі апавяшчальнікі, а і прадэманстравалі іх работу і павесілі побач з тэлефонамі насценныя каляндары, каб пажылыя людзі ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі не забыліся, па якім тэлефоне можна выклікаць дапамогу.А тым, хто яшчэ не ўстанавіў у сваім доме або кватэры АПА, аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае, што рознічны кошт гэтай прылады складае прыблізна 20 тысяч рублёў, і гэта зусім невялікая цана за бяспеку свайго і сваіх родных.
Эдуард МАЛЫШКА.