1 студзеня. Як паедзем? Куды пойдзем?

Грамадскі транспарт

Па звестках, якія мы атрымалі ў даведачнай службе аўтастанцыі, 1 студзеня 2012 года аўтобусы міжгародніх маршрутаў адправяцца ў рэйс згодна з пастаянным раскладам.
Аўтобусы на станцыю Гудагай пачнуць хадзіць, пачынаючы з 7 гадзін раніцы.
Транспартныя сродкі варнянскага кірунку выйдуць на маршрут з 11 гадзін 40 хвілін.
Тым не менш, перад тым, як адправіцца ў дарогу, раім удакладніць інфармацыю аб руху аўтобусаў па даведачным тэлефоне аўтастанцыі 21-3-33.



Пункты грамадскага харчавання

Рэстараны, кафэ гарадскога пасёлка будуць працаваць і ўсю ноч з 31 снежня на 1 студзеня і ўвесь першы дзень новага 2012 года згодна з раскладам работы. Але ёсць адно “але” – усе месцы ў пунктах грамадскага харчавання ўжо заказаныя. Праўда, як нас запэўніла кіраўніцтва прадпрыемства грамадскага харчавання, яго работнікі ўсё роўна будуць шукаць выйсце, каб ніхто не застаўся пакрыўджаным.



Магазіны

Як паведамілі ў раённым спажывецкім таварыстве, 31 снежня магазіны, якія гандлююць прадуктамі харчавання, будуць працаваць на адну гадзіну даўжэй. А 1 студзеня пачнуць работу ў звычайным рэжыме, згодна з раскладам работы.
Дакладную інфармацыю аб рэжыме работы 1 студзеня прамтаварных магазінаў на момант падпісання нумара ў друк, на жаль, высветліць так і не ўдалося.
У прадпрымальнікаў наконт работы пасля навагодняй ночы, адзінай пазіцыі няма. Нехта не збіраецца парушаць сямейных традыцый, а нехта рацыянальна разважае, што ў першы дзень Новага года ў горадзе будзе знаходзіцца шмат гасцей і таму дзверы магазіна варта трымаць шырока адкрытымі.
Рынак у г.п. Астравец 1 студзеня працаваць не будзе.


Каб пазбегнуць непаразуменняў, звяртаем увагу, што гэтая інфармацыя з’яўляецца даведачнай і можа служыць хутчэй арыенцірам, чым дакладнай інструкцыяй да дзеянняў. Таму перш чым выправіцца за пакупкамі ці на аўтобусны прыпынак, дадаткова ўдакладніце апошнюю інфармацыю ў адпаведных прадпрыемствах і гандлёвых кропках непасрэдна 1 студзеня. І тады першы дзень новага года не прынясе вам непрыемнасцей!


Эдуард Іванаў.