Животноводческие фермы Островетчины к зиме готовы

Здаецца, толькі нядаўна палеткі буялі разнатраўем, вабілі вока сваёй насычанай зеленню і казыталі нос ап’яняючым водарам. А зараз, “пашчыпаныя” кастрычніцкімі прымаразкамі, яны рыхтуюцца да зімовага сну… Сакавітая зеляніна, якой кароўкі ласаваліся на выпасе ад вясны да восені, змянілася аднатыпным кармленнем. Каб частавацца “свежанькім”, рагулям давядзецца чакаць наступнага ўраджаю, калі ўсходы азімай свірэпіцы абвесцяць новую вясну… Раённая жывёлагадоўля паціху ўваходзіць у стадыю зімоўкі. Аб гатоўнасці малочна-таварных комплексаў і ферм да зімне-стойлавага ўтрымання жывёл, сфарміраванасці кармавой базы і ажыццяўлення кадравай палітыкі ў гаспадарках мы пагутарылі з першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцінам Часлававічам Далговічам.


– Зіма не за гарамі – аб гэтым сведчаць першыя кастрычніцкія прымаразкі. Ад холаду можа сагрэць і дах над галавой, а вось ад голаду ён не ўратуе. Якую кармавую базу ўдалося сфарміраваць на зімне-стойлавы перыяд?

– На канец кастрычніка з заданнем па нарыхтоўцы кармоў на бягучы год мы справіліся на 93%. Па гэтым паказчыку займаем восьмую пазіцыю ў вобласці з сямнаццаці раёнаў. Крыху зацягнулі з нарыхтоўкай кукурузнага сіласу, пагэтаму план закрыем толькі праз некалькі дзён. У цэлым у раёне нарыхтавана больш за 61 тысячу тон кармавых адзінак. У параўнанні з мінулым годам гэта лічба павялічылася на 1254 тоны. Назапашана больш за 7 тысяч тон сена, каля 97 тысяч тон сенажу і прыкладна 116 тысяч тон сіласу (у тым ліку 114 тысяч тон –кукурузнага). А вось статыстыка нарыхтаваных кармоў на ўмоўную галаву засталася ранейшай: як у 2013, так і ў 2014 годзе на адну рагулю прыпадае 27,3 цэнтнера кармавых адзінак.

– Наколькі мне вядома, у мінулым годзе з-за працяглай і марознай зімы недахоп кармоў быў адчувальным у многіх гаспадарках. Ці хопіць фуражу на сёлетнюю зімоўку? І за што можаце пахваліць і, наадварот, пахаяць гаспадаркі раёна з пункту гледжання забеспячэння кармамі?

– На сённяшні дзень (28 кастрычніка. – заўв. аўтара) кармы яшчэ нарыхтоўваюцца. Пагэтаму па сіласу (звесткі на 16 кастрычніка) “мінусуюць” усе гаспадаркі, акрамя СВК “Міхалішкі”. Гэты кааператыў перавыканаў план і нарыхтаваў больш чым 19 тысяч тон сіласу, а гудагайцы і варнянцы – больш чым 21 тысячу тон сіласу. СВК “Варняны” таксама перавыканаў даведзены па сенажу план амаль на 60%. З запасам сена на зіму практычна ва ўсіх гаспадарках адчуваюцца пэўныя праблемы. Словам, падрыхтоўка да зімне-

стойлавага ўтрымання жывёл уваходзіць у стадыю завяршэння.

– Вядомая прымаўка сцвярджае: галоўнае не колькасць, а якасць. Калі з лічбамі па нарыхтоўцы кармоў на зімовы перыяд крыху разабраліся, хацелася б даведацца аб якасці. Усё ж, што выходзіць на першы план у кармах: іх якасць або колькасць?

– Для нармальнага зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы аднолькавую ролю адыгрываюць якасць корму і яго колькасць. Тут спрацоўвае правіла “залатой сярэдзіны”: пяцьдзясят на пяцьдзясят. Стопрацэнтная якасць корму і такая ж забяспечанасць ім, канешне, – ідэальны варыянт.

Пытанні ўзнікаюць з якасцю кукурузнага сіласу, таму што тэрміны ўборкі гэтай культуры зацягнуліся. У параўнанні з мінулым годам знізілася ўраджайнасць кукурузы – не толькі ў Астравецкім раёне, але і па ўсёй вобласці.

– Хоць канчатковыя вынікі работы жывёлаводаў падводзіць ранавата, але хацелася б пачуць папярэднія лічбы па вытворчых паказчыках работы малочна-таварных комплексаў за 9 месяцаў. Калі гэты год не стаў кукурузным, то, магчыма, ён стане малочным?

– Лідарам раённай малочнай валавой вытворчасці ў валавым вымярэнні стаў СВК “Гудагай”, які па стане на 1 кастрычніка атрымаў 10335 тон малака (прырост 108,5%). Самы высокі надой на карову таксама ў гудагайскіх жывёлаводаў, якія ад каровы ў сярэднім атрымалі 4593 кілаграмаў малака (+210 кілаграмаў у параўнанні з аналічным перыядам 2013 года). На другім месцы – СВК “Варняны” – 4026 кілаграмаў малака (+51 кг). Астатнія гаспадаркі па гэтым паказчыку за дзевяць месяцаў спрацавалі з мінусам: СВК “Гервяты” – мінус 367 кілаграмаў малака ў параўнанні з мінулым годам, СВК “Міхалішкі” – мінус 228 кг, саўгас “Падольскі” – мінус 167 кг.

На надоі малака, вядома, уплывае выхад цялят і колькасць дойнага пагалоўя. Сярэднераённая шчыльнасць кароў на 100 гектараў сельгасугоддзяў складае 18,3 галавы. Самая высокая яна ў СВК “Гудагай” – 21,8, самая нізкая – у СВК “Гервяты” (16,7) і СВК “Міхалішкі” (16,4). А наогул лічыцца, што плошча сельскагаспадарчых угоддзяў і пагалоўе жывёлы ў ідэале павінна супадаць: адзін гектар у стане “пракарміць” адну галаву буйной рагатай жывёлы.

Павелічэнне надояў залежыць ад далейшай распрацоўкі тэхналогіі вытворчасці прадукцыі і ад ўдасканалення селекцыйнай работы. Аднак усё грунтуецца на чалавечым фактары, таму пастаянная падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў – адна з надзённых задач жывёлагадоўчай галіны раёна.

– Вось на кадрах хацелася б крыху спыніцца. У сувязі з будаўніцтвам атамнай станцыі на тэрыторыі нашага раёна многія спецыялісты падаюцца на “будоўлю стагоддзя” за “доўгім рублём”. Ці тычыцца гэта з’ява жывёлагадоўлі? І якая палітыка ажыццяўляецца ў гаспадарках, каб замацаваць кадры – вопытных і маладых спецыялістаў?

– Увогуле, гэта цалкам нармальная з’ява, калі чалавек хоча зарабіць. Праблема ўзнікае якраз тады, калі спецыяліст не працуе, а хоча атрымліваць высокую зарплату.

З кадрамі ў жывёлагадоўчай галіне ёсць праблемы ў СВК “Гервяты”: тут не хапае заатэхнікаў і ветырынарных урачоў. Тое самае можна сказаць і пра варнянскую гаспадарку. На малочна-таварных комплексах СВК “Гудагай” стопрацэнтная забяспечанасць кадрамі, як вышэйшага, так і сярэдняга звяна, – пагэтаму там і добрая якасць малака, і нядрэнныя надоі. За дзевяць месяцаў бягучага года надой малака ад каровы на МТК “Малі” склаў 5130 кілаграмаў, на МТК “Германішкі” – 4935 кілаграмаў. У СВК “Міхалішкі” таксама ёсць талковыя спецыялісты, аднак пакуль там і нізкая шчыльнасць жывёлы, і не вельмі высокія надоі малака.

Лічу, што ўсе малочна-таварныя комплексы ўзначальваюць граматныя і адказныя спецыялісты. І пра кадры ў жывёлагадоўчай галіне клапоцяцца таксама ва ўсіх гаспадарках. Па-першае, гэта і выдзяленне жылля, і кампенсацыя грашовых сродкаў, затрачаных маладымі спецыялістамі на яго арэнду. Па-другое – заработная плата: сярэднемесячны заробак работнікаў жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых кааператывах “Варняны”, “Гудагай” і “Гервяты” перавышае 4 200 тысяч рублёў, у Міхалішках складае каля 3900 тысяч рублёў, а ў саўгасе “Падольскі” – 3200 тысяч рублёў. На малочна-таварных комплексах і спецыялісты, і даяркі атрымліваюць на парадак вышэй. Лічу, што для сельскай мясцовасці – гэта дастойныя заробкі.

– Ці падрыхтаваны малочна-таварныя комплексы і фермы да зімняга перыяду? Ці не здарыцца форсмажорных сітуацый, калі маразы будуць “кусацца”, як і ў мінулым годзе?

– Вядома, як і на кожнай вытворчасці, у жывёлагадоўлі таксама здараюцца нечаканасці. Зараз работа на малочна-таварных комплексах цалкам адладжана. На сямі комплексах функцыянуюць новыя даільныя ўстаноўкі “Вестфалія”, якія дазваляюць адначасова даіць 32 каровы. У апошні час абароты набірае МТК “Дайлідкі”…

Падачу вады жывёле не спыняць нават трыццаціградусныя маразы. І справа тут не ў надвор’і. І надоі малака, і прырост пагалоўя, і як жывёла перанясе зімоўку – ўсё залежыць ад чалавека.

– Дзякуй за размову!


-----------------------------------------

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.