Зельва приглашает на ярмарку!

22 жніўня 2015 года ў г.п.Зэльва адбудзецца свята – Ганненскі кірмаш.


Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы Ганненскаму кірмашу Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.

У 2001 годзе Ганненскі кірмаш атрымаў  “новае дыханне”. Свята стала адным з самых масавых  і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны.

Сёлета кірмаш распачнецца ў 12 гадзін на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам шоу-цэнтра Уладзіміра Кустава з г.Мінска. Тут жа пройдзе выступленне ансамбля народнай музыкі і песні “Купалінка” і цыганскае шоу “Очи черные”. Вечарам увазе гледачоў прапануецца эстрадны канцэрт з удзелам Уладзіміра Ухцінскага, Іскуі Абалян, Гарэм-шоу.

У рамках правядзення свята адбудзецца міжнародная матчавая сустрэча “Усход-Захад” паміж зборнымі камандамі Беларусі і Латвіі па каратэ.

Займальна і весела адпачываць на кірмашы можна будзе на разнастайных пляцоўках, якія размесцяцца ў цэнтральнай частцы Зэльвы.

Свае работы на кірмашы рамёстваў прадставяць ўмельцы народнай творчасці, якія гатовы будуць даць майстар-клас. На выставе “Скарбонка талентаў” можна пазнаёміцца з работамі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва.

Аматараў песні і вясёлай музыкі чакае творчая пляцоўка. Запланаваны кірмашовы карнавал, куды запрашаюцца ўсе жыхары і госці пасёлка, якія прыйдуць на свята апранутымі ў стылізаваныя касцюмы. Самыя арыгінальныя будуць удастоены прыза.

Не прыйдзецца сумаваць і дзетвары: акрамя гульнёвых праграм іх чакаюць цікавыя атракцыёны, прадстаўленне тэатра звяроў “ФаСонШоу”.

Як заўсёды, арыгінальнымі маюць быць падворкі сельгасарганізацый і сельсаветаў раёна. Кожны з іх рыхтуе цікавае жанравае прадстаўленне. А на пляцоўцы “Гасцінна запрашаем!” зэльвенцы рады будуць бачыць уладальнікаў аграсядзіб і суб’ектаў малога бізнесу з іншых раёнаў. Гэта добрая магчымасць абмяняцца вопытам дзейнасці, прыцягнуць жадаючых да сябе на адпачынак, а яшчэ і прэзентаваць уласную прадукцыю. Так што гасцінна запрашаем!

А яшчэ на кірмашы будзе арганізаваны шырокі гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі.  Візітнай  карткай  стане  выстава-продаж зэльвенскіх караваяў. А таксама конкурс на лепшы каравай, прыняць удзел у якім могуць і госці.

Які ж Ганненскі кірмаш  без коней?! Усё будзе: і конкурс на лепшую павозку, і падарожжа на брычках, і выступленні конна-спартыўных школ. Акрамя гэтага на кірмашы кожны жадаючы зможа купіць ці прадаць каня.

Абавязкова трэба пабываць і на закрыцці свята, якое пройдзе на зэльвенскім вадасховішчы. Відовішчнае вогненнае і водна-светлавое шоу завершыць прыгожы святочны феерверк.

Ну а тыя, хто не стоміцца за дзень, запрашаюцца апоўначы ў раённы Дом культуры на светадыёдна-лазерна-танцавальнае шоу.

Раім усюды паспець і ўсё пабачыць. Не пашкадуеце!

Для таго, каб гасцям было лёгка і правільна арыентавацца, па ўсёй тэрыторыі святкавання будуць устаноўлены ўказальнікі і інфармацыйныя дошкі. На плошчы арганізуе работу інфармацыйны цэнтр, дзе можна будзе набыць гасцявыя карты, заказаць экскурсію.

Аргкамітэт г.п.Зэльва.


Які ж кірмаш без коней?!

Вы хочаце прадаць ці набыць каня? Тады вам трэба прыехаць на Ганненскі кірмаш у Зэльву. Тут будзе арганізаваны гандаль коньмі для прымянення ў гаспадарчых ці спартыўных мэтах.

Запрашаюцца таксама і рамеснікі, якія займаюцца вырабам і продажам коннай збруі.

Кантактны тэлефон 8(029) 868-53-61.