Вопросы по проведению весенне-полевых работ и заготовке травяных кормов находятся на контроле райисполкома

весенне-полевыеПытанне работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна па падрыхтоўцы да веснавых палявых работ і правядзення нарыхтоўкі травяных кармоў і стварэння трывалай кармавой базы ў 2016 годзе было разгледжана на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Р.М. Сачко прадставіў членам райвыканкама і запрошаным падрабязную інфармацыю аб той рабоце, што была праведзена ў гаспадарках раёна па падрыхтоўцы да пасяўной, якая, дарэчы сказаць, ужо ідзе поўным ходам.

Па словах Руслана Мікалаевіча, асаблівых трывог стан падрыхтоўкі не выклікае. Пакуль што адносна праблемнымі застаюцца дзве пазіцыі: забяспечанасць гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі – яна складае толькі 26 працэнтаў ад неабходнага, і пратручвальнікамі насення – 33 працэнты. І гэта звязана ў першую чаргу са складаным фінансавым становішчам большасці гаспадарак раёна: калі СВК “Гудагай” адчувае сябе ў гэтым плане досыць свабодна і мае ўласныя грошы, то і забяспечанасць “мінералкай” тут зараз на ўзроўні 41 працэнта – а вось у саўгасе “Падольскі” мінеральных угнаенняў пакуль што толькі 17 працэнтаў ад патрэбнага. Тое ж можна сказаць і пра сродкі аховы раслін: каштуюць яны дорага, і па стану на канец сакавіка поўнасцю забяспечаны імі толькі той жа СВК “Гудагай” – а СВК “Міхалішкі” ўвогуле не мае пратручвальнікаў насення яравых збожжавых, і калі сітуацыю не выправіць тэрмінова, то гэта, безумоўна, адаб’ецца на будучым ураджаі.

Як заўсёды, праблемным застаецца пытанне забяспечанасці палівам – але яно павінна вырашыцца з дапамогай мэтавага крэдыту.

Аднак, як зазначылі на пасяджэнні райвыканкама старшыня Адам Дзмітрыевіч Кавалька і яго першы намеснік Руслан Мікалаевіч Сачко, не гэтыя пытанні выклікаюць асаблівую занепакоенасць, а арганізацыя работ на пасяўной, якая пакідае жадаць лепшага практычна ва ўсіх гаспадарках – за выключэннем хіба што саўгаса “Падольскі”. Кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты, падобна, забыліся пра галоўную запаведзь хлебароба – вясновы дзень год корміць, – і працуюць так, нібы вясна яшчэ за далёкімі гарамі. Між тым, па словах Руслана Мікалаевіча, вільгаці сёлета вельмі мала і з кожным днём глеба перасыхае ўсё больш. Таму пераацаніць важнасць і кошт не тое што кожнага дня – кожнай гадзіны на сяўбе проста немагчыма.

Даволі вострая размова, якая адбылася пры разглядзе гэтага пытання на пасяджэнні райвыканкама, павінна стаць падставай для арганізацыі работы ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі і хуткацечнасці часу. Адсеяцца ў час і якасна – гэтага ж патрабуе ад усіх удзельнікаў пасяўной кампаніі і прынятае па гэтым пытанні рашэнне.

----------------------------


Ніна АЛЯКСЕЕВА.