Виктор Чума: "Не подвела б погода, а за людьми дело стоять не будет!"

Не паспелі вылезці вочкі першацветаў, як у полі ўжо працавала тэхніка – культыватары, апырсквальнікі, сеялкі... Упэўнены старт пасяўной-2015 то “падмочвалі” дажджы, то запавольвалі нізкія тэмпературы, але нягледзячы на гэта дзень за днём, лапік за лапікам засяваліся калгасныя палі.

Пракаментаваць ход вясенніх работ і пасяўную кампанію ў цэлым і ў гаспадарках у прыватнасці мы папрасілі загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктара Багданавіча Чуму.



– Сёлетняя пасяўная кампанія, як і мінулагодняя, распачалася дастаткова рана. Як вы яе ацэньваеце?

– Можна даць станоўчую адзнаку гаспадаркам раёна па гатоўнасці да пасяўной кампаніі. Напачатку былі пэўныя праблемы з набыццём запчастак для імпартнай тэхнікі. Акрамя гэтага, востра стаяла праблема з гаручым. Аднак прынятыя ўрадам меры па выдзяленні таварнага крэдыту на паліва дазволілі яе вырашыць. Тэхніка ў гарачыя дні пасяўной не прастойвала ніводнага дня не прастойвала.

– Ці ёсць змены ў структуры пасяўных плошчаў раёна?

– Зерневая група не змянілася, за выключэннем азімага жыта. Гэтая культура менш запатрабавана на рынку і яе вырошчванне эканамічна не выгаднае.

Затое павялічыліся плошчы пад тэхнічнымі культурамі: пад цукровымі буракамі сёлета будзе занята 1 200 гектараў, азімы рапс вырошчваецца на 2 600 гектарах нівы. З гэтага года і саўгас “Падольскі”, які спецыялізуецца на вырошчванні лёну, далучыцца да вырошчвання цукровых буракоў.

Сёлета перад гаспадаркамі раёна стаіць задача сфарміраваць паўтарагадовы запас кармоў, пагэтаму павялічаны плошчы пад кукурузай з мінулагодніх 5026 гектараў да 6 тысяч гектараў.

– Сяўба ранніх яравых культур “пераваліла” экватар: тэхніка і людзі працуюць у штатным рэжыме і без форс-мажорных сітуацый. Каго і за што можаце пахваліць, а каго, наадварот, пакрытыкаваць?

– Так, раённая пасяўная кампанія ў самым разгары. Красавіцкае пахаладанне не дазваляла праводзіць сяўбу ў поўным аб’ёме. І тым не менш, па стану на 8 красавіка, сельскагаспадарчыя кааператывы “Гудагай” і “Варняны” на 94 і 70 працэнтаў адпаведна справіліся з сяўбой ранніх збожжавых культур. Хачу адзначыць, што ўсе гаспадаркі раёна працуюць зладжана. Калі тэхніка выходзіць са строю, то яе аператыўна рамантуюць на месцы адбываецца ўстараненне непаладкі. Ад хуткасці і якасці работ на пасяўной залежыць і ўраджай, які мы атрымаем падчас уборкі.

– Якая сітуацыя з пасяўным матэрыялам?

– Ва ўсіх гаспадарках раёна да пасяўной падрыхтавана якаснае насенне. У нас ёсць 3 865 тон пасяўнога матэрыялу належнай якасці. У глебу трапляе зерне не ніжэй першай рэпрадукцыі. Гаспадаркамі раёна закуплена прыблізна 200 тон элітнага насення зерневых і зернебабовых культур, набыта 75 тон шматгадовых траў, з іх 36,3 тон бабовых, у тым ліку 7 тон – люцэрны.

Насенне гібрыдаў кукурузы айчыннай вытворчасці – а гэта 184 тоны – будзе закуплена цэнтралізавана праз перапрацоўчыя прадпрыемствы. Дадаткова кукурузу на зерне гаспадаркі раёна будуць набываць у арганізацыях, якія выйгралі на конкурснай аснове тэндэр на яго пастаўку.

Насеннем цукровых буракоў гаспадаркі будуць цалкам забяспечаны за кошт паставак з ААТ “Слуцкі цукровы камбінат”.

Па пасадачнаму матэрыялу бульбы пытанняў увогуле не ўзнікае: у засеках гаспадарак ёсць 1 280 тон клубняў. Акрамя гэтага, плануецца набыць яшчэ 80 тон элітнага насення.

– А ў якім стане выйшлі з зімоўкі азімыя культуры?

– У добрым стане, пагэтаму важна было іх у час падкарміць. Варта адзначыць, што першая падкормка ва ўсіх гаспадарках раёна завершана.

А вось азімы рапс, у адрозненне ад збожжавых, не парадаваў. Мінулагоднія кастрычніцкія замаразкі, а пасля плюсавая тэмпература ў студзені прывялі да таго, што загінула 303 гектары азімага рапсу (166 гектараў у СВК “Гервяты”, 92 гектары ў СВК “Міхалішкі” і 45 – у СВК “Варняны”). Ён будзе перасеяны ў бліжэйшы тэрмін.

– Ці хапае мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу?

– Сёлета, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, забяспечанасць гаспадарак “мінералкай” значна лепшая, яна дасягае 70 працэнтаў. Мінеральных угнаенняў хапае пад сяўбу і на падкормку лугапашавых траў.

– Будучы ўраджай залежыць не толькі ад якасці і хуткасці пасяўной кампаніі, забяспечанасці гаспадарак гаруча-змазачнымі матэрыяламі, угнаеннямі, але і ад людзей. Якая сістэма заахвочвання працаўнікоў распрацавана ў гаспадарках?

– Ва ўсіх кааператывах і саўгасе арганізавана двухразовае харчаванне: гарачы комплексны абед і полудзень дастаўляюць прама ў поле. Распрацавана сістэма матэрыяльнага заахвочвання. Напрыклад, у СВК “Гудагай”, акрамя зарплаты, на ворыве і пасяўной прадугледжана натураплата ў памеры 1 кілаграма зерня за гектар. У СВК “Гервяты” за выкананне дзённага задання механізатары атрымліваюць спецыяльныя чэкі ў эквіваленце 100 тысяч рублёў.

У астатніх гаспадарках прадугледжана прэміраванне работнікаў у памеры 20-30 працэнтаў ад здзельнага заработку пры выкананні тэхналагічных і дысцыплінарных патрабаванняў…

Не падвяло б надвор’е, а за людзьмі справа стаяць не будзе!



-------------------------------------

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.

Фота аўтара і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.