В СПК "Михалишки" приступили к посеву сахарной свеклы

Аграрыі раёна могуць уздыхнуць з палёгкай: яравая сяўба ранніх збожжавых і зерне-бабовых завяршылася. Дачакаліся сваёй чаргі цукровыя буракі, бульба, лён – а за імі ў глебу трапіць і насенне цеплалюбівай кукурузы.

У сераду міхалішкаўскія сейбіты дасявалі апошнія лапікі калгасных ніў каля  Страчы раннімі яравымі і прыступілі да пасеву цукровых буракоў.






Як прызнаецца галоўны аграном СВК “Міхалішкі” Алег Чаплінскі, адсеяліся б на некалькі дзён раней, аднак на страчанскіх нівах цяжка развярнуцца магутным пасяўным агрэгатам, пагэтаму там працуюць “мініяцюрныя” і больш паваротлівыя СПУшкі.

Затое да пасеву цукровых буракоў, якія сёлета займуць 250 гектараў калгасных ніў, гэтай вясной міхалішкаўцы прыступілі на дэкаду раней, чым летась. Пасяўныя агрэгаты выйшлі ў поле ў мінулую суботу. Па стану на 15 красавіка, “бубкі” цукровікаў апладнілі ўжо 50 гектараў (20 працэнтаў).

Сёлетняя яравая кампанія – другая ў працоўнай дзейнасці маладога агранома. Пасля заканчэння факультэта аховы раслін і каранціну Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Алег Чаплінскі вярнуўся на радзіму і пайшоў працаваць у родную гаспадарку, якой не першы год кіруе яго бацька Аляксандр Іванавіч Чаплінскі.





– Некаторыя могуць падумаць: маўляў, пашанцавала: працуе пад бацькавым крылом. Аднак гэта, наадварот, накладвае больш патрабаванняў да мяне як спецыяліста. Дома ў нас пастаян ныя размовы пра работу, – гаворыць галоўны тэхнолаг палёў. – Спачатку складана было працаваць.

Патрэбен час, каб зведаць як свае пяць пальцаў кожнае поле і яго асаблівасці. Мне ў гэтым плане пашанцавала з настаўнікам: намеснік старшыні па раслінаводству Андрэй Іосіфавіч Ствол дапамагаў парадамі і карыснымі заўвагамі і зараз заўсёды адгукаецца на мае просьбы.

Прафесіяналізму не навучышся па ўніверсітэцкіх падручніках – ён прыходзіць з гадамі і практыкай.

Дарэмнымі былі хваляванні маладога агранома наконт азімых: зерневыя выйшлі з зімоўкі ў добрым стане. Давядзецца перасеяць толькі 92 гектары рапсу. Пачалася другая падкормка азімых культур: патрэбную дозу “мінералкі” калгасныя палеткі атрымалі на 25 працэнтах плошчаў.





Увогуле структура пасяўных палёў у СВК “Міхалішкі” сёлета значна не змянілася – але, вядома, пэўныя карэктывы ўсё ж давялося ўнесці. На 70 гектараў павялічылася плошча пад пшаніцай, а вось пад аўсом яна паменшылася на 70 гектараў. І звязана гэта ў першую чаргу з арыентацыяй на эканамічна выгадныя і запатрабаваныя культуры – а яшчэ на кормавытворчасць, пагэтаму “каралева палёў” кукуруза сёлета будзе вырошчвацца на 850 гектарах – а гэта на 100 гектараў больш, чым у мінулым годзе. Ад прамысловага вырошчвання бульбы ў СВК “Міхалішкі” сёлета адмовіліся: “другі хлеб” тут пасадзяць толькі для патрэб калгаснай сталовай.

З насеннем, па прызнанні галоўнага агранома Алега Чаплінскага, ніякіх праблем не ўзнікае: сеюць сваім, міхалішкаўскім, набылі толькі элітныя сарты.

– Тэхніка ёсць. Палівам забяспечаны. Людзі гатовы працаваць з раніцы да вечара, – гаворыць аграном. – Толькі б надвор’е не падвяло.


-------------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.