В СПК "Гудогай" урожай картофеля удался
Паляводы Ірына Уладзіміраўна Бурая і Іван Сцяпанавіч Андрушкевіч пільна сочаць за тым, каб у бункер камбайна трапляла толькі бульбаНе паспела збожжа запоўніць дзяржаўныя засекі, як падаспела бульба, якую капаюць і на калгасным полі, і на прысядзібных участках.
Відаць, што другі хлеб сёлета цалкам апраўдае сваю назву – не можа ён змагацца за першынства са збожжавымі, валавы намалот якіх па раёне склаў больш за 90 тысяч тон. Ураджайнасць “крухмалістай” у параўнанні з мінулым годам крыху зменшылася і складае 284 цэнтнеры з гектара – гэта калі казаць мовай лічбаў. А калі ўбачыш крэпкія і вялікія, як кулак, бульбяныя клубні ў СВК “Гудагай” (нездарма ж насенняводчая гаспадарка!), упэўніваешся, што добры выдаўся ўраджай бульбы, улічваючы летнюю спёку і бездажджоўе.
Агульнараённая плошча бульбы сёлета складае 281 гектар. Другі хлеб вырошчваецца на тэрыторыі трох сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў: у Варнянах пад бульбу адведзена 50 гектараў (выкапаны 21 працэнт), у Гервятах – 80 гектараў (выкапана 25 працэнтаў), а найбольш бульбы пасаджана ў Гудагайскай гаспадарцы – 150 гектараў. Для сваіх патрэб у СВК “Міхалішкі” сёлета маюць 1 гектар бульбы.
Лідарства на бульбакапанні трымае СВК “Гудагай” – тут выкапана 36 працэнтаў другога хлеба.
Адным з фактараў, што вызначае велічыню ўраджаю, з’яўляецца правільны падбор сартоў. Як расказаў намеснік старшыні па раслінаводству Андрэй Вайцехавіч Вінча, сёлета ў гаспадарцы зрабілі стаўку на чатыры сарты – “Янка”, “Уладар”, “Рагнеда” і “Брыз”. Калі адсутнасць дажджу на працягу некалькіх летніх тыдняў дала аграрыям без асаблівых страт абмалаціць зерневыя, то на бульбе яна крыху адбілася. У мінулым годзе ў СВК “Гудагай” з гектара накопвалі 353 цэнтнеры, а сёлета, па стане на 14 верасня, – 269 цэнтнераў. Аднак год на год не прыходзіцца.
Штодня на ўборцы другога хлеба ў гаспадарцы працуе ў сярэднім каля ста чалавек – пасланцы раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, прадпрыемства камунальнай гаспадаркі. Па традыцыі, якая бярэ свой пачатак яшчэ з савецкіх часоў, дапамагаюць кааператывам на бульбакапанні і школьнікі – гэтым самым яны дапамагаюць сваёй навучальнай установе папоўніць запасы агародніны на зіму. У прыватнасці, на дапамогу СВК “Гудагай” прыйшлі вучні з Гудагайскай сярэдняй школы і навучэнцы астравецкіх школ.
Уладзіслаў Іванавіч Санкоўскі адкрывае борт у машыне, якая прывозіць бульбу, каб клубні вышэй сыпалісяАкрамя людзей, якія за капалкамі збіраюць жоўтыя клубні ў свае кошыкі, у Гудагаі шчыруе і яшчэ адзін капач, бадай што самы выніковы. У мінулую сераду, да прыкладу, ён быў на полі каля вёскі Рукшаны.
– У нашай гаспадарцы адзін бульбаўборачны камбайн, які чацвёрты сезон запар спраўна працуе. Калі няма камянёў, то за змену ён выкопвае бульбу на плошчы каля трох гектараў, – расказвае “капітан” механізаванага “капача” Аляксандр Рыгоравіч Замара, які ў СВК “Гудагай” працуе ўжо 25 гадоў. – Даводзіцца падбіраць участкі, дзе глеба менш камяністая… А так, можна працаваць!
– Праход праходу – розніцца, – далучаецца да размовы памочнік механізатара бульбаўборачнага камбайна Іван Рамуальдавіч Герасім. – У мінулым годзе ўраджайнасць бульбы была большай. Але і сёлета другі хлеб нядрэнна ўрадзіў.
Памочнік механізатара Іван Рамуальдавіч Герасім і механізатар Аляксандр Рыгоравіч Замара кіруюць механізаваным “капачом” бульбыДапамагаюць Аляксандру Рыгоравічу Замару і яго памочніку Івану Рамуальдавічу Герасіму пяць паляводаў – яны, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, займаюцца выдаленнем камянёў з транспарцёра, па якому перасоўваецца паток клубняў.
З “чэрава” магутнага камбайна бульба трапляе проста ў кузаў аўтамабіля, які адвозіць яе да сховішча ў Лошы. Вадзіцель Генадзь Уладзіслававіч Масальскі, па яго словах, за дзень робіць да пятнаццаці рэйсаў. Усё залежыць ад надвор’я і спраўнасці бульбаўборачнага камбайна.
У мінулым годзе, да прыкладу, у лошскім сховішчы было крыху больш за 600 тон бульбы.
Пасля таго як увесь другі хлеб будзе ўбраны з палёў, надыдзе чарга яго сартавання. Вялікія клубні пойдуць на продаж, “сяўба” застанецца ў бульбасховішчах, а маленькая бульба “паедзе” на Гальшанскі крухмальны завод. А на людскія сталы яна трапіць крамянымі дранікамі, мяккімі цэпелінамі і смачным бульбяным пюрэ. Нездарма ж у нас, беларусаў, бульба лічыцца другім хлебам!
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.



