В совхозе "Подольский" активно проходила заготовка кормов
У апошнія анамальна спякотныя дні сонца палівала гарачынёй усё наваколле. І напрыканцы мінулага тыдня на палетках саўгаса “Падольскі” актыўна ішла корманарыхтоўка. Дарэчы, аграрыі з саўгаса “Падольскі” ў раённым табелі рангаў сёлета змянілі сваё становішча і часам нават выбіваліся ў лідары.Прахалоджвацца ў кабінеце для агранома – вялікая раскоша. Загадчык расліннаводчага ўчастка №3 саўгаса “Падольскі” Яўген Іванавіч Янушкевіч – не з такіх, і аб гэтым гаворыць яго апалены сонцам твар.
– Першым укосам убрана 2 124 гектара траў. Другім запланавана скасіць 1 390 гектараў, – гаворыць загадчык участка. – Травы ляглі ў пракосы на плошчы 170 гектараў.
Чатыры касілкі працавалі ў полі за Кямелішкамі.
Цікаўлюся ў касцоў, як працуецца.
– Прыгожа, – тлумачыць, ловячы мой недаўменны позірк, Іосіф Станіслававіч Жэгарыс, які працуе ў гаспадарцы больш за 30 гадоў. – Травіца такая духмяная!
І сапраўды, цяжка не пагадзіцца з ім: у роўных пракосах віднеюцца ружовыя галоўкі канюшыны, праглядвае цімафееўка, а дзе-нідзе бялеюць цікаўныя вочкі рамонкаў.
На ўчастку №3 у мінулую пятніцу працаваў цэлы караван тэхнікі. Вялікія дзевяціметровыя граблі “Міленіум” пакідалі пасля сябе ладныя валкі. Пасля ў работу заступалі два кормаўборачныя камбайны: яны здрабнялі падвяленую траву, якую да фермаў і комплексаў адвозілі МАЗы і трактары. На гэтым участку я налічыла 9 адзінак тэхнікі. Працаўнікам саўгаса “Падольскі” ў адвозцы зялёнай масы дапамагалі тры машыны з сельгастэхнікі.
– Зялёнку возім на фермы, дзе яна закладваецца ў траншэі, а таксама трава ідзе на падкормку жывёле, – гаворыць Вадзім Віктаравіч Мундуць, які займаецца гэтай справай не першы год.
Па тэхналогіі зялёная маса, якую з саўгасных палеткаў прывозяць трактарысты-машыністы і вадзіцелі, кругласутачна трамбуецца. Спецыяльна для гэтага распрацаваны графік.
– З 22 да 6 гадзін раніцы сіласную яму трамбуе мой зменшчык, – расказвае Віктар Мар’янавіч Мізей, які “штурваліць” за рулём шматгабарытнага “Амкадора-352”. – Якасць закладваемых кармоў кантралюе раённая камісія. Таксама сочыць за якасцю і ветырынарная служба саўгаса. Тэмпературны рэжым адпавядае ўсім нормам, а вось вільготнасць магла б быць крыху большай. Пасля працяглага бездажджоўя травы трапляюць у сіласную яму ў падсушаным выглядзе, што змяншае іх вагу.
На 27 чэрвеня працаўнікі саўгаса “Падольскі” нарыхтавалі 9 490 тон сенажу, што складае 55 працэнтаў ад плану. А вось да сенавання гаспадарка прыступіла адна з апошніх: у саўгасныя адрыны трапіла пакуль толькі 76 тон духмянага корму. На адну ўмоўную галаву ўжо назапашана 7,6 цэнтнера кармавых адзінак – а гэта на 1,5 цэнтнера больш, чым летась. Па гэтым паказчыку саўгасныя аграрыі значна абышлі іншыя гаспадаркі.
Верыцца, што працаўнікі саўгаса “Падольскі” сёлета справяцца з даведзеным па корманарыхтоўцы планам, а рагулі зімой будуць ласавацца нарыхтаваным са сваіх траў фуражом.
Алена ГАНУЛІЧ.
