В сельских хозяйствах района проверили соблюдение техники безопасности во время весенне-полевых работ
Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама на тэрыторыі вобласці з 28 сакавіка па 22 красавіка праходзіў месячнік бяспекі працы падчас вясенне-палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях.Ці забяспечаны працаўнікі гаспадарак спецыяльнай вопраткай і сродкамі бяспекі, ці ўсе хлебаробы атрымліваюць гарачае харчаванне, ці спраўная тэхніка працуе на калгасных палетках, штотыдзень высвятляла мабільная група Астравецкага раённага выканаўчага камітэта.
Варта адзначыць, што работа мабільнай групы, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, прафсаюза работнікаў АПК, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, РАНС, энерганагляду, ЦГЭ і іншыя, носіць рэкамендацыйны характар – а не караючы, як могуць падумаць некаторыя. Як паказвае практыка, няшчасныя выпадкі траўміравання працаўнікоў можна папярэдзіць, калі на прадпрыемстве належная ўвага надаецца ахове працы.
Сёлета падчас вясенне-палявых работ мабільная група наведала ўсе гаспадаркі раёна – былі абследаваны рамонтна-механічныя майстэрні, зернесклады і сталовыя. Правяраючыя пільна сачылі за арганізацыяй рамонту тэхнікі, палявых работ і збору камянёў, пратручваннем насення і наяўнасцю ў работнікаў сродкаў індывідуальнай аховы, а таксама праводзілі інструктажы па ахове працы на рабочым месцы і правяралі забеспячэнне працаўнікоў, занятых на вясенне-палявых работах, гарачым харчаваннем. Акрамя гэтага, члены мабільнай групы звярталі ўвагу на наяўнасць ахоўных загароджванняў на карданных цэпавых перадачах транспартных сродкаў, зернеахоўных загароджванняў на пратручвальніках і пагрузчыках насення, а таксама на своечасовасць праходжання перадрэйсавага медыцынскага агляду вадзіцелямі і механізатарамі перад выездам на лінію, прытрымліванне працаўнікамі электра- і пажарнай бяспекі на аб’ектах.
Па выніках маніторынгу кіраўнікам правераных арганізацый выданы рэкамендацыі аб выпраўленні парушэнняў.– Асноўная задача мабільнай групы – аказаць практычную дапамогу сельгасарганізацыям па стварэнні бяспечных умоў працы для людзей, занятых на вясенне-палявых работах, – патлумачыла галоўны інжынер па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Рэната Іванаўна Яфімава. – У цэлым можна даць станоўчую ацэнку гаспадаркам раёна па гэтым паказчыку. Хачу адзначыць, што заўвагі камісіі наконт парушэнняў аховы працы не засталіся без увагі: многія з іх выпраўляліся на месцы.
Мовай лічбаў
У выніку праверкі 10 вытворчых аб’ектаў (рамонтна-механічных майстэрняў, вытворчых участкаў раслінаводства і інш.) выдадзена 7 рэкамендацый аб выпраўленні 138 парушэнняў заканадаўства аб працы і аб ахове працы, прыпынена работа 36 станкоў, машын і іншага абсталявання, эксплуатацыя якіх уяўляла пагрозу жыццю і здароўю работнікаў.
У мінулым годзе падчас вясенне-палявых работ у сельгасарганізацыях рэспублікі здарыліся чатыры няшчасныя выпадкі, якія прывялі да цяжкіх траўм, іх магло б не быць, калі кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты, якія адказваюць за ахову працы, забяспечылі выкананне правілаў тэхнікі бяспекі. Урач-гігіеніст Астравецкага ЦГЭ Вольга Крукава нагадала:
- Унясенне ў глебу ўгнаенняў і пратручванне насення павінна адбывацца згодна з санітарнымі патрабаваннямі і пад кіраўніцтвам агранома ці спецыяліста па ахове раслін.
- На сельскагаспадарчых машынах могуць працаваць толькі работнікі з адпаведнай кваліфікацыяй, якія прайшлі медыцынскі агляд, навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы.
- Ні ў якім выпадку да работы не дапускаецца працаўнік у стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення, які не прайшоў інструктаж ці не выкарыстоўвае выдадзеныя сродкі індывідуальнай аховы.
- У работнікаў, занятых на пасяўной, павінны быць медыцынскія аптэчкі для аказання першай дапамогі, сродкі індывідуальнай аховы і спецадзенне, мыццё якога павінна праводзіцца цэнтралізавана.
- Кожны працаўнік, заняты на вясенне-палявых работах, павінен атрымліваць гарачае харчаванне.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
