В Островецком районе завершается первый укос

У чэрвеня асаблівы, саладкава-трывожны водар. Так пахнуць мары. Так пахнуць сны, калі яны прыходзяць да нас у каляровым выяўленні. Так пахнуць свежаскошаныя лугі…

Першы ўкос у раёне завяршаецца. Па стану на 12 чэрвеня травы ляглі ў пракосы на плошчы 10395 гектараў, што складае 81 працэнт ад іх агульнай колькасці. Хутчэй за іншых працуюць на касавіцы корманарыхтоўшчыкі СВК “Варняны” і “Міхалішкі”, якія скасілі па 89 працэнтаў сваіх шматгадовых траў кожны. У СВК “Гудагай” скошана 80 працэнтаў сенакосаў, у СВК “Гервяты” – 76, у саўгасе “Падольскі” – 71 працэнт.






Добры настрой надвор’я, якое на пэўны тэрмін прыпынілі дажджы, гаспадаркі раёна пастараліся выкарыстаць для нарыхтоўкі сена. І першы тут зноў СВК “Варняны”, у кормасховішчы якога трапіла ўжо 449 тон духмянага корму (31 працэнт плана). СВК “Міхалішкі” нарыхтаваў 262 тоны сена, СВК “Гудагай” – 199, СВК “Гервяты” – 193, саўгас “Падольскі” – 134.
Напэўна, пры аптымальным надвор’і насенаваць можна было б і больш, але сельгаспрадпрыемствы раёна асноўную стаўку па-ранейшаму робяць на нарыхтоўку сенажу, якога ўжо закладзена ў траншэі 42 тысячы тон (44 працэнты плана). Хаця той факт, што травы трапляюць у сянажныя ямы ў моцна падсушаным выглядзе, прыводзіць да заніжэння вагі закладзенага сенажу і дадатковых складанасцяў пры яго трамбоўцы.



Лідзіруе на нарыхтоўцы сенажу зноў жа СВК “Варняны” – 12284 тоны (60 працэнтаў плана). Замыкаюць сянажны “табель рангаў” СВК “Гервяты”, у ямах якога пакуль толькі 8096 тон сенажу (33 працэнты).
Усяго да будучай зімоўкі гаспадаркам трэба назапасіць такую колькасць кармоў, каб у пераліку на кармавыя адзінкі іх запас склаў 66392 тоны. Пакуль агульнымі намаганнямі корманарыхтоўшчыкаў нарыхтавана 12356 тон (19 працэнтаў), што ў пераліку на ўмоўную галаву жывёлы складае 5,6 цэнтнера кармавых адзінак (плюс 2,2 цэнтнеры да ўзроўню мінулага года). Дарэчы, гэта пятае месца ў вобласці.



У СВК “Варняны” на ўмоўную галаву нарыхтавана 7,9 цэнтнера кармавых адзінак, у СВК “Міхалішкі” – 6,5.
Травы ёсць. І травы нядрэнныя – трэба толькі не ўпусціць момант і выкарыстаць кармавыя ўгоддзі на “ўсе сто”.

------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.