В Островецком районе приступают к заготовке кормов





З сяўбой хлебаробам сёлета пашанцавала: распачалі рана, адсеяліся хутка. Праўда, заканчвалі сяўбу, лічы, у попел: з-за адсутнасці ападкаў глеба высахла, і за сеялкамі цягнуўся шлейф пылу. У сухой зямлі насенню няўтульна, прынамсі, узыходзіць яно марудна і нядружна. Выгляд кволых парасткаў трывожыў сэрцы аграномаў. А потым пайшлі дажджы – і, як па ўзмаху чароўнай палачкі, ніва зазелянела.

Канешне, з ёй яшчэ процьма працы: падкарміць, прапалоць, апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў, – а на парадак дня выходзіць новы клопат – корманарыхтоўка.
Першым укосам сёлета запланавана скасіць 12820 гектараў сенакосаў. Па стану на 19 мая скошана 205 гектараў – 2 працэнты ад запланаванага. Пры гэтым зялёная маса пакуль выкарыстана ў якасці падкормкі для грамадскага статка. Да нарыхтоўкі кармоў гаспадаркі раёна яшчэ не прыступалі.
У канцы мінулага тыдня начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко і яго першы намеснік Валянцін Часлававіч Далговіч праінспектавалі сенакосы і пашу гаспадарак раёна з мэтай вызначэння ступені іх гатоўнасці да пачатку нарыхтоўкі кармоў.



– З-за недахопу вільгаці і паніжаных тэмператур першай паловы мая травы не вызначаюцца развітай вегетацыйнай масай, – пракаменціраваў убачанае Руслан Мікалаевіч. – Пакуль адпавядаючыя нарыхтоўчым патрабаванням участкі ёсць толькі ў СВК “Варняны”: многакампанентныя травы з добра раскусціўшайся канюшынай і збожжавымі ў фазе выхаду ў трубку. У іншых гаспадарках раёна стан сенакосаў пакуль значна слабейшы.


– Не магу не адзначыць, – дадаў начальнік райсельгасхарчу, – што, як паказаў аб’езд угоддзяў, многія сенакосы Астравеччыны прадстаўлены монакультурай – на іх пасеяны толькі адзін від травы – у той час, як сучасныя сенакосы і паша павінны быць многакампанентнымі – гэта ў разы павышае эфектыўнасць іх выкарыстання і пажыўнасць для грамадскага статка.


– Да прыкладу, у СВК “Гервяты” мы сёння ўбачылі шмат участкаў канюшыны ў монакультуры, – уступае ў размову Валянцін Часлававіч Далговіч. – Прычым на некаторых участ ках яна рэдкая – наўрад ці будзе выкарыстоўвацца ў якасці насенных участкаў. А падсеялі б своечасова збожжавыя травы – і мелі б добрае падспор’е пры закладцы сенажу. У саўгасе “Падольскі” сенакосы, наадварот, прадстаўлены, да прыкладу, купоўкай або райграсам. У той час, як дабаўленне канюшыны дазволіла б не толькі ўзбагаціць пажыўныя вартасці будучага корму, але і дадаткова падкарміць глебу.


– Не магу не падзяліцца і ўражаннямі ад агляду пашы, – сказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу. – На многіх яе ўчастках трэба правесці рэкультывацыйныя работы – аб гэтым сведчаць “купкі”, якія літаральна пакрываюць пашу. І яшчэ… У некаторых гаспадарках не працуе сістэма прагонаў жывёлы – статак пастухі гоняць упоперак пашы, бяздумна знішчаючы травы. Такі падыход, да прыкладу, давялося пабачыць ля фермы “Малюта” (СВК “Гервяты”). І загоны для страўлівання тут адбіваюцца не своечасова – аб гэтым сведчаць выкарыстаныя ўчасткі, на якіх трава выбіта літаральна да голай зямлі.


Нягледзячы на выяўленыя недахопы, кіраўнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Р.М. Сачко адзначыў, што гаспадаркі раёна стараюцца падтрымаць стан пашы ў неабходным “тонусе”: пасля страўлівання праводзіцца падкошванне і падкормка ўгоддзяў мінеральнымі ўгнаеннямі.
Пераважная большасць шматгадовых траў Астравеччыны таксама атрымала мінеральную падпітку. Пры ўсталяваўшымся цёплым надвор’і травы павінны актыўна пайсці ў рост. І гэты момант упусціць нельга.





Стан гатоўнасці корманарыхтоўчай тэхнікі пракаменціраваў галоўны інжынер райсельгасхарчу Уладзімір Іосіфавіч Раманоўскі:


– Не магу сказаць, што сітуацыя з гатоўнасцю корманарыхтоўчай тэхнікі бязвоблачная. Асабліва непакоіць стан імпартнай тэхнікі, запчасткі да якой, па-першае, каштуюць вельмі дорага, а па-другое, на склады гандлюючых фірм яны завозяцца толькі пасля папярэдняй праплаты. Нізкая плацежаздольнасць гаспадарак стрымлівала набыццё неабходных вузлоў і дэталяў, і “Ягуары” доўгі час стаялі ў вымушаным чаканні рамонту. Сітуацыю “разруліў” раён: са сродкаў бюджэту “Сельгастэхніцы” быў выдзелены дэпазіт на набыццё запчастак, тая па меры магчымасці набывае неабходнае і прывозіць на сваю базу, адкуль запчасткі паступаюць у СВК і саўгас. Грошы за іх гаспадаркі будуць аддаваць паступова, на працягу года. І гэтак жа паступова “Сельгастэхніка” будзе вяртаць іх у бюджэт раёна.


Літаральна ў суботу ў раён прыбылі доўгачаканыя запчасткі для корманарыхтоўчых камбайнаў “Ягуар”, якія літаральна праз дзень-два будуць гатовы да выхаду на сенакос.
Першымі плануюць сёлета пачаць касавіцу корманарыхтоўшчыкі СВК “Варняны”.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР
.