Уборочная кампания в СПК "Ворняны" не сбавляет обороты
Варнянцы з ліку тых, хто стартуе першы і не скідае абаротаў з дня ў дзень. Сёлетняя ўборка, як і ў мінулыя гады, – адладжаны механізм, дзе кожны – камбайнер, вадзіцель, сушыльшчык, аграном, бухгалтар, дыспетчар – спраўна выконвае свае абавязкі. Як ніяк у СВК “Варняны” найбольшая ў раёне плошча вырошчвання зерневых і зернебабовых – 4 598 гектараў, з якіх абмалочана ўжо больш за 635 гектараў.Па стану на 31 ліпеня валавы намалот у гаспадарках Астравецкага раёна складае 8 897 тон, а сярэдняя ўраджайнасць – 47,4 цэнтнераў з гектара (у мінулым годзе 45,7).
Жыццё вёскі падпарадкоўваецца рытму ўборкі. На элеватарах і сушылках яно не спыняецца амаль што круглыя суткі – тона за тонай зерне дапрацоўваецца, сартуецца...У СВК “Варняны” зараз працуюць тры зернесушыльныя комплексы: адна – на дровах, дзве – на газе. Як кажуць працаўнікі, дзякуючы якім зерне набывае патрэбную вільготнасць, да канца ліпеня пастаўкі газу былі слабаватымі – гэта звязана з рамонтнымі работамі на газаправодзе – пагэтаму даводзіць зерне да патрэбнай кандыцыі ў вялікіх аб'ёмах не было магчымасці. Затое жнівень цалкам апраўдае сваю назву.
Як адзначыў галоўны аграном СВК “Варняны” Аляксандр Іванавіч Герасім, на ўборцы новага ўраджаю задзейнічаны 18 камбайнаў і 17 адзінак тэхнікі – на адвозе зерня.
Сёлета зерневыя і зернебабовыя пачалі ўбіраць крыху пазней. І справа тут, вядома, у надвор’і. Яно, як капрызлівая дама, хутка мяняе свой настрой: то задажджыць знянацку, то сонейкам адорыць.
У гэты чацвер “караван” тэхнікі СВК “Варняны” выйшаў на ўборку каля 12 гадзін: хлебаробы чакалі, каб падсохлі нівы пасля начнога дажджу. На полі ля вёскі Чэрнішкі працавала шэсць уборачных агрэгатаў.
– Першымі традыцыйна абмалочваем слабейшыя палі, – гаворыць Іван Сцяфанавіч Жвікевіч, камбайнер са стажам, – таму што з-за зрэджанасці раслін або дробнасці зерня збожжа даспявае на іх раней. Пакуль рэкордных намалотаў за змену не атрымліваецца. За дзень убіраем каля 10-12 гектараў. Сёння вось узяліся за трыцікале.
– У мінулыя гады бывала і па 23 гектары “рэзалі” за змену, – далучаецца да размовы памочнік камбайнера Аляксандр Лявонавіч Раўдановіч. – Тут ужо як Бог дасць. Людзі асвоілі новыя тэхналогіі ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур, маюць высокаэфектыўную тэхніку… Вось толькі надвор’ем кіраваць не могуць!
Што тычыцца камбайнаў, то хлебаробы беражліва і паважліва адносяцца да тэхнікі, бы да дзіцяці. Нават прыказка ходзіць сярод “хлебнай” браціі: лянуешся круціць камбайн у майстэрнях, будзеш круціць на полі. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Хлебныя нівы, па якіх летні ветрык прабягаўся, бы па моры, трапяткімі хвалямі, спраўна ссыпаецца ў бункеры зернеўборачных камбайнаў.
Для памочніка брыгадзіра вытворчага ўчастка №1 СВК “Варняны” Алі Віктараўны Язевіч сёлетняе жніво – першае ў працоўным жыцці. Пасля заканчэння Ашмянскага каледжа па спецыяльнасці “Упраўленне ў аграпрамысловым комплексе” дзяўчына па размеркаванні трапіла на Астравеччыну – і не шкадуе.
– Вельмі хвалююся! Першая ж уборка… Парадамі дапамагаюць і галоўны аграном, і брыгадзір, за што я ім шчыра ўдзячна, – гаворыць дзяўчына. – Сёння позна выйшлі ў поле, мокра было. Пачалі ўбіраць азімы трыцікале. У гаспадарцы яго плошча сёлета складае 1 000 гектараў. Галоўнае – каб стратаў не было. Камбайнерскія экіпажы – на гэтым полі працуе шэсць пар – і без мяне добра ведаюць, што кожнае зярнятка – на вагу золата.
Па стану на 31 ліпеня ў СВК “Варняны” абмалочана 14 працэнтаў калгасных ніў. Напалову хлебаробы справіліся з уборкай ячменю, ураджайнасць якога складае 48,5 цэнтнераў з гектара. А трыцікале, якога ўбрана на 60 гектарах варнянскіх ніў, дае 42,5 цэнтнераў на круг. Свайго часу чакаюць і іншыя культуры.
Нягледзячы на тое што важкасць коласу вызначаецца цэнтнерамі на гектар, а вынікі ўборкі – тонамі, за гэтымі лічбамі ўсё ж стаяць людзі, якія, як ніхто, ведаюць цану хлеба.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.












