Темп уборочной кампании задаёт погода
Жніво праходзіць у складаных умовах надвор'я: не хлебаробы, якія гатовы працаваць літаральна суткамі навылет, а безупынныя дажджы задаюць тэмп уборачнай кампаніі. І пры першых проблісках сонца жнеяры выводзяць у поле ўборачную тэхніку, каб абмалаціць саспелую збажыну, каб ніводнае зярнятка не змарнавалася.Па стане на 3 жніўня аграрыі ўбралі больш за 5,5 тысяч гектараў раённых ніў. Самы важкі колас пакуль у СВК “Гудагай”: збожжавыя тут даюць на круг больш за 40 цэнтнераў з гектара пры сярэднераённых 38,7.
Шосты год разам працуюць на ўборцыўраджаю Віктар Станіслававіч Рынковіч і
Андрэй Эдуардавіч Міхайлоўскі
Хоць канчатковыя вынікі ўборкі падводзіць яшчэ рана, зразумела, што сёлетні ўраджай збожжавых і зернебабовых будзе значна меншы, чым летась. У мінулым годзе хлебаробы з аднаго гектара намалочвалі на 12 цэнтнераў больш, чым сёлета.
– Падвяло нас надвор’е, – гаворыць камбайнер са стажам Іван Мар’янавіч Аляхновіч. – Хоць тэхналогіі вырошчвання і догляду за пасевамі зрабілі значны крок наперад – апошняе слова ўсё ж застаецца за прыродай.
– Распагодзілася б! – дадае памочнік камбайнера Мечыслаў Браніслававіч Васілеўскі. – То дажджы, то росы перашкаджаюць развярнуцца напоўніцу!
На сёлетнім жніве ў СВК “Гудагай” задзейнічана 13 збожжаўборачных камбайнаў, якія выйшлі ў поле, прынамсі ў гэтую сераду, толькі пад абед.
Сёлетняе жніво для камбайнера Аляксандра Рыгоравіча Замары –дваццаць першае, а вось для яго памочніка Яўгена Пірага – першае
Адзін з самых вопытных камбайнерскіх тандэмаў – Іван Мар’янавіч Аляхновіч і Мечыслаў Браніслававіч ВасілеўскіПад напорам магутных жатак збажына паслухмяна схіляла галовы, а зярняты новага ўраджаю запаўнялі бункер камбайна.
Нават пры далёкай ад рэкорднай ураджайнасці на гудагайскія зернесховішчы штодзень трапляе 500 тон збожжа, таму сушыльнай гаспадарцы прыходзіцца працаваць на ўсю моц.
– Збожжа трапляецца рознай вільготнасці, – гаворыць аграном-насеннявод СВК “Гудагай” Марыя Станіславаўна Ждановіч. – У залежнасці ад часу сутак і выпадзення ападкаў у ім бывае і больш за 20 працэнтаў вільготнасці. У асноўным прывозяць зерне вільготнасцю 18 працэнтаў, а на выхадзе з сушылкі павінна ўтрымлівацца не больш як 14.
Па словах Марыі Станіславаўны, асноўны клопат – нарыхтоўка збожжа для патрэб уласнай гаспадаркі і для рэалізацыі іншым сельскагаспадарчым прадпрыемствам. СВК “Гудагай” – насенняводчая гаспадарка. На спецыяльнай лініі, якая працуе на ўсю магутнасць, даводзіцца да патрэбнай кандыцыі пшаніца.
А тым часам СВК “Гудагай” актыўна прадае рапс – крыжакветкавы найлепш урадзіў менавіта тут: ён даў на круг па 35,1 цэнтнера з гектара пры сярэднераённых 25.
…Тона за тонай дапрацоўваецца зерне. Гектар за гектарам зжынаецца збажына. Кіламетр за кіламетрам робіць шлях ад ніў да сушылак ураджай-2016.

Мовай лічбаўПа стане на 3 жніўня ў СВК “Гудагай” абмалочана 40 працэнтаў калгасных ніў. Валавы намалот складае 5 595 тон, а ўраджайнасць – 43 цэнтнера з гектара.
Яравы ячмень, які зжаты на плошчы 848 гектары з 930 запланаваных, даў 35,5 цэнтнераў з гектара.
З уборкай азімай пшаніцы гудагайцы справіліся на 10 працэнтаў. Яе ўраджайнасць склала 44,9 цэнтнера з гектара.
Азімае трыцікале, якое ўбрана на 298 гектарах, урадзіла на 45 цэнтнераў з гектара.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.












