СПК "Ворняны" лидирует по кормозаготовке
Канешне, у кожнага свая тактыка: адны марудна запрагаюць, ды хутка едуць, другія імгненна спраўляюцца з вупражжу, а язда атрымліваецца – праз пень-калоду. Касцы сельгаскааператыву “Варняны” адносяцца да тых шчасліўчыкаў, якія не толькі стартанулі першымі, але і змаглі замацавацца ў лідарах сёлетняй касавіцы.Прынамсі, па стану на 26 мая ў СВК “Варняны” скошана 787 гектараў сенакосу, што складае 28 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. У той час як сярэднераённы тэмп складання траў у пракосы дасягае толькі 18 працэнтаў.
Пракосы ў “Варнянах” не ляжаць без догляду: варушылкі, успушвальнікі, граблі і іншыя прыстасаванні варочаюць скошаныя травы, зграбаюць іх у валкі, каб затым іх, у меру “падвяленыя”, падабраў, здрабніў і загрузіў у кузавы корманарыхтоўчы камбайн “Ягуар”. На варнянскіх палетках працуюць два такіх “драпежнікі”, сярэдняя выпрацоўка якіх складае 253 тоны ў дзень.
Парк сучасных механізаваных “косаў” прадстаўлены ў гаспадарцы сямю касілкамі, кожная з якіх за дзень складае ў пракосы ў сярэднім па 16 гектараў сенакосу.
Частка траў выкарыстоўваецца ў выглядзе зялёнай падкормкі грамадскаму статку, але асноўная колькасць зялёнай масы трапляе ў сянажную яму. Першыя тры тысячы тон якаснага сенажу ўжо нарыхтаваны, а гэта – 15 працэнтаў ад за планаванай колькасці. Кожны дзень у кармавыя траншэі СВК “Варняны” трапляе больш як па 500 тон сянажнай масы, на трамбоўцы якой задзейнічаны два магутныя трактары “Амкадор”. За якасцю сенажу і захаваннем тэхналагічных нюансаў яго закладкі пільна сочыць ветэрынарная служба гаспадаркі.
Яшчэ адзін накірунак корманарыхтоўкі – нарыхтоўка сена. У спякотныя сонечныя дні, якімі і радуе, і трывожыць трэцяя дэкада мая, менавіта гэты накірунак корманарыхтоўкі павінен стаць прыярытэтным. Гэта добра разумеюць у гаспадарцы: частка скошаных траў успушваецца, даводзіцца да кандыцыйных патрабаванняў вільготнасці і скручваецца ў рулоны – першыя восем тон сена ўжо трапілі ў сховішча. На падыходзе – чарговыя дзесяць.
У аснове добрых тэмпаў касавіцы – яе правільная арганізацыя: стварэнне рамонтных звенняў, якія ў выпадку патрэбы выязджаюць непасрэдна на сенакос, двухразовае харчаванне работнікаў, занятых на корманарыхтоўцы, забяспечанасць палівам і запчасткамі.
Участкі, з якіх падбіраюцца травы, тут жа атрымліваюць мінеральную падпітку – пры частых дажджах і звышнарматыўнай цеплыні атава не прымусіць доўга сябе чакаць.
----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.



