СПК "Гудогай" лидирует в весенней посевной кампании
Сёлета вясна значна пазней, чым летась, расквецілася кволымі галоўкамі першых красак. І на калгасных палях закіпела работа. Упэўнена крочыць па нівах Яе Вялікасць Сяўба, да якой беларус з даўніх часоў адносіўся з асаблівай пашанай.Першымі ў раёне сваю пасяўную тэхніку вывелі ў поле гудагайцы. Яны, дарэчы, трывала прапісаліся ў лідарах пасяўной кампаніі-2016 і, па сутнасці, задаюць рытм раённай пасяўной.
Па стане на 4 красавіка ў СВК “Гудагай” з яравой сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых культур справіліся на 29 працэнтаў (пры сярэднераённых 15 працэнтах) і засеялі 1 810 гектараў. Насенне пшаніцы апладніла палі на плошчы 217 гектараў, што складае 43 працэнты ад запланаванага. Ячмень пасеяны на трэці адведзенай пад яго плошчы на 273 гектарах, а авёс – на 30 гектарах (15 працэнтаў ад плана).
У многім свае спадзяванні на будучы ўраджай хлебаробы ўскладваюць на надвор’е. А сейбіт СВК “Гудагай” Вацлаў Часлававіч Кандратовіч лічыць, што важкасць коласу залежыць ад чалавека, таму з добрым настроем мужчына сустракае кожны новы працоўны дзень.Агульнымі намаганнямі ў сярэднім за дзень у гаспадарцы засяваецца каля 200 гектараў, што складае 11 працэнтаў ад агульнага плана сяўбы ранніх яравых культур.
– Структура пасяўных плошчаў сёлета асабліва не змянілася, – расказвае галоўны аграном СВК “Гудагай” Андрэй Вайцехавіч Вінча. – Пад яравой пшаніцай будзе занята 500 гектараў, пад ячменем – 860, пад аўсом – 200, пад зернебабовымі – 250 гектараў. Наша гаспадарка – насенняводчая, пагэтаму выкарыстоўваем сваё насенне. Набываем толькі эліту для размнажэння.
Яшчэ адна важная і прыярытэтная задача для аграрыяў, у тым ліку і гудагайскіх, – гэта падкормка. Тут унеслі мінеральную падпітку на 1 324 гектары азімых збожжавых культур, што складае 83 працэнты. Азімы рапс падкормлены на 168 гектарах (37 працэнтаў). Шматгадовыя травы атрымалі “мінералку” на плошчы ў 249 гектараў, а сенакосы і паша – на 271 гектары.
Добрымі тэмпамі ў гаспадарцы ідзе перадпасяўная падрыхтоўка глебы: прыняць насенне гатовы 600 гектараў нівы, што складае 17 працэнтаў ад запланаванага. У цэлым па раёне да сяўбы падрыхтавана 2 920 гектараў.На дапамогу сейбітам, якія шчыра рыхтавалі сваіх “коней” да пасяўной кампаніі, прыходзяць паляводы: яны вызваляюць палі ад камянёў – і пасля іх дарога для магутнага “Беларуса” адкрыта.
– Здаецца, штогод збіраем камяні з поля, а яны ізноў “выплываюць” з нетраў зямлі, – гаворыць загадчык участка №3 Андрэй Іванавіч Калпак. – На гэтым полі хутка пасеем ячмень.
У бункер адной сеялкі змяшчаецца каля 1,5 тоны збожжа. На “Беларусе”, які працуе ў счэпцы з камбінаваным глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам “Амазонія”, Уладзімір Іванавіч Валэйка за адну гадзіну засявае каля 6,5 гектараў.
– Пры такім надвор’і, думаю, хутка завяршым сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых культур, – гаворыць Уладзімір Іванавіч і спрытна заскоквае ў кабіну свайго “Беларуса”, каб прадоўжыць шлях да новага ўраджаю.
--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.









