СПК "Гервяты" подводит итоги 2014-го и ставит задачи на 2015-й

У мінулым годзе “дажыначнай” сталіцай Астравеччыны быў абраны аграгарадок Гервяты, а аднайменны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў якраз падчас уборкі, у жніўні, узначаліў Вячаслаў Фёдаравіч Яроміч.

Пакуль для гервяцкіх аграрыяў не настала другая па гарачыні пара – сяўба, мы папрасілі старшыню СВК “Гервяты” падвесці вынікі мінулага сельскагаспадарчага года і расказаць аб вытворчай праграме па раслінаводству і жывёлагадоўлі на 2015 год.


– Вячаслаў Фёдаравіч, вы ўзначальваеце кааператыў толькі паўгода. Ці вагаліся з прыняццем рашэння заняць пасаду старшыні кааператыва і як ацэньваеце сваю работу за гэтыя шэсць месяцаў?

– Прызнаюся, што пэўны час абдумваў гэты адказны для сябе крок. Да гэтага ў мяне была цікавая работа ў Гервяцкім сельвыканкаме, і яна мне падабалася. Аднак вопыт работы ў розных сферах – і ў міліцыі, і ў сельскай гаспадарцы – даў мне магчымасць прыняць канчатковае рашэнне. Канешне, не апошнюю, а магчыма, галоўную ролю ў прыняцці гэтага рашэння адыграў старшыня Астравецкага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Я зразумеў, што з боку кіраўніцтва раёна будзе дапамога, а таксама магчымасць пераняць вопыт. Нам, безумоўна, ёсць у каго павучыцца.

Ацэньваць работу старшыні кааператыва павінны людзі, якія тут працуюць, і кіраўніцтва раёна.

– У такім разе ацаніце работу сваіх падначаленых – гэта ўжо ваша прэрагатыва?

– Я лічу, што ў нас добрая каманда. Заатэхнічная служба дастаткова моцная, нягледзячы на тое, што ў кааператыве адчуваецца недахоп спецыялістаў, асабліва ветэрынарных ўрачоў і заатэхнікаў. Агранамічная служба таксама працуе на належным узроўні.

Сваю работу імкнуся будаваць на даверы. У мяне да падначаленых ёсць і будуць адпаведныя патрабаванні, таму што ўсю паўнату адказнасці ў першую чаргу нясу я, але і не здымаю яе з галоўных спецыялістаў.

– Мінулы год быў спрыяльным для раслінаводства: намалот зерневых і зернебабовых аказаўся рэкордным. Які задзел на ўраджай зрабілі сёлета?

– У параўнанні з 2014 годам павялічыцца плошча пад збожжавымі культурамі – разам з кукурузай – да 4600 гектараў. Робім стаўку на сельскагаспадарчыя культуры, якія маюць большую рэнтабельнасць: плошча вырошчвання кукурузы на зялёную масу сёлета павялічыцца на 300 гектараў, яравой пшаніцы – на 100 гектараў, а цукровых буракоў – на 50 гектараў. Разам з тым паменшацца плошчы вырошчвання азімага жыта і аўса. Вытворчая праграма па раслінаводству на 2015 год арыентавана на кормавытворчасць. Для таго каб сфарміраваць паўтарагадовы запас кармоў для буйной рагатай жывёлы, вырашана адысці ад аднагадовых траў на карысць кукурузы.

– Які насенневы фонд сфарміравалі да пасяўной?

– З пасяўным фондам пытанняў не ўзнікае: забяспечаны ім пад патрэбнасць. Засталося толькі набыць частку насення элітных сартоў зерневых і зернебабовых культур і гібрыдаў цукровых буракоў. Яравыя збожжавыя культуры будуць пасеяны якасным насеннем, тым больш што з месцамі закупак мы вызначыліся.

– Наколькі гатова да выхаду ў поле тэхніка?

– Уся ўвага зараз сканцэнтравана менавіта на яе падрыхтоўцы. Праблемы, вядома, ёсць і тут, асабліва з запчасткамі для імпартных агрэгатаў. Але гэта пытанне знаходзіцца на стадыі вырашэння. Адчувальную дапамогу нам аказвае сельгастэхніка.

– Адной з прычын хваляванняў кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый па-ранейшаму застаецца  забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі…

– Так, аб запасе паліва гаварыць не выпадае. Усё, што набывае кааператыў, выкарыстоўваецца ў штодзённай працы – галоўным чынам для абслугоўвання жывёлагадоўчых ферм. Аднак прастояў на сяўбе з-за недахопу паліва быць не павінна.

– У адрозненні ад раслінаводства, па вытворчых паказчыках у жывёлагадоўлі некаторыя гаспадаркі раёна ў мінулым годзе спрацавалі з “мінусам”. На вашу думку, па якіх прычынах СВК “Гервяты” апынуўся сярод гаспадарак, якія не выканалі тэмпы росту аб’ёмаў валавай вытворчасці за 2014 год?

– Прычын многа: гэта і нізкая прадуктыўнасць жывёлы з-за мінулагодняга недахопу канцэнтраваных кармоў, і недахопы ва ўзнаўленні статку. За апошнія два-тры месяцы года валавы паказчык выканаць нерэальна, тым больш калі былі ўпушчэнні ў пачатку года. Сёлета перад спецыялістамі жывёлагадоўчай галіны нашага кааператыву пастаўлена задача адсочваць на працягу кожнага месяца выкананне даведзеных планаў. Калі гэта рабіць у дынаміцы штодзень і штомесяц – тады ў цэлым і па году не будзе значных праблем.

За студзень бягучага года тэмп росту аб’ёмаў валавай вытворчасці склаў 116 працэнтаў. Будзем імкнуцца да таго, каб гэты паказчык і надалей знаходзіўся на адпаведным узроўні.

Лічу, што для выканання планаў па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці мяса і малака неабходна прадоўжыць работу па ўдасканаленні прадуктыўнасці дойнага статка, паляпшэнні селекцыйна-племянной каштоўнасці жывёлы і павышэнні генетычнага патэнцыялу статка.

– Ці задаволіла сёлета кармавая база патрэбы грамадскага статка?

– У 2014 годзе было нарыхтавана больш за 26 тысяч тон кармавых адзінак, 44 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, пагэтаму асаблівых праблем з кармамі на фермах і комплексе не ўзнікае. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы залежаць не толькі ад кармавой базы, але і ад умоў утрымання жывёлы. Плануем у будучым увесці адзінку спецыяліста па кармах. Таксама будзем рады бачыць у нашай гаспадарцы ветэрынарных ўрачоў і заатэхнікаў.

– Давайце ад кармоў пяройдзем да іх спажыўцоў…

– Грамадскі статак летась прырос ледзь не на 700 галоў. Таксама мы закупілі цялят, выхад сваіх атрымаўся нядрэнны… Вядома, што павелічэнне пагалоўя – гэта затраты, пэўныя праблемы, але мы ведаем, у якім накірунку рухацца.

Прыкладна з верасня жывёлагадоўля стала даваць неблагі даход гаспадарцы. У жніўні ад рэалізацыі малака мы атрымалі 4100 мільярды рублёў, а на канец года мы мелі больш за 5 мільярдаў рублёў за месяц – прыбаўка адчувальная.

Многа сродкаў і сіл было скіравана на малочна-таварны комплекс “Дайлідкі”. Да прыкладу, валавы надой малака за мінулы год там павялічыўся на 2147 тысяч тон. Калі ў 2013 годзе ад адной фуражнай каровы на гэтым комплексе атрымалі 3646 кілаграмаў малака, то ў 2014 годзе – ужо 6061 кілаграм.

– Аднак у цэлым па гаспадарцы па гэтым паказчыку фермы “змінусавалі” за мінулы год на 208 кілаграмаў.

– У планах на гэты год – актыўная работа па ўзнаўленні дойнага статка. Для гэтага мы збіраемся рабіць рамонт фермы ў Чэхах – зараз там пустуе адзін будынак. Працягваем рамонтныя работы прафілакторыя ў Дайлідках. Павелічэнне пагалоўя быкоў, кароў дазволіць павысіць аб’ёмы валавай вытворчасці мяса і малака. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым хутчэй у нас стабілізуецца сацыяльна-эканамічны стан кааператыва.

– Як ахарактарызуеце работу кансервавага цэха гаспадаркі?

– За студзень 2015 года мы выпусцілі 44000 бляшанак кансерваў – такога паказчыка даўно не было. Кансервавы цэх зараз працуе на максімуме сваіх магчымасцей. Стараемся загружаць яго, таму што даход ад рэалізацыі прадукцыі “закрывае” многія пытанні.

Галоўная задача, якая зараз стаіць перад намі, – захаванне аб’ёмаў вытворчасці ялавічыны, як у кансерваваным выглядзе, так і ў паўфабрыкатным. Акрамя мясаперапрацоўчага, у нас жа ёсць і свой забойны цэх.

– Вы сказалі, што сітуацыя з кадрамі няпростая. Магчыма, яе часткова можна вырашыць з дапамогай жылля?

– Мы максімальна спрашчаем працэдуру продажу жылля работнікам кааператыва. Лічу, што такая нагрузка, як выплата крэдытаў, узятых у банку на яго будаўніцтва, непатрэбна для гаспадаркі. Людзі павінны мець уласнае жыллё і ведаць, што яно належыць толькі ім. Метады затрымання работніка ў гаспадарцы фармуліроўкай “сыдзеш з калгасу, аддасі жыллё” лічу неэфектыўнымі.

– У Беларусі 2015 год аб’яўлены Годам моладзі. Якія ўмовы створаны для маладых спецыялістаў? Ці застаюцца яны ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі?

– Для маладых спецыялістаў, згодна з калектыўным дагаворам, прадугледжаны шэраг даплат і надбавак. Хто хоча працаваць, той працуе незалежна ад узросту. Напрыклад, спецыяліст па ахове працы Павел Альхімовіч, начальнік участка №2 Люцына Эксцяровіч і іншыя.

– Якія асноўныя задачы ставіце на 2015 год?

– Па-першае, павялічэнне пагалоўя грамадскага статка і надояў малака, каб за кошт даходаў ад яго вытворчасці зменшыць запазычанасць кааператыва і выйсці на свае грошы.

Ёсць планы па рэканструкцыі малочна-таварных ферм. А галоўнае – хочацца змяніць адносіны да працы не толькі спецыялістаў, але і радавых работнікаў і прывіць людзям пачуццё гаспадарлівасці. Калі яны будуць адказна ставіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў – вырастуць і вытворча-эканамічныя паказчыкі, і зарплата. Думаю, у перспектыве наша гаспадарка зойме тое становішча, якое яна займала на працягу многіх гадоў, і зноў выйдзе на высокі ўзровень.


------------------------------------------

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.