Совхоз "Подольский" готовится к уборке зерновых

Вось-вось і пачнецца самая адказная для хлебаробаў пара – жніво. І ў саўгасе “Падольскі” асноўнае пытанне, што стаіць на парадку дня, – падрыхтоўка тэхнікі да ўборкі збожжавых.






Сёлета саўгас “Падольскі” не атрымліваў новую тэхніку. Спецыялісты разумеюць, што дзяржаўны-мі прэферэнцыямі, – якой, да прыкладу, стала мінулагодняя рэспубліканская праграма “Лён”, калі на развіццё ільнаводства сельгасаргані-зацыям выдзяляліся сродкі на набыццё насення, угнаенняў, – штогод карыстацца не будзеш. Плануецца, што ўвесь камбайнавы парк гаспадаркі – а гэта 14 адзінак  –  будзе задзейнічаны на ўборцы, пагэтаму задача нумар адзін – падрыхтаваць тэхніку да зернеўборачнай кампаніі.











– Не магу сказаць, што сітуацыя з гатоўнасцю зернеўборачных камбайнаў бязвоблачная. Да жніва тэхніка падрыхтавана на 60-70 працэнтаў, – тлумачыць інжынер-механік Дзяніс Генадзьевіч Караткевіч. – Ёсць пэўныя праблемы з запчасткамі, адчуваецца недахоп падшыпнікаў, элеватараў. Зрэшты, з гаруча-змазачнымі матэрыяламі і палівам таксама не ўсё гладка… Але ў якой гаспадарцы няма сёння праблем з палівам? Спадзяёмся, што да пачатку жніва з дапамогай бюджэтнай падтрымкі і ўласных сіл гэтыя праблемы вырашацца.











На адвозцы збожжа новага ўраджаю ў саўгасе будуць задзейнічаны 12 адзінак тэхнікі: 5 магутных МАЗаў з прычэпамі і 7 ГАЗ-53.


Убіраць ёсць чым, хоць тэхніка і не новая. А вось ці будзе што ўбіраць? Аб гэтым мы запыталі  намесніка дырэктара па раслінаводстве Андрэя Іванавіча Скурата.

– Сёлета перад намі стаіць задача ў аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі ўбраць 3 080 гектараў зерневых і зернебабовых. Азімы клін складае 1 350 гектараў,  яравы – 2 890 гектараў. Пачнём, як і звычайна, з абмалоту рапсу. Калі дазволіць надвор’е, то гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні, – удакладняе Андрэй Іванавіч. – У гэтым годзе азімыя лепшыя, чым яравыя. Свой уплыў, вядома, унесла халодная і засушлівая вясна. А вось лён не апраўдаў надзей – слабаваты...




















“Сінявокі” сёлета займае 300 гектараў саўгасных палеткаў, а маслянічны лён пасеяны на 20 гектарах.


Частка працаўнікоў саўгаса па-ранейшаму занята на кормаўборцы, а іншыя рамантуюць камбайны, прэс-падборшыкі, льнокамбайны… У саўгасе “Падольскі” добра ведаюць, што спадзявацца ў першую чаргу трэба на сябе...

-------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.