Секреты большого молока раскрывают в СПК "Гудогай"

1
Сакрэты «вялікага» малака

З году ў год не здае свае лідарскія пазіцыі СВК “Гудагай” у вытворчасці малака. Калі за пяць месяцаў мінулага года гэтая лічба складала 5 451,4 тоны, то сёлета за такі ж перыяд яна павялічылася на 886,1 тон.

Расказаць пра вытокі “вялікага” малака мы папрасілі галоўнага заатэхніка СВК “Гудагай” Віктара Іванавіча Алёксу.

– Стан жывёлагадоўлі ў нашай гаспадарцы можна ахарактарызаваць станоўча: на пачатак чэрвеня пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 7 653 галавы (“плюс” 525 галоў да 2014 года), з іх – 2 311 кароў.

Сярэднесутачны надой з адной умоўнай каровы зараз складае 20,7 кілаграма малака, а гэта на 2,7 кілаграма больш, чым у мінулым годзе. Павысілася таварнасць малака з 87 да 90 працэнтаў, а яго тлустасць павялічылася на 0,14 адзінак.

Штодзённая вытворчасць малака ў гаспадарцы дасягае 48 тон, а яго рэалізацыя – 44 тоны. Аб якасці прададзенай сыравіны можна меркаваць па яе гатунковасці. За пяць месяцаў бягучага года сортам “экстра” рэалізавана 1 848,8 тон малака, што складае амаль 30 працэнтаў ад агульнай рэалізацыі, вышэйшым сортам – 4 016,8 тон.

Сярод малочна-таварных ферм хочацца адзначыць МТФ “Дравянікі” (загадчыца Т.А. Янкоўская), дзе атрымліваюць у суткі ад адной каровы 21,2 літра (“плюс” 4,1 літра да аналагічнага перыяду мінулага года), МТФ “Палушы” (загадчыца Т.А. Роцкая) – 20,7 літра (“плюс” 2,7 літра).

Грамадская жывёла ўтрымліваецца на двух малочна-таварных комплексах “Малі”, “Германішкі” (на кожным па 600 галоў) і сямі малочна-таварных фермах. Шчыльнасць буйнай рагатай жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў складае 73,3 галавы, у тым ліку кароў 22,1 – і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне.

Жывёла на ўсіх фермах пераведзена на пашавае ўтрыманне, а на МТФ “Ліпнішкі” практыкуецца кругласутачны выпас. Плошча пашы сёлета складае 750 гектараў, у большасці яна адпавядае ўсім патрабаванням. Выдзелена касілка, а за кожнай фермай замацаваны трактар, на якім на пашу пастаянна падвозіцца вада, мінеральная падкормка, мел. На комплексах з мэтай аздараўлення ганяюць на пасьбу кароў апошняга перыяду лактацыі. Рагулі, якія даюць асноўнае малако, атрымліваюць зялёную масу ў якасці дабаўкі да звычайнага сянажна-сіласнага корму.


Мальскі варыянт

Надой малака ад каровы – асноўны паказчык дзейнасці кожнай фермы. На комплексе “Малі” сёлета за пяць месяцаў ад каровы ў сярэднім надаілі 3 304 літры малака, што на 497 літраў больш, чым у мінулым годзе, – гэта лепшы паказчык па гаспадарцы.

– У чым сакрэт “вялікага” малака? – перапытвае мяне загадчыца МТК “Малі” Ганна Вацлаваўна Ушко. – У рабоце ўсяго калектыву, пачынаючы ад даярак і заканчваючы пастухамі і даглядчыкамі. У нас усе імкнуцца працаваць сумленна – і пра гэта сведчыць высокая якасць малака, якое мы здаём на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Шмат залежыць ад заатэхнікаў-селекцыянераў і ветэрынарных урачоў.

Нягледзячы на тое што “гаспадыняй” комплексу Ганна Вацлаваўна стала не так даўно, усе тонкасці і  нюансы жывёлагадоўлі яна ведае добра: працавала тут даяркай, затым – памочнікам загадчыцы.

А вось заатэхнік-селекцыянер МТК “Малі” Вольга Чаславаўна Яцэнка лічыць, што пачатак “вялікага” малака трэба шукаць у прафілакторыі – “яслях” для цялят.

– Тут усё, як і ў дзіцячым садку ці ў яслях: спецыяльны тэмпературны рэжым, схема кармлення… Жывёлу трэба любіць – і яна абавязкова аддзячыць, – дзеліцца сваімі думкамі Вольга Чаславаўна. – Карова пачынаецца з цяляці. Спачатку мы глядзім, як яно расце, набірае вагу – і становіцца цялушкай. Чакаем ад яе цялятка, пасля ацёлу даглядаем больш пільна… З жывёлай працаваць вельмі цікава. Я, напрыклад, у сельскай гаспадарцы 24 гады – і не шкадую, што некалі абрала гэты шлях.

Словы селекцыянера пацвярджае галоўны заатэхнік СВК “Гудагай” Віктар Іванавіч Алёкса. Ён упэўнены, што прадукцыйнасць і здароўе каровы на 95 працэнтаў закладваюцца менавіта тут, у прафілакторыі, пагэтаму ад цялятніц – другіх мам гэтых пярэстых малышоў – залежыць калі не ўсё, то многае.

Дарэчы, на комплексе асвоілі малочнае таксі і актыўна ім карыстаюцца. Тэрмас на калёсах, які разлічаны на 150-200 літраў малака, самастойна разбавіць, пастэрызуе і давядзе да патрэбнай тэмпературы малако, прызначанае для выпайкі цялят. Галоўнае – задаць патрэбную праграму. Тэхналагічныя групы фарміруюцца ў залежнасці ад тэрміну пасля ацёлу каровы і велічыні надою. У перыяд лактацыі каровы ўтрымліваюцца на аднатыпным спосабе кармлення. А дзякуючы сёлетнім багатым травам, рагулі атрымліваюць яшчэ і зялёную падкормку ў поўным аб’ёме.

Сёння на малочна-таварным комплексе “Малі” ўтрымліваецца 1 282 галавы буйной рагатай жывёлы, 600 з якіх – дойны статак, 25 – нецелі, 326 – цялушкі дарошчвання, 88 – цялушкі аднаўлення.

Малады спецыяліст Ганна Грамбоўская працуе на комплексе ветэрынарным урачом другі год. Тонкая, звонкая, празрыстая, і работа ў руках гэтай дзяўчыны спорыцца. Як вы думаеце, за якім заняткам мы заспелі Ганну? За манікюрам! Ды не, не сабе яна яго рабіла, а сваім падапечным рагулям.

– Праблемы з канечнасцямі ў кароў, якія ўтрымліваюцца на малочна-таварных комплексах, досыць распаўсюджаны, – тлумачыць ветурач. – Калі кароўка ходзіць па траўцы, яе капыты счэсваюцца  самастойна. А рагулям, якія знаходзяцца на стойлавым утрыманні, патрэбна наша дапамога. Тулава каровы фіксуецца спецыяльным абсталяваннем для таго, каб можна было зрабіць прафілактычную ачыстку, а па-просту – абрэзку капыт.

Аднак некаторым рагулям дазваляецца раскоша – прагулка па свежай мураўцы непадалёк ад комплексу.

Як адзначыла загадчыца МТК “Малі” Ганна Ушко, на частковае пашавае ўтрыманне з мэтай аздараўлення пераведзены не самыя прадукцыйныя каровы.

– Каровы не благія, – адзначае пастух Сяргей Семянцоў, – Збоеў з падвозам вады ці солі не ўзнікае. Пасля першай дойкі выганяю іх на пашу, а дзесьці ў 17 гадзін заганяю на комплекс.

…Як паказвае вопыт назірання за працаўнікамі малочна-таварнага комплексу “Малі”, сакрэтаў “вялікага малака” некалькі – гэта і кармленне, і догляд, і селекцыйная работа, і, канешне ж, калектыў, дзе ўсе хварэюць душой за агульную справу.


-----------------------------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.