Посев кукурузы доверяют самым опытным механизаторам

Ролю кукурузы ў кормавытворчасці сельскай гаспадаркі цяжка пераацаніць. Спецыялістам яна падабаецца за высокую ўраджайнасць, стабільнасць, тэхналагічную распрацаванасць вырошчвання і высокую энергетычную каштоўнасць. Сярэдняя пажыўная каштоўнасць 1 кілаграма зялёнай масы кукурузы вар’іруецца ад 0,2 да 0,35 і нават вышэй кармавых адзінак. Гэтыя дадзеныя пацвярджаюцца вынікамі заатэхнічнага аналізу сіласу, у якім, як вядома, пажыўнасць за кошт страт арганічнага рэчыва пры закісанні ў сярэднім на 10 працэнтаў ніжэй, чым у зялёнай масе.

Аб'ектыўная ацэнка пажыўнай каштоўнасці кукурузы робіць яе лідарам у прадуктыўнасці, прычым не толькі зерневай часткі, але і зялёнай масы. Па ўраджайнасці зерня “каралева палёў” перавышае азімую пшаніцу на 28, жыта – на 97 працэнтаў. Па атрыманні кармавых адзінак розніца яшчэ большая – адпаведна 33 і 119 працэнтаў. Нягледзячы на самае нізкае ўтрыманне пратэіну ў зерні кукурузы, па сумарнаму збору яго з 1 гектара яна знаходзіцца на адным узроўні з пшаніцай і толькі на 14 працэнтаў саступае гароху і лубіну. Пры вырошчванні на сілас і зялёны корм кукуруза па зборы пратэіну саступае толькі шматгадовым травам – на 10 працэнтаў, пры гэтым у 1,6 раза пераўзыходзячы яе па выхаду кармавых адзінак.



Не дзіва, што пры такіх кармавых вартасцях гэтая культура працягвае сваё трыўмфальнае шэсце па палях Астравеччыны. Прынамсі, яе пасяўная плошча, нягледзячы на высокі кошт насення, пастаянна павялічваецца: калі ў 2012 годзе кукуруза вырошчвалася на 4300 гектарах, то ў 2013 – на 4791, а сёлета да лічбы папярэдняга года даплюсуюцца яшчэ як мінімум 300 гектараў.




У кармавой базе грамадскага статка раёна на долю кукурузы прыходзіцца амаль 50 працэнтаў ад агульнай колькасці кармавых адзінак. Таму і да сяўбы “каралевы” асаблівыя патрабаванні: перадпасяўная падрыхтоўка глебы праводзіцца з асаблівай дакладнасцю, насенне пратручваецца высокаэфектыўнымі пратручвальнікамі, тэрміны сяўбы і глыбіня задзелкі старанна вытрымліваюцца.
Сёлетняя ранняя вясна дала магчымасць земляробам правесці яравую сяўбу без аўральнай спешкі. Падобная сітуацыя і з сяўбой кукурузы – на календары толькі-толькі закончылася першая дэкада мая, а сяўба “каралевы” амаль завяршылася.


НА ЗДЫМКАХ:
Сяўбу кукурузы давяраюць самым вопытным механізатарам. У СВК “Гервяты” гэтым займаецца майстар вышэйшага класа Іван Лісоўскі, у жыцці якога сёлетняя пасяўная – пачэсная трыццаць чацвёртая.
Глебу з дапамогай АКШ-6 рыхтуе Юрый Равака. Пры выдатнай якасці выраўнівання поля дзённую норму механізатар рэгулярна перавыконвае ў 2 – 2,5 разы.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.