Полным ходом идут посевные работы на полях СПК "Гервяты"
Ранняя вясна, якая, здавалася, трывала накрыла наваколле цяплом, усё ж паказала свой непастаянны характар. Як і прадказвалі сіноптыкі, напрыканцы мінулага тыдня прымаразкі прымусілі пахвалявацца не толькі дзетвару, якая, нарэшце, выключыла камп’ютары і вясёлай гурбай высыпала на вуліцу, але і аграрыяў: падчас мінусавых тэмператур аб падкормцы азімых культур давялося забыцца – праўда, толькі на некалькі дзён. З пацяпленнем сельскагаспадарчыя агрэгаты ізноў выйшлі ў поле…
Давайце і мы адправімся па слядах “Расы”, і не толькі, у вандроўку па Гервятах. Але на гэты разне для таго, каб сузіраць велічна-ўзнёслы касцёл і рукатворную прыгажосць вакол яго, а ў эпіцэнтр вясенніх работ – на палі. Тым больш што экскурсавод падабраўся самы кампетэнтны – галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Кірпа.– У структуры вырошчвання культур асаблівых змяненняў не прадбачыцца, – па дарозе ўводзіць мяне ў курс спраў тэхнолаг палёў. – Стаўку робім на эканамічна выгадныя культуры. Да прыкладу, плошча пад цукровыя буракі павялічыцца на 50 гектараў, а кукурузы на зялёную масу – ажно на 340 гектараў. Яравы ячмень зойме 1 430 гектараў, а пшаніца – 600 гектараў. На 140 гектараў зменшым плошчы пад аўсом, а шматгадовыя травы будзем вырошчваць на 783 гектарах у параўнанні з мінулагоднімі 926 гектарамі.
Кароткі маналог Дзяніса Валер’евіча крыху агаломшыў. Чакала, што ён стане тэлефанаваць і ўдакладняць пэўныя лічбы, а выйшла ўсё “ад зубка”, без падглядкі ў нататнік. Адразу відаць: чалавек – на сваім месцы. Гэта пры тым, што для галоўнага агранома СВК “Гервяты” сёлетняя яравая пасяўная толькі трэцяя.
ПАДКОРМКА
Гервятцы ўзначальваюць раённую зводку па падкормцы азімых зерневых культур. Па стану на 25 сакавіка яны справіліся з даведзеным заданнем на 60 працэнтаў – а гэта значыць, што пасевы на 1 147 гектарах атрымалі такую неабходную ў гэты перыяд мінеральную падпітку. Азімы рапс пакуль не падкармлівае ніводная гаспадарка раёна, у тым ліку і СВК “Гервяты”, а вось шматгадовыя травы тут падкормлены на плошчы 478 гектараў, што складае 61 працэнт ад агульнай колькасці. Сенакосы і паша веснавую порцыю “мінералкі” атрымалі толькі на 9 працэнтаў.
Два лёгкія на першы позірк комплексы “Раса” за дзень здольны “распыліць” вадкія азотныя ўгнаенні на тэрыторыі да 200 гектараў.
Дарэчы, з заданнем па нарыхтоўцы арганікі пад яравую сяўбу гервятцы цалкам справіліся: на палі трапіла ўжо 81,3 тысяч тон (96 працэнтаў) угнаенняў.
Прыпынак другі: поле бліз Мацкаў
КУЛЬТЫВАЦЫЯ
Асновай асноў падрыхтоўкі глебы да вясенняй пасяўной застаецца культывацыя, дзякуючы якой патрэбная для ўсходу насення вільгаць не выпараецца, а застаецца ў зямлі. Як прызнаецца заняты на культывацыі глебы механізатар Валерый Генрыхавіч Герасім, за змену апрацоўваецца да 30 гектараў поля – калі не здараецца форс-мажорных сітуацый.
Прыпынак трэці : поле бліз Галіцыі
ПАДСЕЎ ШМАТГАДОВЫХ
У СВК “Гервяты” зараз падсяваюць бабовыя і бабова-злакавыя культуры. Насенне канюшыны і цімафееўкі апладніла 112 гектараў нівы з 614 запланаваных.
Сеялку СПУ-шку і яе “рулявога” мы заспелі падчас абеду. Смачны, а галоўнае – цёплы абед (і першае, другое і трэцяе) прывозяць працаўнікам, ад якіх залежыць будучы ўраджай, проста ў поле.
Прыпынак ЧАЦВЁРТЫ: урочышча каля Гервят і поле бліз Пелегрынды
СЯЎБА
– Пры такім надвор’і ў кароткія тэрміны, без штогадовай спешкі завершым сяўбу ранніх зерневых і зернеба-бовых культур, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – Сёння (24 сакавіка. – Заўв. аўт.) у нас задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты. Калі і надалей усталюецца спрыяльная для пасяўной тэмпература, можна выпусціць і чатыры-пяць сеялак – тады, думаецца, справімся за 12 дзён і прыступім да сяўбы цукровых буракоў і кукурузы і пасадкі бульбы.
Дарэчы, на сяўбе яравых задзейнічаны вядомыя экіпажы: на трактары “МТЗ-3022”, абсталяваным спецыяльнай сеялкай АПП-6, працуе Валянцін Баляслававіч Танковіч, а Іван Генрыхавіч Алітойць засыпае насенне; на энергаёмістым “Джон-Дзіры”, які працуе ў счэпцы з камбінаваным глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам “Амазонія”, у полі шчыруе Эдуард Мілэйша, партрэт якога неаднаразова заносіўся на Дошку гонару Астравецкага раёна і кааператыва.
– Нездарма нашы дзяды казалі: сей авёс у гразь – будзеш князь. Пад гэтай культурай занята ўжо 60 гектараў нівы з 70 запланаваных. А вось цеплалюбівіцу пшаніцу яшчэ не пачалі сеяць, – расказвае галоўны аграном. – Сёлета нас парадавалі і азімыя. Давядзецца перасеяць толькі 126 гектараў рапсу.
Тым больш што і тэхніка, і людзі, са слоў Дзяніса Валер’евіча, да сяўбы яравых цалкам падрыхтаваныя, і з палівам няма ніякіх праблем.
Прыпынак пяты:
“ЗАЛАТОЕ” СХОВІШЧА
Гервяцкая гаспадарка цалкам забяспечана пасяўным матэрыялам. Для сортаабнаўлення і сортазмены набываецца насенне элітных сартоў у Гудагаі, Скідзелі і іншых гаспадарках. А пратручваецца яно па меры неабходнасці: прыкладна 33 працэнты ад агульнай колькасці ўжо падрыхтавана да сяўбы.
Гаспадыня зернясховішча, насеннявод Антаніта Францаўна Дзерван ведае без падказкі спецыяльных таблічак, дзе ляжыць якое насенне.
СВК “Гервяты” – насенняводчая гаспадарка, якая займаецца вырошчваннем насення цімафееўкі, аўсяніцы і іншых траў, а пасля рэалізоўвае яго гаспадаркам праз сістэму “Аблнасентравы”.
– Пратруцілі і падрыхтавалі да пасяўной ужо каля 180 тон насення, – расказвае Антаніна Францаўна. – Для размнажэння сёлета закупім 45,7 тон піваварнага ячменю сартоў “Себасцьян” і “Кангу”.
– Пашанцавала мне з Францаўнай, – далучаецца да размовы Дзяніс Валер’евіч. – Яна – адна з самых вопытных аграномаў раёна…
Мудрасць аксакалаў і энергія маладых спецыялістаў утвараюць той тандэм, які можа зрушыць нават горы. Экскурсія па гервяцкіх нівах яшчэ раз пацвердзіла спрадвечную ісціну: гервятцы трымаюць курс не толькі на хуткасць сяўбы (тэрмінаў ніхто не адмяняў!), але і на якасць будучага ўраджаю.
---------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.











