Полным ходом идёт в СПК "Гудогай" заготовка сенажа

У чэрвеня – асаблівая мелодыка: раніца пачынаецца з пяшчотнага перазвону мірыядаў расінак, што густымі каралямі абселі на травах. А потым, не паспее сонца як след высушыць на лугах “божыя слёзкі”, магутнасць мелодыі ў сотні разоў узрастае – у яе канву ўплятаюць свае галасы шматлікія касілкі, варушылкі, падборшчыкі…

Пасля зацяжных дажджоў пагоркі Ашмянскай узвышанасці для сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на касавіцы, становяцца недасягальнымі. Наступства залевы – вымушаны прастой.

– У празмерна дажджлівыя дні мы спыняем падбор скошаных траў і на раўнінных участках, – удакладняе намеснік старшыні СВК “Гудагай” па раслінаводству Андрэй Вайцехавіч Вінча. – Таму што думаем не толькі аб колькасці, але і аб якасці корму, які нарыхтоўваем. У сянажныя ямы трава павінна закладацца ў падвяленым стане, кідаць туды зеляніну напалову з вадой – свядома страціць якасныя паказчыкі будучага корму.







За якасцю сенажу ў гаспадарцы наладжаны дакладны кантроль – за захаваннем тэхналагічных патрабаванняў яго нарыхтоўкі сочаць загадчыкі ферм і работнікі зааветслужбы. Але на кожны кантроль ёсць кантроль “зверху”: спецыялісты ветэрынарнай службы раёна займаюцца рэгулярным адборам проб сянажнай массы для выяўлення іх якасці.












– Спецыяльным тэрмометрам мы вымяраем тэмпературу сенажу, – расказаў намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Рышард Альбінавіч Турчыновіч. – Калі трамбоўка масы праводзіцца правільна, яна не перавышае 37 градусаў Цэльсія. Калі ж тэмпература вышэй крытычнай – значыць, працэс парушаны і корм “гарыць”.






Трамбоўка сянажнай ямы малочна-таварнага комплексу “Германішкі” адбываецца ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі – аб гэтым сведчаць 29 градусаў, на якія падняўся слупок спецыяльнага тэрмометра падчас вымярэння тэмпературы сенажу.
Корманарыхтоўшчыкі СВК “Гудагай” заканчваюць закладку чацвёртай кармавой траншэі. Балазе, травы сёлета вымахалі – дай Бог!












– Стан сёлетняга сенакосу я вызначыў бы як “крыху лепшы за задавальняючы”, – як і кожны аграном, Андрэй Вайцехавіч не любіць хваліцца. – Валок атрымліваецца нядрэнным. Гэта тычыцца і бабова-злакавых, і злакавых у чыстым выглядзе, і бабовых угоддзяў. Па папярэдніх падліках, запланаваную колькасць сенажу мы зможам пакласці ў ямы яшчэ падчас першага ўкосу.
– А вось з нарыхтоўкай сена сітуацыя больш складаная, – гаворыць аграном. – Што ў пачатку нарыхтоўкі “ўрвалі” ў дажджу – тое і наша. Больш насушыць сена пакуль не ўдаецца. Затое 150 тон сенажу мы нарыхтавалі ў выглядзе закручаных у поліэтылен рулонаў, і якасць, і паядаемасць якіх – вышэй усялякіх пахвал. Хаця, канешне, праблему недахопу сена рулонны сянаж не вырашае. Словам, будзем старацца выканаць даведзенае заданне па нарыхтоўцы кармоў у поўным аб’ёме і асартыменце.






Для аператыўнасці дзеянняў корманарыхтоўчая тэхніка ў СВК “Гудагай” раздзелена на два вытворчыя звяны, у кожным з якіх ёсць касілкі, варушылкі, граблі і па два камбайны для пад’ёму і здрабнення травяных валкоў. За кожным са звенняў замацаваны шлейф тэхнікі для перавозкі травы да месцаў яе трамбоўкі – колькасць трактароў і грузавых аўтамабіляў аптымальная, прынамсі, з-за іх адсутнасці корманарыхтоўчыя камбайны не прастойваюць.



Тэрміны правядзення першага ўкосу сёлета зацверджаны на дзяржаўным узроўні, але з-за частых дажджоў улажыцца ў іх касцам пакуль складана. Але аптымізму яны не трацяць…
Касавіца ў лічбах і параўнаннях...

Па стану на 5 чэрвеня ў гаспадарках раёна першым укосам скошана 6487 гектараў лугоў, што складае 51 працэнт сенакосаў. Для параўнання: у сярэднім па вобласці скошаны 61 працэнт траў. Лідзіруюць на нарыхтоўцы кармоў касцы Гродзенскага раёна, якія склалі ў валкі 85 працэнтаў сваіх сенакосаў, другое месца – у нарыхтоўшчыкаў Ваўкавыска (77 працэнтаў), трэцяе – у Бераставіцы (76 працэнтаў).
У нашых суседзяў –Ашмянскі і Смаргонскі раёны – працэнт скошаных траў складае адпаведна 50 і 44 працэнты.


Сельгаспрадпрыемствы Астравеччыны нарыхтавалі 397 тон сена (5 працэнтаў ад запланаванага), і гэта сярэднеабласны паказчык . У Гродзенскім раёне – 19 працэнтаў, у Ваўкавыскім – 16. Корманарыхтоўшчыкі Смаргоні пакуль не прыступілі да сушкі сена, а іх ашмянскія калегі план нарыхтоўкі “духмянага корму” выканалі на 1 працэнт.


А вось у закладцы сенажу Астравеччына – вышэй абласнога паказчыка: па стану на 5 чэрвеня яе гаспадаркі паклалі ў ямы 25538 тон гэтага віду корму, што складае 27 працэнтаў плана. У той час як у сярэднім па вобласці план закладкі сенажу выкананы на 23 працэнты. У тройцы лідараў Гродзенскі (39), Бераставіцкі (34), Ваўкавыскі і Свіслацкі (па 29 працэнтаў) раёны. Ашмянскі раён выканаў даведзенае яму заданне на 20 працэнтаў, Смаргонь – на 17.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.


p style="text-align: justify;"