По урожайности кукурузы Островецкий район занимает шестое место в области

Кукуруза стаіць асобна ад астатніх культур не толькі дзякуючы сваёй вітаміннасці і ўтрыманню вялікай колькасці пажыўных рэчываў. Аказваецца, вучонымі да гэтага часу так і не знойдзены дзікарослыя продкі гэтай расліны – нібыта яна заўсёды была акультуранай. “Каралева палёў”, як яе называлі ў хрушчоўскія часы, не здольная расці без дапамогі чалавека. Яна не можа размнажацца самасевам і здзічэць як, напрыклад, авёс. Калі ў пару не прыбраць выспеўшы кукурузны пачатак, ён ўпадзе на зямлю і згніе, так і не даўшы патомства.

Менавіта з-за гэтай уласцівасці ацтэкі лічылі гэту расліну дарам багоў. У аграрыяў савецкага перыяду яна называлася не інакш, як “каралева палёў”.

А вось варнянскія земляробы над назвай галавы не ламаюць: буракі – дык буракі, кукуруза – значыць кукуруза, а шчыра працуюць.

“Усё ж дачакалася, сонечная!” – з палёгкай гаворыць галоўны аграном СВК “Варняны” Аляксандр Іванавіч Герасім, бо работы па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу ў кааператыве падыходзяць да свайго завяршэння.





Яшчэ да абеду два кормаўборачныя камбайны і дзесяць адзінак тэхнікі на адвозе масы шчыравалі на полі ля вёсак Бадзівалы і Чыжоўшчызна. А літаральна праз гадзіну там, дзе была кукуруза, засталася толькі пажоўклая пожня. Варнянская “механізаваная брыгада” (да яе яшчэ дадаліся “Амкадор-332” і “ДжонДзір-8420) прыступіла да ўборкі курузы на апошнім, слабадзянскім полі.


Тры кормаўборачныя комплексы з 9 верасня па 28 кастрычніка ўбралі 1060 гектараў, што складае 87% ад агульнай плошчы.  Астатнія 160 гектараў “штурмуюць” “Ягуар” і КЗС, трэці камбайн часова знаходзіцца на рамонце.

– Сёлета было засеяна 1220 гектараў беларускімі сартамі кукурузы “Мел” і “Лювэна”. Планавалася абмалаціць 160 гектараў пад насенневы фонд. Аднак уся кукуруза ў гэтым годзе ідзе на корм жывёле. Нездарма кажуць, што чалавек мяркуе, а Бог куе, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – На сённяшні дзень (28 кастрычніка. – заўв.аўт.) нарыхтавана больш за 30 000 тон кукурузнай масы. Яе вільготнасць складае 65-70% – гэта адпавядае нормам пры закладцы і захоўванні сіласу. У агульнай масе грубых кармоў, назапашаных на зімнестойлавы перыяд, на долю кукурузнага сіласу прыпадае 55% ад агульнай колькасці.

Сіласныя ямы на фермах, якія знаходзяцца непадалёк ад кукурузных палёў, ужо цалкам запоўнены. Пагэтаму, каб не губляць дарма час (ды і працы шкада!), на месцы закладваецца “таблетка”, як гавораць самі механізатары. Да вызначанай часткі поля непадалёк ад дарогі дзевяць трактараў і адзін МАЗ падвозяць здробненую масу. Яна трамбуецца пад цяжарам “амкадораўскіх” і “джондзіраўскіх” колаў. За дзень нарыхтоўваецца ад 700 да 1000 тон сіласнай масы, і “таблетка” вырастае дастаткова хутка.





– Зараз лягчэй працаваць, чым трыццаць гадоў назад. Аб такой тэхніцы, якая ёсць у гаспадарцы, тады можна было толькі марыць. Сіласную яму ці “таблетку” мы закладваем дзесьці за тры дні, – гаворыць механізатар Анатоль Тадэвушавіч Тумінскі, які заняты на трамбоўцы. – А раней на гэта ішоў цэлы месяц, бо тапталі коньмі – можаце ўявіць, якой была якасць гэтага сіласу? Затым на змену прыйшлі гусенічныя трактары, а праз некаторы час – “кіраўцы”.


Зладжаны працэс уборкі кукурузы і яе закладкі ў бурты праходзіць пад кіраўніцтвам галоўнага агранома. У Аляксандра Іванавіча няма нараканняў на працу падначаленых. А вось ураджайнасць кукурузы, на думку галоўнага агранома, магла б быць і лепшай.





– Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы сёлета складае 300 цэнтнераў з гектара, у параўнанні з мінулым годам яна зменшылася на 38 працэнтаў. У іншых гаспа дарках, да прыкладу ў СВК “Гервяты”, ураджайнасць зялёнай масы цягне на 315 цэнтнераў з гектара. Сёлета “не кукурузны” год па ўсёй вобласці. Складана сказаць, з чым гэта звязана… Напэўна, сваю ролю адыгралі многія фактары: і халодная вясна, і засуха, і недахоп угнаенняў падчас пасеву, і праблемы з пастаўкай гербіцыдаў і пестыцыдаў. Нездарма кукурузу называюць “каралевай палёў”. Яна патрабуе асаблівага клопату: перадпасяўная падрыхтоўка глебы праводзіцца з асаблівай дакладнасцю, насенне апрацоўваецца высокаэфектыўнымі пратручвальнікамі,  кукурузу трэба падкарміць і своечасова правесці хімічную праполку ад пустазелля, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – “Каралеву палёў” найлепш ўбіраць у фазе малочна-васкавой спеласці, таму што каштоўнасць і зерневай часткі, і зялёнай масы ў гэты перыяд найбольш пажыўная для жывёлы. Зараз кукуруза цалкам спелая і ўтрымлівае амаль што адну клятчатку. Пасля прымаразкаў, якія былі ў другой дэкадзе кастрычніка, маса зерневай часткі стала меншай.


…Нягледзячы на свой патрабавальны характар і татальную залежнасць ад чалавека, кукуруза не саступае лідарства ў структуры кармоў, нарыхтоўваемых для грамадскага статка, і па-ранейшаму застаецца “каралевай палёў”. Ці ўсё ж такі дарам багоў, як сцвярджалі ацтэкі?















Па стану на 29 кастрычніка гаспадаркі раёна справіліся з уборкай кукурузы на 96% (4831 з 5026 гектараў).


Нарыхтавана больш за 145000 тон кукурузнай масы з 4620 гектараў (98%), ураджайнасць якога склала 314 цэнтнеры з гектара (трэці паказчык у вобласці).

Абмалочана 211 гектараў (65%), з якіх сабрана 1766 тон зерня.

Сярэднераённая ўраджайнасць склала 84 цэнтнеры з гектара (шосты паказчык у вобласці).

------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.