Планы по кормозаготовкам в совхозе "Подольский" обязательно выполнят
У райвыканкаме на красавіцкім пасяджэнні, прысвечаным падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў раёна да нарыхтоўкі кармоў і стварэння трывалай кармавой базы на 2015 год, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко, аналізуючы вынікі мінулагодняй нарыхтоўкі кармоў, адзначыў, што ў саўгасе “Падольскі” фуражу на зімова-стойлавы перыяд было назапашана недастаткова… Можа, касавіца-2015 перакрые мінулагодні “мінус”?Шукаць адказ на гэтае пытанне мы выправіліся на вытворчы ўчастак №1, які не так даўно, да ўзбуйнення гаспадарак, уяўляў сабой увесь саўгас “Падольскі”.
Як адзначыў загадчык участка Леанід Леанідавіч Радзівончык, травы пасля працяглай чэрвеньскай засухі “адпіліся” ў ліпені, пагэтаму сянаж павінен атрымацца дабраякасным і пажыўным.
– Сёлета травы атрымалі патрэбную порцыю “мінералкі” своечасова і ў патрэбных аб’ёмах. Да таго ж тэхніку для кормаўборачнай кампаніі мы падрыхтавалі загадзя, – гаворыць Леанід Леанідавіч. – А мінулагодні промах на корманарыхтоўцы, лічу, крыецца ў недахопе мінеральных угнаенняў і ў несвоечасовасці іх унясення.
Вядома, што наперад пралічыць усе нюансы немагчыма, хоць людзі працуюць добрасумленна. Люба-дорага назіраць за зладжаным звяном у складзе трох кормаўборачных камбайнаў і дзевяці аўтамабіляў, якія на ўсіх парах імчаць да траншэй, дзе, па вялікім рахунку, адбываецца метамарфоза: зялёная маса ператвараецца ў смачны і любімы рагулямі сілас. Галоўнае – прытрымлівацца тэхналогіі закладкі масы і пільна сачыць за тэмпературным і вільготнасным рэжымамі. Гэтую “варту” спраўна выконваюць ветурачы.
Па словах намесніка дырэктара па раслінаводстве Андрэя Іванавіча Скурата, сёлета ім даведзены план нарыхтоўкі сенажу ў 15 157 тон, а сена – 12 тысяч тон. Назапашана ўжо 620 тон сіласу, запакаванага ў поліэтылен, плануецца “закруціць” яшчэ 250 тон зялёнай масы.
– На другім укосе будзе занята меншая колькасць людзей, чым на першым, – адзначыў Андрэй Іванавіч. – Аднак усе даведзеныя па корманарыхтоўцы планы абавязкова выканаем. Больш таго – пастараемся перавыканаць, хоць я з тых людзей, якія не любяць рабіць прагнозы, асабліва калі гэта тычыцца ўраджаю.
-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
