Отставание в производстве молока будет ликвидировано

Хоць свежая трава – спачатку ў выглядзе падкормкі, а пасля і непасрэдна на пашы – паядаецца грамадскім статкам вось ужо месяц, у раённай вытворчасці малака назіраюцца пэўныя праблемы. Дзякуючы росту пагалоўя грамадскага статка, валавы надой малака з пачатку месяца складае 2791,7 тоны, што ў параўнанні з узроўнем папярэдняга года больш на 106 працэнтаў. Але ў сярэднясутачных надоях на карову назіраецца прыкметны “адкат”: у параўнанні з мінулым годам на сённяшні дзень сярэднестатыстычная карова дае амаль на кілаграм менш.

Фактычна толькі жывёлаводы СВК “Гудагай” у надоях на карову дасягнулі мінулагодняга ўзроўню, астатнія гаспадаркі працуюць з мінусам. Самы істотны ён у СВК “Міхалішкі” (–1,3 кілаграма), СВК “Гервяты” (–1,2), СВК “Варняны” (–1,1).
– Прычыны падобнага падзення вытворчасці малака, – гаворыць першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Часлававіч Далговіч, – крыюцца ў праблемах кармавой базы мінулай зімоўкі. На некаторых фермах ледзь не з паловы зімы адчуваўся недахоп сенажу або сіласу, часам – таго і другога. Ды і якасць кармоў прымушала жадаць лепшага. Вынікі пажынаем сёння.
Трэба сказаць, што жывёлаводы раёна своечасова ўзяліся за выпраўленне сітуацыі: у якасці зялёнай падкормкі ў раёне былі выкарыстаны 10 гектараў жыта, 227 гектараў крыжакветкавых культур і 304 гектары шматгадовых. Як толькі дазволіў стан траў, большасць ферм перавяла свае статкі на пасьбу.
Сёння на пашавае ўтрыманне пераведзены 33 фермы раёна (87 працэнтаў ад іх агульнай колькасці). Не выганяюцца на траву толькі статкі малочна-таварных комплексаў, тэхналогія ўтрымання якіх прадугледжвае круглагадовае аднатыпнае кармленне.
Частка гуртоў пераведзена на кругласутачную пасьбу: у СВК “Міхалішкі” – 178 галоў, у саўгасе “Падольскі” – 129. Літаральна заўтра на пасьбу у рэжыме “нон-стоп” часткова пераводзіць свой дойны статак і СВК “Варняны”.
Ёсць упэўненасць, што адставанне ў вытворчасці малака неўзабаве будзе ліквідавана.