Островецкие хлеборобы по темпам уборки занимают двенадцатое место в области
Нарэшце камбайны могуць развярнуцца напоўніцу! Неба, здаецца, пачула малітвы хлебаробаў і перастала паліваць дажджамі, а сонца ўжо паспела падсушыць трапяткія каласы. Кожнай раніцай вясковае наваколле запаўняецца песняй камбайнаў.Па стане на 3 жніўня хлебаробы Астравеччыны абмалацілі 3 100 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае 18 працэнтаў ад іх агульнай плошчы. Па вобласці ўбрана 92 448 гектараў, намалот склаў 444 527 тон.
Па тэмпах уборкі астравецкія жнеяры займаюць 12 месца ў вобласці, аднак сярод паўночных рэгіёнаў яны замацаваліся ў лідарах: у Смаргонскім раёне абмалочана 18 працэнтаў ніў, у Ашмянскім – толькі 4 працэнты.
Валавы намалот склаў 15 046 тон, а сярэдняя ўраджайнасць – 48,5 цэнтнера з гектара. Астравецкія жнеяры з аднаго гектара сёлета намалочваюць на 3 цэнтнеры больш, чым у мінулым годзе. У суседзяў колас менш важкі: у Смаргонскім раёне на круг атрымліваюць 46,7 цэнтнера, у Ашмянскім – 45,2 цэнтнера. У цэлым па вобласці ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур складае 48,1 цэнтнера з гектара.
У лідарах раённага жніва замацаваліся СВК “Гервяты”, дзе абмалочана 23 працэнты збажыны, і СВК “Варняны”, дзе жнеяры абмалацілі 20 працэнтаў калгасных ніў. У СВК “Гудагай” убралі 18 працэнтаў, у СВК “Міхалішкі” – 13 працэнтаў, а ў саўгасе “Падольскі” – 8 працэнтаў.
Крыху больш чым напалову астравецкія жнеяры справіліся з уборкай ячменю. Абмалочана 2 671 гектары. Валавы намалот “вусатага” складае 13 056 тон, а ўраджайнасць – 50,9 цэнтнера з гектара. Найбольш ураджайным ён атрымаўся ў СВК “Гудагай” (55 цэнтераў з гектара).
Азімы рапс абмалочаны на плошчы 1 090 гектараў (52 працэнты), намалот складае 3 755 тон, ураджайнасць 34,4 цэнтнера з гектара. Самы вялікі ўраджай крыжакветкавых у раёне збірае СВК “Гудагай” – 40 цэнтнераў з гектара. На другім месцы замацаваўся СВК “Варняны” – 35,7; на трэцім – СВК “Гервяты” – 32; на чацвёртым – саўгас “Падольскі” – 31,9; з вынікам 30 цэнтнераў з гектара спіс замыкае СВК “Міхалішкі”.
У гаспадарках пачалі ўбіраць пшаніцу, жыта (3 працэнты), трыцікале (11 працэнтаў).
---------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
