Островецкие аграрии приступили к посевным работам
З даўніх часоў пачатак веснавога земляробчага цыклу – сяўба – была ахутана таямнічасцю, а паспяховасць будучага ўраджаю, лічылі сейбіты, у многім залежыць ад надвор’я.Цёплыя сонечныя дні далі старт пасяўной кампаніі-2016. Мы пацікавіліся ў спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін, на якія культуры робяць стаўку аграрыі сёлета, як “лячылі” тэхніку перад яе выхадам у поле і які задзел плануецца зрабіць для фарміравання кармавой базы да зімова-стойлавага перыяду.
Галоўны спецыяліст сектара раслінаводства Данута Станіславаўна Бразевіч:
– Сёлетняя пасяўная кампанія пачалася значна пазней, чым летась. Па стане на 31 сакавіка ў гаспадарках раёна пад яравую сяўбу падрыхтаваны 771 гектар глебы, што складае 4 працэнты ад неабходнага.
Пасяўная тэхніка выйшла ў поле толькі напачатку гэтага тыдня, 28 сакавіка. Спачатку стартанулі гудагайскія сейбіты: у першы дзень зерне пшаніцы яны прыгарнулі ў глебу на 10 гектарах. А зараз сеюць ужо ўсе гаспадаркі.
Распрацавана аптымальная структура пасяўных плошчаў. Адзначу, што зерневая група ў параўнанні з мінулым годам амаль не змянілася. Так, пад ураджай2016 пасеяны азімыя зерневыя культуры на плошчы 7 701 гектар, яравая сяўба складзе 19,5 тысяч гектара: 11,8 тысяч зоймуць зерневыя і зернебабовыя, пад цукровыя буракі будзе адведзена 1,6 тысячы гектараў, пад бульбу – 250, на 6 тысячах гектараў будзе расці кукуруза, у тым ліку на зерне – на 800 гектарах. Традыцыйную беларускую культуру – лён – сёлета па-ранейшаму будуць вырошчваць толькі ў саўгасе “Падольскі”: пад маслянічны лён будзе адведзена 100 гектараў (для параўнання: у мінулым годзе было 20 гектараў). А вось ад вырошчвання даўгунца земляробы гэтай гаспадаркі сёлета адмовіліся.
Папярэдняе абследаванне азімых культур іх гібелі не выявіла. Канчатковае абследванне пасеваў будзе праведзена 5 красавіка.
З восені хімічная праполка азімых праведзена толькі на трэці плошчаў: не хапала гербіцыдаў. Плануецца вясной апрацаваць астатнія 5 126 гектараў.
З нарыхтоўкай арганічных угнаенняў праблем няма: гаспадаркі раёна падрыхтавалі іх на 11 працэнтаў больш, чым планавалі. Найбольш актыўна спрацавалі саўгас “Падольскі” і СВК “Гервяты”. Увогуле ж, на палі вывезена 337 тысяч тон арганікі, што складае 84 працэнты.
Складаная сітуацыя з забяспечанасцю мінеральнымі ўгнаеннямі. Аднак работа ў гэтым накірунку працягваецца. Пад яравую сяўбу ўжо нарыхтавана 2 709,3 тоны мінеральных тукаў – гэта складае 27 працэнтаў ад неабходнага. СВК “Гудагай” забяспечаны на 41 працэнт, СВК “Гервяты” – на 27 працэнтаў.
Але не збожжам адзіным… Перад аграрыямі раёна стаіць задача сфарміраваць паўтарагадовы запас кармоў. Плануецца на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтаваць не менш за 43,9 цэнтнера кармавых адзінак. Для гэтага трэба падсеяць шматгадовыя травы на плошчы ў 2 540 гектараў, перазалужыць 3 170 гектараў лугавых угоддзяў. У мінулым годзе гаспадаркі раёна заклалі насеннікі шматгадовых траў на 490 гектарах – гэта таксама стане добрым падспор’ем.
Начальнік Астравецкай райінспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін Віктар Леанардавіч Бразевіч:
– Падрыхтоўка насення да яравой сяўбы завершана. Пад ураджай 2016 года разам са страхавым фондам у раёне ёсць 3 552 тоны насення зерневых і зернебабовых, у тым ліку 1 157 тон пшаніцы, 1 576 тон ячменю, 472 тоны аўса, 15 тон грэчкі і 332 тоны зернебабовых. Як паказаў лабараторны аналіз, па ўсіх параметрах яно адпавядае патрабаванням Дзяржстандарту і з’яўляецца кандыцыйным. План набыцця эліты складае 207 тон.
Усё насенне яравых культур не ніжэй першай рэпрадукцыі, невялікія “прымесі” насення другой рэпрадукцыі ёсць толькі ў засеках зернебабовых.
У СВК “Гудагай”, адзінай у раёне насенняводчай гаспадарцы, для рэалізацыі падрыхтавана 325 тон насення, што амаль на 17 працэнтаў больш ад запланаванага. Элітнае насенне бульбы сёлета прадстаўлена сортам “Янка”.
Увогуле для пасадкі бульбы ў гаспадарках раёна назапашана 1 150 тон насення. Акрамя гэтага, будзе набыта яшчэ 40 тон эліты.
Насеннем цукровых буракоў гаспадаркі будуць забяспечаны цалкам за кошт паставак з ААТ “Слуцкі цукровы камбінат”.
На працягу доўгага часу асноўнай праблемай была падрыхтоўка насення шматгадовых траў. Гэты год стаў выключэннем: мы маем яго 110,7 тон пры плане 53 тоны, і ўсё насенне кандыцыйнае. Злакавая група прадстаўлена такімі відамі траў, як цімафееўка лугавая, аўсяніца чырвоная і іншыя, а бабовая – канюшынай і люцэрнай. Праўда, патрабуецца другасная дапрацоўка 10 тон траў, але з гэтай задачай мы справімся.

Галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Іосіфавіч Раманоўскі:
– Сёлета, як і ў мінулым годзе, гаспадаркі раёна не набывалі новую тэхніку ў сувязі са складаным фінансавым становішчам. Галоўная задача, якая стаяла перад інжынернай службай гаспадарак: своечасова завяршыць рамонт машын і агрэгатаў і ў аптымальныя тэрміны выйсці ў поле. З гэтай задачай справіліся ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, нягледзячы на тое што ўзніклі пэўныя цяжкасці: сёлета на набыццё запчастак не выдзяляліся сродкі з бюджэту, таму ўсе гаспадаркі раёна набывалі іх за свой кошт.
На сяўбе ў гэтым годзе будзе задзейнічана 30 энерганасычаных трактароў, з якіх 21 – беларускай вытворчасці. Акрамя гэтага, у поле выйдуць 24 камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, зараз завяршаецца рамонт двух з іх. Звычайныя сеялкі выкарыстоўваюцца толькі для падсеву шматгадовых траў. Для падкормкі азімых культур ёсць 7 самаходных энергетычных агрэгатаў, некаторыя з іх, так званыя “Росы”, ужо працуюць у гаспадарках раёна. На ўзбраенні земляробы таксама маюць 21 раскідвальнік мінеральных угнаенняў, 47 культыватараў. На сяўбе цукровых буракоў і кукурузы будуць задзейнічаны 20 сеялак.
Хачу адзначыць, што завяршаецца тэхнічны агляд тэхнікі, а людзі, якія на ёй будуць працаваць прайшлі медыцынскі агляд.
Па папярэдніх разліках для паспяховага правядзення вясенне-палявых работ гаспадаркам раёна спатрэбіцца 1 600 тон дызельнага паліва, 215 тон бензіну і каля 80 тон масла. Для набыцця гаручазмазачных матэрыялаў рашэннем Гродзенскага аблвыканкама адкрыта крэдытная лінія.
Глеба даспела і гатовая прыняць у сваё ўлонне зярняты будучага ўраджаю. І ўпэўнены старт сяўбы-2016 стаў магчымым дзякуючы стараннай працы вясковых працаўнікоў, якія “лячылі” тэхніку, пратручвалі насенне, рыхтавалі сваімі плугамі глебу пад будучы ўраджай… Застаецца пажадаць ім адно: у добры шлях, хлебаробы!
-------------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
