Награды нашли своих героев

На святкаванні Дня моладзі ў Гервятах планавалася ўзнагароджванне лепшых маладых работнікаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў. Толькі на тое яны і планы, каб падпарадкоўвацца пэўным карэктывам: лета – самая напружаная і гарачая пара для аграрыяў.  Аднак узнагароды – Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі – усё роўна знайшлі сваіх герояў – маладых, актыўных і працавітых.


Некалькі разоў на год райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання ладзяць раённыя спаборніцтвы па выніках работы трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў падчас уборкі ўраджаю, вясення-палявых работ, нарыхтоўкі кармоў.

Як адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Францаўна Каспяровіч, менавіта сёлета, у Год моладзі, было вырашана адзначыць работнікаў да 31 года, якія паказалі лепшыя вынікі ў нарыхтоўцы кармоў у сваіх гаспадарках.

– Спецыяльная камісія вызначыла пераможцаў, – адзначыла Ірына Францаўна. – Мы ўлічвалі тэрміны скошвання траў, аб’ёмы, якасць нарыхтаваных кармоў, іх колькасць, а таксама працоўныя і асабістыя якасці маладых работнікаў. Я ўпэўнена, што такія спаборніцтвы не толькі стымулююць працаваць добра і прадуктыўна, але і з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што маладыя людзі сумленна працуюць і дасягаюць пэўных вынікаў ва ўсіх галінах жыццядзейнасці, у тым ліку – і ў сельскай гаспадарцы.

Лепшымі на раённых спаборніцтвах сярод маладых работнікаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў, сталі трактарысты-машыністы з СВК “Гудагай” – Віталь Мілейша і Міхаіл Лашчонак, з СВК “Гервяты” – Андрэй Махонька і Віталь Бучынскі, з СВК “Міхалішкі” – Уладзімір Пільвінскі і Сяргей Сташко, з РУП “Саўгас “Падольскі” – Яўген Крывіцкі і аграном Яўген Янушкевіч. Выдатна сябе паказалі  вадзіцелі СВК “Варняны” Дзяніс Тараш-кевіч і Мікалай Дэнюш. Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй была таксама адзначана работа трактарыста-машыніста КВУП “Астравецкая сельгастэхніка” Анджэя Лапінскага.

Віншуем маладых аграрыяў з заслужанай перамогай! Няхай і другі ўкос стане такім жа ўдалым, як і першы.


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.