На молочно-товарной ферме "Индрубка" работают по принципу индивидуального подхода к животным
Маленькія “малалітражныя” фермы, вядома, ні ў якое параўнанне не ідуць з сучаснымі камп’ютарызаванымі магутнымі, разлічанымі на адначасовае ўтрыманне больш за 700 галоў буйнай рагатай жывёлы комплексамі. Аднак на маленькіх фермах больш цёпла – ва ўсіх сэнсах гэтага слова! – і утульна, і падыход там да жывёлы індывідуальны: даяркі па пысе пазнаюць сваіх малочных карміцелек – а тыя аддзячваюць сваім руплівым гаспадыням надоямі.
Малочна-таварная ферма “Індрубка” СВК “Гудагай” “з вышыні птушынага палёту” можа падацца дзіцяткам у параўнанні з мажнымі комплексамі. Аднак жыццё кіпіць і тут.
На працягу многіх гадоў ферма “Індрубка” лічылася флагманам малочнай вытворчасці не толькі гэтай гаспадаркі, але і раёна: усе жывёлаводы раўняліся на яе надоі. Час на пару з камп’ютарнымі тэхналогіямі ўнёс свае карэктывы ў раённы табель рангаў малакавытворцаў: стаўка зараз на таварныя комплексы.…Пакуль даяркі (а на сучасны лад – аператары машыннага даення) спраўна прыстасоўвалі апараты да вымя каровы, папярэдне старанна вымыўшы яго, а малако цурчэла па трубах у малаказборнік, ля фермы поўным ходам ішла загрузка кармоў. Балазе, тут закладзены некалькі сіласных траншэй, а таксама нарыхтавана пажыўная сянажная маса ў рулонах.
Зараз з кармамі праблем не ўзнікае, застаецца нават так званы “пераходны запас”. Сёлетняя зімоўка, як сцвярджаюць працаўнікі фермы “Індрубка”, пройдзе ў штатным рэжыме: сфарміравана добрая кармавая база.
Рацыён кароў фарміруецца ў залежнасці ад прадуктыўнасці і перыяду пасля ацёлу. У кармушкі да рагуль трапляе сянаж, сілас, здробненая салома, патака і іншыя дабаўкі.Загадчыца фермы “Індрубка” Святлана Раманаўна Паршутовіч працуе на ферме амаль 25 гадоў. Жанчына сама здзівілася, калі агучыла гэтую лічбу.
– Час ляціць так хутка! Здаецца, толькі ўчора прыйшла сюды на працу, – расказвае загадчыца МТФ “Індрубка”. – Паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся: нічога не хачу мяняць – прывыкла да фермы, прырасла да калектыву. Жанчыны добра працуюць, а вось да некаторых прадстаўнікоў моцнай паловы часам узнікаюць прэтэнзіі.
Кармы на ферме раздаюцца па старынцы – уручную. Затое многае іншае, па словах загадчыцы фермы, змянілася ў параўнанні з 1991 годам, калі Святлана Раманаўна ўпершыню пераступіла парог гэтай малочна-таварнай фермы.– Паглядзіце, якія ў нас зараз бытавыя памяшканні – як у гарадской кватэры! – Святлана Раманаўна праводзіць кароткую экскурсію па ферме. – Хоць наша маленькая ферма – дойны статак МТФ “Індрубка” складае 176 галоў – не аснашчана сучасным камп’ютарам, у якім утрымліваюцца ўсе звесткі, пачынаючы ад нумара асабовай біркі і заканчваючы датай апошняга ацёлу рагулі, кожны работнік стараецца сумленна выканаць сваю работу.
Звычайна пра фермы і комплексы для нагляднасці прынята гаварыць мовай лічбаў. На МТФ “Індрубка” за 10 месяцаў бягучага года ад каровы атрымалі 5 265 кілаграмаў малака, што на 364 кілаграма больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Сёння ў сярэднім па ферме з умоўнай галавы надойваюць 14,4 кілаграма малака (плюс 1,4 да 2014 года). Усё малако пастаўляецца перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам.
– “Планка” надояў падымаецца ўсё вышэй. Хто б мог падумаць, што сёння чатырохтысячніцу прылічваюць да няўдачніц? – разважае Святлана Раманаўна. – А мае даяркі – чатыры пастаянныя і адна падменная – скрозь “харашысткі”. Надоі, канешне, не рэкордныя, але ж… Так, Галіна Браніславаўна Івашка за бягучы год надаіла ў сярэднім ад каровы 5 305 літраў (плюс 461 літр да 2014 года), а надоі Таццяны Раманаўны Жукоўскай, Людмілы Раманаўны Цяшкевіч і Галіны Станіславаўны Васілеўскай склалі крыху больш за 5 200 літраў у кожнай.
Надоі па-ранейшаму залежаць ад кармавой базы, догляду і пільнага вока даяркі, якое адразу прыкмеціць, што рагулю “атакавала” нейкая “болька”.На ферме няма штатнага ветэрынарнага ўрача, штодзень ён прыязджае з іншай фермы. Аднак даяркі і самі ўмеюць дапамагчы расцяліцца рагулі. Малышы на працягу 1-2 сутак знаходзяцца побач з мамамі. Цялушкі дарошчвання застаюцца на МТФ “Індрубка”, а бычкі трапляюць на іншыя фермы.
Словам, жыццё на ферме ідзе сваёй размеранай працоўнай хадой...


Раённая жывёлагадоўля мовай лічбаўЗа дзесяць месяцаў бягучага года ў гаспадарках раёна валавы надой малака склаў 489 158 цэнтнераў, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года больш на 13,5 працэнта.
Сярэдні надой малака ад каровы дасягнуў 4 827 кілаграмаў, а гэта на 379 кілаграмаў больш, чым у 2014 годзе.
Самы высокі надой малака атрымалі жывёлаводы СВК “Гудагай”, дзе ў разліку на адну карову надоена па 5 639 кілаграмаў малака. Прыбаўка тут складае 669 кілаграм.
За дзесяць месяцаў 2015 года гаспадаркі раёна прадалі дзяржаве 433 372 цэнтнеры малака, таварнасць якога склала 88,6 працэнта. З разліку на адну карову ў сярэднім па раёне за дзесяць месяцаў рэалізавана 4 338 цэнтнераў малака, сярэдняя тлустасць якога склала 3,72 працэнта.
На вырошчванні і адкорме за бягучы 2015 год валавая прывага буйной рагатай жывёлы склала 45 784 цэнтнеры або 109 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Сярэднясутачная прывага па раёне склала 685 грамаў, што на 12 грамаў больш мінулагодняга ўзроўню.
Самая высокая сярэднясутачная прывага ў вытворчасці ялавічыны атрымана ў СВК “Гервяты” – 727 грамаў (+9 грамаў).
--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
