Лучше один раз увидеть

Адшумела сёлетняе жніво, папоўніўшы дзяржаўныя засекі залатымі зярняткамі. Лічаныя дні засталіся да галоўнага раённага свята «Дажынкі-2014», галоўнымі героямі якога, канешне, будуць хлебаробы – камбайнеры і іх памочнікі, аператары сушыльных установак, вадзіцелі… Адным словам тыя людзі, дзякуючы якім кожны дзень мы маем хлеб і да хлеба.
Сталіцай «Дажынак» на Астравеччыне адзінагалосна былі абраны Гервяты. Пагэтаму мы вырашылі пацікавіцца ў старшыні Гервяцкага сельвыканкама Люцыі Іванаўны Лях аб тым, як змяніўся аграгарадок у сувязі з правядзеннем раённага свята і што чакае гасцей 20 верасня ў гэтым жывапісным куточку Астравецкага раёна.
Варта адзначыць, што ў добраўпарадкаванні Гервят былі задзейнічаны шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы раёна, «закасаўшы рукавы» працавалі і самі гервятцы, бо прымаць на сваёй зямлі раённыя «Дажынкі» – і прыемна, і пачэсна.

– Хуткімі тэмпамі вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, многае зроблена, некаторыя мерапрыемствы знаходзяцца ў стадыі завяршэння, – расказвае Люцыя Іванаўна. – Да прыкладу, ДЛГУ «Астравецкі лясгас» добраўпарадкаваў тэрыторыю каля млына, ТАА «У Полита» прывяло ў належны стан прыдарожную паласу ля пад’езду да аграгарадка, прарэдзіў лесапаласу каля пляцоўкі, дзе будзе праходзіць святочнае мерапрыемства. Дарожна-рамонтным будаўнічым прадпрыемствам заасфальтаваны вуліцы Маладзёжная і Спартыўная, таксама праведзены ямачны рамонт вуліцы Цэнтральнай у Міцюнах, да «Дажынак» будуць завершаны работы па рамонту дарогі ля магазіна СВК «Гервяты», каля кафэ і стаянкі ля лясніцтва. Дзякуючы меліяратарам, «пазелянела» і папрыгажэла большая частка тэрыторыі аграгарадка. Фізкультурна-аздараўляльны комплекс, спартыўная пляцоўка і школьны стадыён падрыхтаваны да правядзення спаборніцтваў. Да ладу даведзены аб’екты інфраструктуры і тэрыторыя вакол іх: паштовае аддзяленне, магазін «Янтарны», будынак амбулаторыі. Варта адзначыць, што падчас «Дажынак», акрамя гандлёвых радоў і выязнога гандлю, будзе працаваць кіёск раённага паштовага вузла сувязі, дзе кожны жадаючы зможа набыць сувенірную прадукцыю.  Ужо зараз (11 верасня – заўв. аўт.) аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі праводзіць конкурс сярод Дамоў культуры на лепшую дэкарацыю (аб’ёмную фігуру) з прыродных матэрыялаў, а сельскагаспадарчыя арганізацыі рыхтуюць традыцыйныя сімвалы «Дажынак» – сноп і каравай. Вынікі будуць падведзены падчас святкавання. Яшчэ адной «ізюмінкай» свята стане надзіманая сцэна ў выглядзе ракавіны, якая будзе замацавана на платформе.
Праграма раённых «Дажынак-2014» абяцае быць насычанай і цікавай і павінна задаволіць любы густ. Прымаўка «лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць» спрацоўвае і тут. Пагэтаму ў суботу, 20 верасня, гайда ў Гервяты!


------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.