Лён уродился хорошим





Напачатку 2014 года вырошчваць лён згадзілася толькі адна гаспадарка ў раёне – саўгас “Падольскі”. І не проста згадзілася, а павялічыла пасяўную плошчу гэтай культуры да 300 гектараў, гэта ўлічваючы мінусавую рэнтабельнасць блакітнавокага ў апошнія гады. “Рызыка”, – казалі некаторыя і не верылі ў поспех, да таго бачачы, што многія гаспадаркі раёна адмовіліся ад вырошчвання льну і перайшлі на больш выгадную ў эканамічным сэнсе культуру – цукровыя буракі. Восень расставіла ўсе кропкі над “і”. Рызыка падальчан цалкам апраўдалася: добры лён урадзіў! Заводы выстаўляюць астравецкаму блакітнавокаму суцэльныя “адзінкі”.

Сёлетняя высокая нумарнасць льнянога валакна, якое потым на дзясятках заводаў ператворыцца ў тканіны, вядомыя далёка за межамі Беларусі, – не можа не радаваць галоўнага агранома Рамана Эдмундавіча Лапату. Хоць, канешне, у большай ступені на яго плячах ляжала адказнасць за вынікі той вясенняй рызыкі.
– Ну а як жа можна было не згадзіцца вырошчваць такую культуру? Не разумею, як пра яе ўвогуле забыліся? Яшчэ з савецкіх часоў лён-даўгунец стала “прапісаўся” ў многіх гаспадарках. Тым больш што зараз Прэзідэнт нашай краіны таксама надае вялікую ўвагу вырошчванню блакітнавокага, – гаворыць Раман Эдмундавіч. – Ведаеце, лён – мая самая любімая культура. А як яго не любіць? Калі нават герб Рэспублікі Беларусь упрыгожаны кветкамі льну. Яго вочкі ўглядаліся ў неба, калі яшчэ жылі нашы прапра. Гэтая спрадвечна беларуская і ўнікальная расліна: з яе робяць самую экалагічную тканіну (ды яшчэ якую!) і неабходны як у прамысловасці, так і ў харчовай галіне алей, які, як сцвярджаюць вучоныя, валодае лекавымі якасцямі.



Магчыма, менавіта праз гэтую любоў (канешне, ніхто не адмяняў працэсы падрыхтоўкі глебы, яе ўгнаення, пасеву, догляду і апрацоўкі расліны) лён аддзячыў падольскаму “гаспадару палёў”?
Дарэчы, алейны лён, які сёлета быў пасеяны на 20-ці гектарах, у саўгасе “Падольскі” вырошчваюць толькі другі год, хоць на тэрыторыі Беларусі ёсць такія гаспадаркі, якія займаюцца гэтай культурай на працягу дзесяццігоддзя. Насенне алейнага льну, у адрозненні ад “дзетак” “брата-даўгунца”, больш буйнае і важкае.



– У гэтым годзе “алейніка” мы ўжо намалацілі 44 тоны. Добра сябе паказаў сорт “Лярына”, ураджайнасць якога складае 22,1 цэнтнера з гектара. Для мяне, напрыклад, – а стаж маёй работы ўжо перавысіў 30 гадоў – гэта рэкорд, – гаворыць адзін з вопытнейшых тэхнолагаў палёў Астравеччыны. – Таксама мы вырошчваем ранні сорт “Ярок” (110 гектараў), сярэдняспелы “Блакіт” (25 гектараў) і позняспелыя “Васілёк” і “Магілеўскі”, але апошні ўжо пакрысе адыходзіць.
З трох соцень гектараў льну каля 130 пойдзе на насенне, астатнія 170 – на трасцу. Каб і ў наступным годзе атрымаць добрую нумарнасць валакна, падальчане ўжо зараз клапоцяцца пра насенневы фонд льну, зярняткі якога даводзяцца да адпаведных кандыцый вільготнасці на сушылцы.



– У нас ёсць карусельная сушыльная ўстаноўка, аднак па сваіх якасцях і магчымасцях яна, канешне, саступае сучасным сушылкам. Пагэтаму ўзнікаюць складанасці, з якімі, я ўпэўнены, мы справімся сваімі сіламі, – працягвае Раман Эдмундавіч. – Да прыкладу, насенневы фонд льну на наступны год складае 30 тон. Каб мінімізаваць затраты на набыццё насення, думаю “падцягнем” за кошт уласнага алейнага льну. Планую, што з 20 гектараў сёлета атрымаем 20 тон.



Ну і, канешне, трасца… Хто ж не памятае, як у школьныя гады цэлымі класамі (ледзьве не ўсёй школай!) едзілі “на бульбу” і падымаць лён. Школьныя заняткі адыходзілі на другі план, а на парадку дня была дапамога сельгаскааператывам. А зараз уздым трасцы ў саўгасе “Падольскі” цалкам механізаваны. Па стану на 4 верасня паднята 66 гектараў трасцы, што складае 22 працэнты ад запланаванага.
Адыход ад ручной працы, калі пальцамі перабіралі сцябло ад сцябла, канешне, уплывае на якасць льну, але без спецыяльнай тэхнікі цяпер, як без рук.
– Зараз назіраюцца жнівеньскія росы, дзякуючы якім атрымліваецца добрая вылежка льну. Пры спрыяльным надвор’і ён гатовы дзесьці праз 15-20 дзён пасля цераблення. Вядома, калі хутка блакітнавокі вылежваецца, яго патрэбна і ўбраць “стаханаўскімі” тэмпамі. У першай дэкадзе і рванём, – гаворыць галоўны аграном.



Узяўшы сабе ў сябра спрыяльнае надвор’е (дзякуй Богу, што не дажджыць!), уборачная тэхніка спраўна выконвае сваю работу. Пасля таго, як па полі “прайшліся” ільнокамбайны, на іх месца заступаюць варушылка і ўспушывацель. Толькі пасля гэтага сямёрка прэс-падборшчыкаў скручвае валакно ў “шпулькі”.



Льняное валакно ў гэтым годзе, дарэчы, як і ў мінулым, падальчане пастаўляюць на Ашмянскі льнозавод, дырэктар якога сам адсочваў якасць. Калі ў мінулыя гады нумарнасць блакітнавокага ледзьве дацягвала да 0,5-0,75, дык сёлетняе валакно без праблем і нацяжак ашмянскімі завадскімі лабарантамі ацэньваецца на цвёрдую “адзінку”.

Не ільном адзіным…
Азімы клін збожжавых саўгаса “Падольскі” сёлета складае 1350 гектараў. Падальчане ўжо пасеялі 120 гектараў азімай свірэпіцы і 400 гектараў азімага рапсу. Хутка пачнецца пасеў збожжавых “на зіму” – а гэта 200 гектараў жыта, 450 гектараў пшаніцы і 700 гектараў трыцікале.

-----------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.