Кукуруза дождалась своей очереди
Ролю кукурузы ў кормавытворчасці цяжка пераацаніць: яе зерне неабходнае цялятам на першых этапах іх жыцця, добры эфект яно дае і пры ўвядзенні жоўтых зярнятак у склад сумесі для дарослай жывёлы, а сілас рагулі ўплятаюць зімой з падвоеным задавальненнем. Нездарма ж кукурузу і называюць адпаведна – “каралева палёў”. Хоць характар у яе, як у царскай асобы, капрызлівы і патрабавальны, кукуруза па-ранейшаму з’яўляецца асноўнай кормастваральнай адзінкай. У агульнай масе грубых кармоў, назапашаных на зімнестойлавы перыяд, на долю “каралевы” прыпадае больш за 60 працэнтаў ад агульнай колькасці.Не кукурузны сёлета год. Але ўлічваючы, што гэтую культуру сеялі, калі на вуліцы яшчэ не было цяпла, і ўбіралася яна ў сілу ў самы пік бездажджоўя, – грэх скардзіцца на “жаўтабокую”. Па стане на 9 кастрычніка, па ўраджайнасці кукурузы Астравецкі раён з 306 цэнтнерамі з гектара займае 3-е месца ў вобласці. Па гэтым паказчыку нашых аграрыяў абышоў толькі Карэліцкі і Воранаўскі раёны.
Сёлета ў Астравецкім раёне пад кукурузу было адведзена 6 138 гектараў: найбольшыя плошчы пад гэтай сельскагаспадарчай культурай у СВК “Варняны” і СВК “Гервяты” – адпаведна 1 570 і 1 568 гектараў. Па стане на 9 кастрычніка, у раёне ўбрана на сілас 2 561 гектар або 43 працэнты. У пачатку табеля рангаў замацаваўся сельскагаспадарчы кааператыў “Гудагай”, дзе зжаты 54 працэнты плошчаў, занятых кукурузай.У апошнія гады ў раёне практыкуецца абмалот пачаткаў. Дарэчы, толькі варнянцы і гервятцы будуць убіраць кукурузу на зерне. А пакуль надвор’е і якасныя характарыстыкі “каралевы палёў” дазваляюць нарыхтоўваць яе на спажыўны сілас, аграрыі працуюць не пакладаючы рук.
На ўборцы кукурузы ў СВК “Варняны” сёмы сезон запар працуе Станіслаў Станіслававіч Кежун, чый партрэт у мінулым годзе быў занесены на раённую Дошку гонару.
– У цэлым кукуруза сёлета нядрэнная, шмат чаго залежыць ад догляду, – расказвае Станіслаў Станіслававіч. – Перадпасяўная падрыхтоўка глебы праводзіцца з асаблівай дакладнасцю, насенне апрацоўваецца высокаэфектыўнымі пратручвальнікамі, кукурузу трэба падкарміць і своечасова правесці хімічную праполку ад пустазелля.
Варнянскія аграрыі з уборкай кукурузы справіліся больш чым на трэць. Сабрана 21 900 тон зялёнай масы, ураджайнасць якой склала 325 цэнтнераў з гектара.
На мінулым тыдні на кукурузным полі ля вёскі Чэрнішкі працавалі два кормаўборачныя камбайны і дзесяць адзінак тэхнікі на адвозе зялёнай масы. Здаецца, ужо і бітва за ўраджай даўно сціхла – але варнянскія працаўнікі, па іх словах, яшчэ не пераходзілі на іншы рэжым работы: працуюць з 8 раніцы да 8 гадзін вечара кожны дзень. Яны добра ведаюць: “каралеву палёў” найлепш убіраць у фазе малочна-васкавой спеласці, таму што каштоўнасць і зерневай часткі, і зялёнай масы ў гэты перыяд найбольш пажыўная для жывёлы.
Магутны “Джон-Дзір” смела ўпіваецца жаткай у кукурузную сцяну і пакідае пасля сябе адну пожню. Затое МАЗы і трактары з прычэпамі на ўсёй хуткасці вязуць зялёную масу да малочна-таварнага комплексу “Кярняны”. Напрыканцы мінулага тыдня тут завяршалі закладку так званай “таблеткі”. Пад цяжарам двух “Амкадораў” кукурузная “зялёнка” паслухмяна трамбавалася – а на вачах літаральна вырастала сіласная “гара”. Па словах механізатара Анатоля Тадэвушавіча Тумінскага, які не першы год у СВК “Варняны” заняты на трамбоўцы зялёнай масы, “таблетку” закладваюць прыблізна за 3-4 дні.
За колькасцю зробленых вадзіцелямі рэйсаў і перавезеных тон здробненай кукурузы і яе вегетацыйнай масы пільна сочаць ветэрынарныя ўрачы.– На 2 кастрычніка перавезена 2 449 тон зялёнай масы, – расказвае ветэрынарны ўрач фермы “Трокенікі” Віталь Іванавіч Кручынскі, які на МТК “Кярняны” вёў на мінулым тыдні ўліковыя запісы. – Яе вільготнасць складае 65-70 працэнтаў, што цалкам адпавядае нормам пры закладцы і захоўванні сіласу.
“Каралева палёў” дачакалася свайго часу: жоўтыя, налітыя сонцам кукурузныя зярняткі разам з “зялёнкай” спачатку будуць “кансервавацца” ў буртах і сіласных ямах, каб пасля трапіць на сталы рагуль у выглядзе смачнага і спажыўнага кукурузнага сіласу.--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.








