Как зимуют животные на фермах и животноводческих комплексах Островецкого района
Кажуць: правярае люты, ці добра чалавек абуты. У гэтым сэнсе сёлетні студзень не быў промахам. Так ціснуў маразком, ды паганяў ветрыкам, што і стогадовы на месцы не ўстаяў – зарухаўся.Для сельскай гаспадаркі моцнае паніжэнне сярэднясутачнай тэмпературы паветра – выпрабаванне на трываласць. Асабліва гэта тычыцца жывёлагадоўлі. З пытаннем: якая сітуацыя назіраецца на фермах і жывёлагадоўчых комплексах раёна? – мы звярнуліся да першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерыя Часлававіча ДАЛГОВІЧА. Вось што ён нам расказаў:
– Неспрыяльныя ўмовы надвор’я раённая жывёлагадоўля перажывае годна. Канешне, пэўныя праблемы час ад часу ўзнікаюць. Найчасцей гэта тычыцца сістэм вадапаення і гноевыдалення, прычым звычайна на новых, не асабліва прыстасаваных да нашых зім комплексах. Але яны вырашаюцца, так бы мовіць, па меры ўзнікнення.
Да прыкладу, на малочна-таварным комплексе “Дайлідкі”, памяшканні якога пакуль яшчэ не стопрацэнтна запоўнены жывёлай, скрэперы для выдалення гною прымерзлі да падлогі. Таму часова скрэперы былі выдалены, а кароў паставілі на подсціл з саломы.
Процістаяць халадам навучыліся на памылках, дапушчаных у папярэднія гады. Да прыкладу, жывёлаводы МТК “Рытань” адразу пасля рэзкага паніжэння тэмпературы паветра перавялі сваіх цялят з халоднага прафілакторыя ў цёплае памяшканне. Так паступілі і на іншых фермах.
Аб тым, што моцны мароз не перарос у ранг праблемы, сведчыць вытворчасць малака – сёння мы атрымліваем у сярэднім ад каровы па 13,7 кілаграма малака, што на 400 грамаў больш мінулагодняга ўзроўню. А на такіх малочна-таварных комплексах, як МТК “Малі” і “Германішкі” надойваюць наогул па 18,2 і 18,5 кілаграма малака на карову адпаведна. МТК “Рытань” атрымлівае ў сярэднім 16,4 кілаграма. Горшая сітуацыя складваецца на МТК “Маркуны”, але не з-за маразоў – хутчэй, з-за праблем селекцыйнага характару.
Падагульняючы вышэйсказанае, магу з упэўненасцю сказаць: мы нармальна падрыхтаваліся да сёлетняй зімоўкі.
--------------------------------------------------
Францішка КРАСКО, фота аўтара.
