Как проходит зимовка на молочно-товарной ферме "Березовка"

ферма березовкаДа радасці дзятвы сёлетняя зіма выдалася снежнай і марознай. На мінулым тыдні слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за пятнаццаць градусаў. І калі чалавек стараўся цяплей апранацца перад тым, як выйсці на вуліцу з цёплага памяшкання, то жывёле даводзілася не соладка.
Даведацца, як праходзіць зімоўка буйнай рагатай жывёлы, мы адправіліся на самы малады ў раёне малочна-таварны комплекс “Беразоўка” СВК “Варняны”, які быў уведзены ў работу два гады назад.

Вадзім Валянцінавіч Герасімовіч, ветэрынарны ўрач Вадзім Валянцінавіч Герасімовіч, ветэрынарны ўрач


Як кажуць дасведчаныя ў жывёлагадоўлі людзі, сучасныя комплексы прыстасаваны для зімоўкі жывёлы пры тэмпературы не ніжэй за мінус 5 градусаў. 21 студзеня з раніцы мароз спыніў рух ртутнага слупка на адзнацы мінус 13.
– Мінулая зімоўка прайшла без асаблівых цяжкасцей, – расказвае памочнік начальніка комплексу Тарэса Нарцызаўна Сянюць. – У сувязі з моцнымі маразамі, якія сёлета трымаліся паўтара тыдня, давялося дадаткова ўцяпляць кароўнікі, таму што памяшканні, дзе ўтрымліваецца жывёла, не ацяпляюцца. У цялятніку быў устаноўлены дызельны генератар.

Святлана Мечыславаўна Астроўская, даярка Святлана Мечыславаўна Астроўская, даярка


– Варта адзначыць, што сістэма гноевыдалення ў гэтыя дні працавала без збояў, а ў паілкі паступала цёплая вада, – да размовы далучаецца заатэхнік-селекцыянер Галіна Аўгусцінаўна Шчамялёва. – На кармавы стол рагуль незалежна ад тэмпературнага рэжыму штодзень трапляе спецыяльна прыгатаваная сумесь з дабаўленнем канцэнтратаў.

Людміла Чаславаўна Маліцкая, даярка Людміла Чаславаўна Маліцкая, даярка


Увогуле МТК “Беразоўка”, як і астатнія тыпавыя комплексы, разлічаны на 777 кароў. Зараз на комплексе ўтрымліваецца 840 кароў, а пагалоўе буйнай рагатай жывёлы складае 1 355 асобін, з якіх 236 – цялушкі дарошчвання і 183 цяляці. У асобным памяшканні ўтрымліваюцца 80 быкоў адкорму.
Дойны статак у залежнасці ад прадуктыўнасці кароў падзелены на групы. У першай – каровы, якія даюць 20 і больш кілаграмаў малака за суткі. Іх рацыён узбагачаецца дадатковай колькасцю канцэнтратаў і кармавых дабавак.

Надзея Іванаўна Бабарыка, даярка Надзея Іванаўна Бабарыка, даярка


Эпіцэнтрам кожнага жывёлагадоўчага комплексу, у тым ліку і МТК “Беразоўка”, з’яўляецца даільная зала, дзе адначасова дояцца 36 кароў, – сучаснае нямецкае абсталяванне “Вестфалія” дазваляе рабіць гэта хутка і якасна.

Святлана Віктараўна Іванова, цялятніца Святлана Віктараўна Іванова, цялятніца


Спачатку на комплексе працавалі ў дзве змены чатыры даяркі. Аднак, каб забяспечваць тэхналогію даення, штат аператараў машыннага даення быў пабольшаны: зараз у адной змене працуюць па тры даяркі. Яны, па словах памочніка начальніка комплексу Тарэсы Нарцызаўны Сянюць, ведаюць свае групы, нягледзячы на тое што дойны статак складае больш за 700 кароў.

Віялета Віктараўна Тамашэвіч, лабарант Віялета Віктараўна Тамашэвіч, лабарант


Назіраючы за зладжанымі рухамі даярак, міжвольна здзіўляешся іх спрыту: кожную карову, якая заходзіць у даільную залу, спачатку трэба здаіць уручную, памыць вымя і апрацаваць кожны сасок, толькі пасля прычапіць прысоскі даільнага апарата. І на гэта ў даяркі ёсць усяго адна хвіліна. Пасля дойкі вымя ізноў трэба апрацаваць спецыяльным растворам для прафілактыкі мастыту.
– Мы халадоў не адчуваем, – усміхаюцца даяркі. – Наша работа пастаўлена на канвеер: здаецца, толькі першую дойку скончылі, як пачынаецца другая.

Гэлена Віктараўна Пяткевіч, цялятніца Гэлена Віктараўна Пяткевіч, цялятніца


На МТК “Беразоўка”, як і на іншых комплексах, практыкуецца трохразовая дойка: першая пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, другая – у 14.00, трэцяя – у 17.00.
Інфармацыю пра кожную карову – звесткі пра фізіялагічны стан, дату апошняга ацёлу, прадуктыўнасць і іншыя – можна знайсці ў камп’ютары. На назе жывёлы замацаваны спецыяльны датчык для распазнавання – рэспондар, а ля вуха – бірка з нумарам.
ферма березовка8Селекцыйная работа на комплексе – важны складнік паспяховасці агульнай справы. Паляпшэнне пароды і прадуктыўных якасцей дойнага статка – асноўны шлях да павелічэння надояў.
– Існуюць пэўныя праблемы з узнаўленнем статка, – гаворыць заатэхнік-селекцыянер Галіна Аўгусцінаўна Шчамялёва. – Аднак мы працуем у гэтым накірунку. Патомству ад малочных кароў надаецца асаблівая ўвага. Многія пазіцыі “закрывае” малады спецыяліст, ветэрынарны ўрач Вадзім Валянцінавіч Герасімовіч.
Пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума Вадзім вярнуўся на Астравеччыну. Пачынаў працоўную дзейнасць на малочна-таварнай ферме “Карвэлі”, а праз паўгода перспектыўнага маладога спецыяліста перавялі на новы жывёлагадоўчы комплекс “Беразоўка”.
– Калі ўрачы спецыялізуюцца на адной галіне, напрыклад, тэрапіі ці хірургіі, то ветэрынарны ўрач спалучае ў сабе ўсе іпастасі, – расказвае Вадзім Герасімовіч. – Гэта і гінекалогія, і лячэнне мастытаў, і суправаджэнне нованароджаных цялят.
У СВК “Варняны” малады ветурач працуе другі год. Умовы працы яго задавальняюць, як і заработная плата, – тым больш што маладыя спецыялісты сельскагаспадарчай галіны атрымліваюць пэўныя прэферэнцыі: даплаты, магчымасць павышаць свой прафесійны ўзровень. Так, Вадзім Герасімовіч зараз завочна атрымлівае вышэй шую адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
Калі за фізіялагічным станам рагуль і іх патомствам пільна сочыць ветурач, то за малаком – лабарант. Віялеце Віктараўне Тамашэвіч, якая нядаўна, пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку, прыступіла да працоўных абавязкаў, дапамагае “разумная тэхніка”: на спецыяльным экране высвечваецца вынік аналізу малака на тлустасць, шчыльнасць і ўтрыманне бялку і антыбіётыкаў.
Кармленне цялят і догляд за імі – прэрагатыва трох цялятніц – Гэлены Віктараўны Пяткевіч, Святланы Віктараўны Івановай і Наталлі Іванаўны Лакуцэвіч. Іх гадаванцы за снежань мінулага года прыбавілі 835 грамаў, а ў сярэднім за 2015 год – 776 грамаў.
Для ўтрымання цялят у належных умовах непадалёк ад кароўнікаў хутка з’явіцца і прафілакторый, пад які абсталююць жывёлагадоўчыя будынкі былой фермы.

Галіна Аўгусцінаўна Шчамялёва, заатэхнік-селекцыянер Галіна Аўгусцінаўна Шчамялёва, заатэхнік-селекцыянер


Тарэса Нарцызаўна Сянюць, памочнік начальніка комплексу Тарэса Нарцызаўна Сянюць, памочнік начальніка комплексу


На МТК “Беразоўка” працаўнікі дакладна не баяцца маразоў. І жывёле тут па меры магчымасцей дапамагаюць перажыць істотнае зніжэнне тэмпературы.

Мовай лічбаў
Валавы надой малака за 2015 год на МТК “Беразоўка” склаў 3 291 тону, у тым ліку за снежань амаль 360 тон малака. Адна фуражная карова за мінулы год дала 5 568 кілаграмаў малака.

--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.