Как правильно вести себя в лесу, чтобы он всегда дарил нам своё богатство
Летам і восенню толькі лянівы не выпраўляецца на “ціхае паляванне” за крамянымі таўстаногімі баравікамі, падасінавікамі, якіх у траве выдаюць чырвоныя і аранжавыя берэцікі; лісічкамі, якія хоць касой касі… Паходзіш гадзіну-другую па знаёмых з дзяцінства мясцінах – глядзіш – кошык ужо ломіцца ад грыбоў. А чаго вартыя чорныя россыпы чарніц там, дзе людзі не паспелі прайсціся “камбайнамі”? Ці пачырванеўшыя і страчаныя самой восенню, як верылася ў дзяцінстве, пацеркі-журавіны?
Лясныя багацці – гэта не толькі карысныя і натуральныя прадукты, але і добрая матэрыяльная падмога для многіх сямей: зімой не будуць лішнімі закатаныя ў слоікі, пасушаныя ці замарожаныя грыбы. А калі верыць людзям, якія ў чарнічнай тэме, за сезон, здаючы ягады, можна зарабіць да тысячы долараў. Мне, збіраючы ягады выключна рукамі, складана ў гэта паверыць. А вось у існаванні “чорных” заробшчыкаў давялося ўпэўніцца і сёлета.
Як правільна сябе паводзіць у лесе, каб ён дарыў нам багацці і сёння, і заўтра, і заўсёды? Чаму на балотах журавіны знікаюць, не паспеўшы пачырванець? Якое пакаранне чакае ягадных “камбайнераў”? На гэтыя і не толькі пытанні мы шукалі адказы ў спецыялістаў Астравецкага лясгаса і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.
Грыбы: выкручваем ці зразаем?
Колькі грыбнікоў – столькі ж і меркаванняў на гэты конт. Адны сцвярджаюць, што трэба выкручваць, іншыя – за зразанне.
– Да гэтага часу вучоныя-міколагі – спецыялісты па грыбах – вядуць спрэчкі па гэтым пытанні, – расказвае інжынер па ахове і абароне лесу Астравецкага лясгаса Андрэй Аляксандравіч Шыкавец. – Паводле апошніх даследаванняў, грыбы лепш асцярожна выкручваць (ні ў якім разе не вырываць!), чым зразаць. Лічыцца, што пры зразанні застаецца частка грыбнога цела, якая ў далейшым загнівае і можа прывесці да пашкоджання грыбніцы. Аднак нічога страшнага не бачу ў тым, калі вы будзеце акуратна рэзаць грыб пад корань.
Вытрымка з правілаў нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання, зацверджаных Мінлясгасам:
“Каб пазбегнуць парушэння грыбніцы, грыб неабходна зрэзаць нажом ля яго асновы ці асцярожна выкруціць без парушэння лясной падсцілкі.
Разграбанне лясной падсцілкі з мэтай збору грыбоў, асабліва лісічак, забараняецца.”
Што чакае парушальнікаў?
Штраф да 20 базавых велічынь
Карысна ведаць
Грыбныя міфы
Залатога правіла – ніколі не бяры ў кош невядомы грыб – я прытрымліваюся ўсё жыццё. Найбольш папулярныя грыбныя міфы, якія склаліся ў грамадстве, каменціруюць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Міф 1. Насякомыя не харчуюцца грыбамі.
Арганізм чалавека моцна адрозніваецца ад насякомага, і тое, чым харчуецца слімак, можа несці смяротную небяспеку для чалавека.
Міф 2. Яд з грыбоў выдаляецца з дапамогай працяглага кіпячэння.
Яды большасці грыбоў тэрмаўстойлівыя. Памятайце, што ніякае кіпячэнне не ператворыць паганку ў апеньку.
Ці прабіў ягадны час?
Як паказвае штогадовая практыка, пакуль дачакаешся, калі можна збіраць тыя ж журавіны, – іх ужо няма. Чаму на грыбы можна “паляваць” у любы час, а для кожнай ягадкі існуе свой тэрмін збору?
– Для збору грыбоў не існуе абмежаванняў па часе, – тлумачыць начальнік Астравецкай райіспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Анатоль Казіміравіч Цэйка. – Тэрміны для збору некаторых відаў ягад устанаўліваюцца ў залежнасці ад раёна і вобласці. Так, напрыклад, на Віцебшчыне ягады паспяваюць пазней, чым у нас – адпаведна, і тэрмін іх збору будзе пазнейшым. Такія меры спрыяюць захаванню прыроднай разнастайнасці і засцерагаюць ягаднікі ад пашкоджанняў.
Што чакае парушальнікаў?
Адміністрацыйная адказнасць і штраф да 20 базавых велічынь. За кожны сабраны раней часу кілаграм ягадаў давядзецца заплаціць 2,2 базавыя велічыні.
ВАЖНА!
З гэтага панядзелка можна збіраць брусніцы, а журавіны – толькі з 5 верасня.
Чарнічнае “жніво”
Калі заходзіць размова пра збор чарніц, людзі падзяляюцца на два непрымірымыя лагеры: адны выступаюць супраць збору ягад з дапамогай самаробных прыстасаванняў, так званых “камбайнаў”, другія актыўна гэта робяць, спасылаючыся на прыклад скандынаўскіх краін, дзе ягады такім спосабам нарыхтоўваюць у прамысловых маштабах.
– Правіламі збору другасных лясных рэсурсаў забаронена збіраць ягады з дапамогай самаробных прыстасаванняў. Пры такім зборы пашкоджваецца чарнічнік і яго карнявішча, а расліна становіцца нежыццяздольнай. Магчыма, яна і будзе пладаносіць, але ўраджайнасць знізіцца ў некалькі разоў, – тлумачыць інжынер па ахове і абароне лесу Астравецкага лясгаса Андрэй Аляксандравіч Шыкавец. – Прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для збору ягад у Фінляндыі ці Швецыі, у адрозненні ад нашых так званых “камбайнаў” і грабёнак, ліцэнзаваныя, і такім прамысловым зборам займаецца чалавек са спецыяльнай адукацыяй і ведамі. У нас жа зрабілі, хто як прыдумаў – і давай “драць” ягады напалову з ягаднікам.
З пачаткам ягаднага сезону лясная ахова сумесна са спецыялістамі райіспенкцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя праводзіць рэйды.
– Часам трапляюцца асабліва жорсткія парушальнікі, якія з коранем вырываюць ягаднік. Быў выпадак, калі ягаднага “камбайнера” вылічылі па гуку. Увогуле за бягучы год складзена больш 15 пратаколаў, – апераджаючы мае пытанне, працягвае Андрэй Аляксандравіч. – Як мы “ловім” парушальнікаў? У гэтым лясной ахове дапамагаюць фота- і відэакамеры. Пры сустрэчы нядобрасумленныя зборшчыкі настойліва, што збіралі ягады рукамі. Аднак пасля прад’яўлення доказаў прызнаюць сваю віну.
Што чакае парушальнікаў?
Давядзецца заплаціць штраф і кампенсаваць нанесеную прыроднаму асяроддзю шкоду.
Як у лесе “не наламаць” дроў
Сельскія жыхары, да дамоў якіх яшчэ не падведзены газ, могуць не толькі заказваць дровы, але і самі нарыхтоўваць драўніну. Як павінна выглядаць лесасека пасля высечкі – быць ідэальна чыстай ці, наадварот, захламленай – ведаюць не ўсе.
– Мы працуем па міжнародным стандарце FSC, які прадугледжвае эколагаарыентаванае лесакарыстанне: не высякаюцца дуплістыя дрэвы, пакідаецца біягрупа дрэў ля мурашнікаў, – расказвае начальнік аддзела лясной гаспадаркі Алег Алегавіч Бондзікаў. – У апошні час змяніўся погляд на ачыстку лесасекі. Людзі павінны разумець, што лес – гэта не парк, а трухлявыя ствалы, дуплы – асяроддзе існавання многіх відаў грыбоў і лішайнікаў, таму пры суцэльнай высечцы заўсёды застаюцца некранутымі ад 5 да 10 дрэваў на гектар (?).
Тым, хто жадае самастойна нарыхтаваць драўніну ў лясгасе, таксама давядзецца выконваць патрабаванні еўрапейскага сертыфікату. У білеце і ордэры будзе прапісаны канкрэтны від ачысткі лесасекі. Пасля высечкі дрэў давядзецца сабраць галлё ў кучы ці здрабніць яго.
Важна
Пры наведванні лесу не забывайце пра пажарную бяспеку: выкінуты акурак ці запалка могуць стаць прычынай ляснога пажару.
Браты нашы меншыя
З кожным годам жывёл, птушак і раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, становіцца менш.
На Астравеччыне сустракаюцца “чырвонакніжныя” барсук, шэры журавель, чорны бусел, растуць ласняк Лезеля, баранец звычайны, купальніца еўрапейская. Усе гэтыя і іншыя віды ахоўваюцца законам. І кожнаму, хто любіць збіраць лясныя букеты, хочацца параіць: перш, чым рваць былінку ля дарогі, прыгадайце Чырвоную кнігу і змешчаны ў яе пачатку “чорны спіс” зніклых відаў – і падумайце, ці сапраўды гэта вам патрэбна.
Калісьці цэлае поле купальніц, далікатных жоўтых ружачак, расло за вёскай, дзе жылі мае бабуля і дзядуля. Мясцовыя жанчыны цэлымі абярэмкамі насілі вырваныя з коранем расліны “на лякарства”. Праз некалькі гадоў ніводная ружачка там не зацвіла.
Помніце!
- Калі вы ўбачылі дзіцянят дзікіх жывёл, ні ў якім выпадку не гладзьце і не бярыце іх на рукі.
- Нельга наведваць паляўнічыя ўгоддзі са спушчаным з павадка сабакам.
Думаю, вы пагодзіцеся са мной: гэта правільна, што несумленных зборшчыкаў ягад і грыбоў чакаюць немалыя штрафы. Вось толькі пытанне – калі, нарэшце, нашы людзі будуць з павагай адносіцца да лесу і баяцца не штрафаў, а таго, што тыя ж ягады ці рэдкія расліны могуць проста знікнуць і нашы ўнукі не будуць ведаць смаку чарніц ці гаючых уласцівасцей журавін – застаецца без адказу. Нехта скажа, што лясных дароў хопіць на ўсіх. Але калі чалавек і далей будзе так ставіцца да лясных багаццяў, то што пакінем нашчадкам? Жоўтых ружачак, купальніц, маёй дачцэ ўжо не хапіла...
