Гудогайцы лидируют в посевной

Сёлетняя вясна, ранняя і нецярплівая, вылезла першацветамі на яшчэ шэрых і цьмяных прысядзібных клумбах; затаілася ў набрынялых і сонных пасля зімы пупышках дрэў; прыхавалася сярод птушак, якія стройнымі клінамі вяртаюцца з выраю на радзіму. Дзень пабольшаў, цягнецца ўгору слупок тэрмометра – не толькі прырода, але і чалавек вылазіць з зімняй летаргіі: вясна дала ўпэўнены старт пасяўной-2015. На якой з году ў год – гудагайцы ў ліку лідараў.





Адна з самых напружаных сельскагаспадарчых кампаній – сяўба. Здавалася б, за доўгія зімнія дні да дробязяў спланаваны і вывераны агранамічныя карты, улічаны кожны лапік зямлі, вызначаны аб’ёмы ўнясення мінеральных угнаенняў – збояў быць не павінна. І ўсё роўна адольвае хваляванне...


Асноўны клопат агранома, асабліва калі ён працуе ў гаспадарцы, якая спецыялізуецца на элітным насенні, –  быць, што называецца, у эпіцэнтры пасяўной. Вось і Андрэя Вайцехавіча Вінчу ў гарачыя веснавыя дні злавіць амаль што немагчыма.





– Няма часу размаўляць, – коратка адказаў галоўны аграном СВК “Гудагай”. – Пад’едзьце самі і паглядзіце: зараз сеем каля Індрубкі і на лошскім участку.


Пад пільным вокам загадчыцы вытворчага ўчастка №4 Наталлі Генрыхаўны Безляповіч на індрубскім полі кіпіць работа: тут працуе больш за 20 чалавек і восем адзінак тэхнікі.

– Учора (18 сакавіка – заўв. аўтара) пачалі сеяць пшаніцу суперэлітнага сорту “Васіліса”. На нашым участку ёй будзе занята 100 гектараў, – расказвае Наталля Генрыхаўна. – Пасяўныя агрэгаты выйшлі ў поле адразу пасля праходжання тэхнічнага агляду. За палову ўчарашняга дня паспелі засеяць 17 гектараў. Сёння плануем павялічыць гэтую лічбу амаль удвая.





– Акрамя гэтага, падсяваем шматгадовыя травы, у прыватнасці, чырвоную канюшыну, – да размовы далучаецца памочнік брыгадзіра Вольга Антонаўна Хількевіч, якая за гады сваёй працы кожны лапік зямлі зведала, як свае пяць пальцаў. – Адна СПУ-шка за дзень абыходзіць каля 7 гектараў... Думаць трэба і пра хлеб, і пра корм для жывёлы.






Правільная арганізацыя працоўнага працэсу – а гэта і папярэдняя апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, і тэхналогія падрыхтоўкі глебы, і ўнясенне мінеральных угнаенняў у адпаведнасці з картаграмамі забяспечанасці глебы пажыўнымі рэчывамі – вызначае тэмпы пасяўной.


Пагэтаму нават каласныя будаўнікі падчас сяўбы змянілі кваліфікацыю і прыйшлі на дапамогу сейбітам: збіраюць камяні, якія штогод вылазяць на паверхню.

Акрамя пасяўных агрэгатаў, на полі працуюць культыватары, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Так, вадзіцель МАЗа за дзень робіць два рэйсы ў Германішкі і назад, каб прывезці каля 8 тон белых, як снег, спажыўных азотных дробак: каб кожнае кінутае ў пульхную глебу зярнятка не змарнавалася, а прарасло калівамі новага ўраджаю.





– З насеннем перабояў няма – усё сваё, гудагайскае, – гаворыць сейбіт Уладзімір Іванавіч Валэйка. – У бункер сеялкі змяшчаецца каля 1,5 тоны збожжа, якое магутны “Беларус 3022” літаральна за дзве гадзіны рассявае на плошчы каля 6,5 гектара. Сёння, думаецца, адолею 30 гектараў.






Гудагайцы, па сутнасці, задаюць рытм раённай пасяўной. Часу на прамаруджванне няма: кожны земляроб разумее важнасць сітуацыі – што (а галоўнае – як!) пасееш, тое і пажнеш. Тым больш, што не трэба адрывацца ад працэсу, напрыклад, на абед: смачныя і салідныя порцыі прывозяць на поле. Пад’еў – і зноў за працу…


За яравымі збожжавымі і зерне-бабовымі культурамі надыдзе чарга цеплалюбівай кукурузы, другога хлеба – бульбы і цукровікаў.

– Сёлета значна раней прыступілі да пасяўной, чым у мінулым годзе: глеба паспела рана, – паказвае на поле Вольга Антонаўна. – Сеем у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі.

Што тут яшчэ можна дадаць? Хто рана ўстае – таму і Бог дае… добры ўраджай!

Аляксандр Генадзьевіч Рудзеўскі папаўняе “лейку”

Іосіф Раманавіч Макарэвіч на падвозцы ўгнаенняў






У раённай пасяўной збожжавых гудагайцы трымаюць лаўры першынства. Па стану на 19 сакавіка СВК “Гудагай”  з планам яравой сяўбы ў 1910 гектараў справіўся  на 11 працэнтаў. На гэтую дату яравая пшаніца  пасеяна на 133 гектарах, а ячмень –  на 77 гектарах.

--------------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.