Гостей районных "Дожинок" встречали в Ворнянах

дожинки в ВорнянахСпявала на розныя галасы, шумела вірлівым людскім натоўпам, усміхалася шматлікімі рамесніцкімі вырабамі гістарычнае сэрца Варнян – плошча, дзе ў мінулую суботу разгарнулася святкаванне раённых “Дажынак”. Нават бесперапынны дождж не напалохаў вяскоўцаў і людзей, якія прыехалі з розных куточкаў Астравеччыны, каб разам адзначыць галоўнае свята працаўнікоў вёскі.

дожинки в Ворнянах1Гонар прымаць гасцей з усяго раёна на сваёй зямлі Варняны сёлета цалкам заслужылі: аднайменны кааператыў прызнаны лепшым сярод гаспадарак раёна на ўборцы збожжавых і зернебабовых, “з варнянскіх” – і лепшыя камбайнерскія экіпажы Астравеччыны…
Папрыгажэўшае мястэчка хлебасольна вітала гасцей на раённых “Дажынках”.
Нос казытаў прыемны водар юшкі і шашлыкоў, якія можна было набыць у палатцы СВК “Варняны”. Гандлёвыя рады зазывалі пакупнікоў цёплымі шкарпэткамі і валёнкамі, плеценымі з лазы кошыкамі і скрынкамі, рознакаляровымі пеўнікамі і ружамі. Са сцэны ліліся музыка і песні, гучалі шчырыя словы віншаванняў і ўдзячнасці працаўнікам сельскай гаспадаркі.
дожинки в Ворнянах2Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук павіншавала з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці – працаўнікоў вёскі і ветэранаў працы. Яна пайменна адзначыла лепшых хлебаробаў, вадзіцеляў, даярак, жывёлаводаў і падкрэсліла, што іх праца заслугоўвае самых высокіх пахвал.
дожинки в Ворнянах3У сваю чаргу і галоўны аграном СВК “Варняны” Аляксандр Іванавіч Герасім выказаў словы ўдзячнасці работнікам гаспадарак раёна, а таксама запэўніў, што на наступны год варнянскія хлебаробы пастараюцца палепшыць унёсак гаспадаркі ў раённы ўраджай.
Ксёндз-пробашч касцёла святога Юрыя Павел Звяжынскі шчыра памаліўся за хлебаробаў і прысутных на свяце.
дожинки в Ворнянах4Пакуль лепшыя артысты і калектывы раёна радавалі людзей сваімі галасамі і вясёлымі песнямі, а паэты – вершамі, камісію, у склад якой увайшлі прадстаўнікі раённай улады, райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў, чакала нялёгкая задача – вызначыць лепшы падворак і “воз дастатку”.
А паглядзець было на што! Гаспадар і гаспадыня саўгаса “Падольскі” гасцінна сустрэлі камісію і пачаставалі гарачай і духмянай юшкай і іншымі прысмакамі. Гервятцы віталі гасцей шыкоўна сервіраваным сталом, латарэяй і аўтарскімі прыпеўкамі пра кожнага спецыяліста гаспадаркі. Чаго вартае хоць бы чатырохрадкоўе пра начальніка кансервавага цэха!

Валентин Петрович наш
Спорил все с буренками:
Молока ему не дали –
Обозвал «тушенками».


Варнянскі падворак і хата ўразілі сваёй аўтэнтычнасцю. На сценах хаткі віселі старыя фотаздымкі, а на ложку, засланым даматканым дываном, скруціўшыся ў клубок, спаў кот і ніякай увагі не звяртаў на каўбасы і паляндвіцы, якія падсыхалі на жэрдцы. Госці адведалі традыцыйныя беларускія стравы – клёцкі, кішку, квашаніну ў выглядзе сімпатычнага парсючка, сала, пальцам піханыя каўбаскі… А таксама праверылі сваё шанцаванне ў бяспройгрышнай латарэі.
дожинки в Ворнянах5Міхалішкаўскі воз чаго толькі не прывёз у Варняны: і дажыначны сноп, і кошыкі, паўнюткія буракоў, морквы, бульбы, яблыкаў, журавін, і мяшкі з залатымі зярняткамі, і самавар, які дымеўся, грэючы ў сваім бліскучым пузе ваду для духмянай гарбаты!
дожинки в Ворнянах6Што ў калгасах і саўгасе працуюць сапраўдныя гаспадары – журы не сумнявалася. Лепшым падворкам адзінагалосна была прызнана сядзіба СВК “Варняны”. У намінацыі “Воз дастатку” гран-пры ўзялі міхалішкаўцы, першае месца дасталася СВК “Гервяты”, другое – СВК “Варняны”, трэцяе – саўгасу “Падольскі”.
дожинки в Ворнянах7

дожинки в Ворнянах8

дожинки в Ворнянах9…Да самага вечара Варняны спявалі галасамі лепшых артыстаў раёна, шумелі людскім натоўпам і ўсміхаліся шматлікімі рамесніцкімі вырабамі. А дождж, які акампаніраваў у гэты дзень раённым “Дажынкам”, нікога не спалохаў. Як казалі людзі на свяце – будзе добра сыпацца збожжа на наступны год у калгасныя засекі!

--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.