Гервятские хлеборобы лидируют на уборке урожая

Шкада, што гараджане, у адрозненне ад вяскоўцаў, не чуюць песень камбайнаў, якія ад узыходу сонца і да самага змяркання шчыруюць у полі. Выпеставаная сонцам залатая збажына падатліва схіляе свой колас перад хлебаробам, а неўтаймавальныя жаткі гектар за гектарам паглынаюць ячменныя, жытнёвыя і пшанічныя нівы, якія разрадзіліся добрым  ураджаем. Прынамсі на Астравеччыне хлебаробы з аднаго гектара сёлета намалочваюць больш чым на чатыры цэнтнеры мінулагодняга.





Першынства на раённым жніве ў сваіх руках трымаюць хлебаробы СВК “Гервяты”, дзе па стане на 5 жніўня абмалочана ўжо 34 працэнты калгасных ніў пры сярэднераённых 25 працэнтах. Камбайнеры кажуць, што так не працаваць – грэх! Само надвор’е шэпча: “Малаці, чалавеча!”


Слупок тэрмометра бліжэй да паўдня ўпэўнена імкнецца ўгору: толькі ў цяні тэмпература паветра больш за 30 градусаў. І так хочацца вырвацца з душных офісных памяшканняў на свежае паветра! А на вуліцы свежасцю і не пахне – пекла,адным словам.





Камбайнеры і вадзіцелі, якія адвозяць толькі што сабраны ўраджай да калгасных сушыльных установак, працуюць, што называецца, “пад небам” – і не схаваешся ў цяньку, і не ўцячэш ад спёкі. Добра, што сучасныя зернеўборачныя камбайны аснашчаны кандыцыянерамі.


Аднак такое спякотнае надвор’е аграрыям толькі на руку: вільготнасць зерня не падымаецца вышэй за 16 працэнтаў і амаль што не патрабуе дасушкі.





Большасць сушыльных установак у СВК “Гервяты”  працуе на дызельным паліве, адна – на газе. А дзве менш габарытныя і працаёмкія ЗСК-10 “кормяцца” дровамі. Толькі адна “ЛідАрай” за суткі даводзіць да патрэбнай кандыцыі ад 200 да 700 тон збожжа.


Сёлета ва ўборачнай кампаніі ў СВК “Гервяты” задзейнічаны 17 камбайнаў. На адвозцы зерня працуюць 14-16 аўтамабіляў. Уся тэхніка разбіта на чатыры вытворчыя звяны. Па словах галоўнага агранома Дзяніса Валер’евіча Кірпы, для іх гаспадаркі гэтай колькасці сельскагаспадарчых машын хапае, каб у хуткія тэрміны і без асаблівых страт правесці ўборку ўраджаю.





– Пачыналі ўбіраць слабейшыя ўчасткі – на пясчаных глебах збажына хутчэй даспявае –  пагэтаму і ўраджайнасць напачатку ўборкі збожжавых складала 45 цэнтнераў з гектара, – тлумачыць галоўны тэхнолаг гервяцкіх палёў. – Зараз абмалочваем лепшыя ўчасткі, адпаведна і ўраджайнасць павінна павялічыцца.






Гервятцы ўжо амаль справіліся з уборкай рапсу. На 5 жніўня план яго продажу дзяржаве гаспадарка выканала на 64 працэнты (287 тон). Ураджайнасць крыжакветкавага склала 31 цэнтнер з гектара.


– Мы не вельмі задаволены рапсам. Яго ўраджайнасць магла б быць  вышэйшай, – гаворыць Дзяніс Валер’евіч. – Зімоўка для гэтай культуры была неспрыяльная. Затое азімыя збожжавыя добра сыплюцца! Ураджайнасць – за 50 цэнтнераў з гектара.

Гервяцкія хлебаробы адзначылі, што за два-тры дні павінны закрыць план пастаўкі дзяржаве рапсу – а гэта 400 тон – і ўзяцца за пастаўку пшаніцы. Дарэчы, на яе сёлета самы вялікі дзяржзаказ – 1 900 тон.

Галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа расказаў пра адно ноу-хау ў сёлетняй структуры калгасных палёў. Плануецца, што азімае гібрыднае жыта, якое каласіцца на 215 гектарах, дасць на круг каля 80 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе гервятцы засеялі ім для пробы некалькі гектараў. Эксперымент апраўдаў сябе: ураджайнасць жыта склала небывалых 76 цэнтнераў з гектара. Зерне вільготнасцю каля  14 працэнтаў адразу засыпалі на склад.





За дзень хлебаробы СВК “Гервяты” абмалочваюць да пяці працэнтаў калгасных ніў і не збіраюцца скідаць абаротаў. Не паспявае ад’ехаць машына, на якой проста ў поле працаўнікам прывозяць смачны абед,  прыгатаваны рукамі калгасных гаспадынь, як камбайнеры хуценька заскокваюць у кабіны і заводзяць сэрцы КЗСаў, ЛІДАў, ПАЛЕССЯў…







І новы ўраджай, які трапіць на нашы сталы духмяным хлебам і залатаскурымі пульхнымі булачкамі, сыплецца золатам у дзяржаўныя засекі.


------------------------------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.