Делегат на V Всебелорусское народное собрание Наталья Урлик: "Быть делегатом – почётно и ответственно"
На ўсенародным вечы, якое пройдзе 22-23 чэрвеня ў Мінску, Астравецкі раён будуць прадстаўляць работнікі розных галін дзейнасці, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Аператар машыннага даення МТФ “Варняны” Наталля Станіславаўна Урлік – дэлегат V Усебеларускага народнага сходу.– Я ўпершыню буду прымаць удзел у мерапрыемстве такога маштабу. Калі на сходзе ўпаўнаважаных Астравецкага раёна па вылучэнні кандыдатур на народнае веча, які прайшоў 17 мая ў Астраўцы, пачула сваё прозвішча, то спачатку не паверыла, падумала, што абралі не мяне, а майго аднафамільца. Калі яшчэ раз агучылі прозвішчы і імёны дэлегатаў – зразумела, што менавіта я буду прадстаўляць Астравецкі раён і СВК “Варняны” на рэспубліканскім народным сходзе. Гэта вельмі пачэсная і ганаровая місія: даведацца адной з першых, які лёс чакае нашу краіну ў бліжэйшыя пяць гадоў.
Ужо восем гадоў я працую даяркай на МТФ “Варняны”. Разам з трыма аператарамі машынага даення мы доім каля двухсот кароў. Валавы надой малака на ферме з пачатку года склаў 447 тон. Як працаўніцу жывёлагадоўлі мяне цікавіць, у якім накірунку далей будзе развівацца сельскагаспадарчая галіна. Спадзяюся, што змяненні будуць толькі ў лепшы бок. Разам з мужам мы гадуем дачку Вікторыю і сына Кірыла. Як маму, мяне цікавіць яшчэ і сацыяльная сфера – у прыватнасці адукацыя і ахова здароўя.
Алена ГАНУЛІЧ
